Вы тут

Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў РФ выдаваць РБ Вадзіма Дубойскага

Вадзім Дубойскі / @navinyonline

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) 20 кастрычніка прыняў рашэнне па справе беларуса Вадзіма Дубойскага. Адвакат Дубойскага прасіў забараніць экстрадыцыю мужчыны з Расіі ў Беларусь, таму што на радзіме яго могуць чакаць катаванні. ЕСПЧ пагадзіўся з довадамі адваката і забараніў выдачу Дубойскага. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на сястру Вадзіма.

Сёння ў апеляцыйным судзе Масквы адбудзецца разгляд скаргі адваката Дубойскага на выдачу ў Беларусь.

Дубойскаму 31 год. Ён з Брэста, у жніўні 2020 года яго затрымалі і збілі. Пры гэтым пратакол на яго не складалі. Але, выйшаўшы з міліцыі, мужчына зняў пабоі. Пасля гэтага на яго завялі справу аб удзеле ў масавых беспарадках. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Увосень 2020 года Дубойскі з'ехаў у Расію. Праз паўгода яго там затрымалі па запыце беларускіх уладаў. 

У канцы верасня, не дачакаўшыся апеляцыйнага суда, брастаўчаніна ўжо ледзь не экстрадавалі ў Беларусь. Адвакат з памочнікам суддзі знайшлі Дубойскага ў Курску — гэта за 150 км ад Белгарада, дзе ён павінен быў знаходзіцца ў СІЗА. У следчых органах Расіі заўчасную экстрадыцыю назвалі "памылкай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.