Еўрапарламент ухваліў новую сістэму рэгістрацыі на межах "Шэнгена"

25 кастрычніка Еўрапарламент ухваліў новую сістэму рэгістрацыі ўезду і выезду на межах "Шэнгена". Яе падтрымалі 477 еўрадэпутатаў, 139 былі супраць, 50 устрымаліся. Адзначаецца, што новая сістэма дазволіць мець больш інфармацыі пра людзей з краін, якія не ўваходзяць у ЕС: пра іх уезд і выезд, пра адмову ва ўездзе і г. д.

У Еўрапарламенце заявілі, што сістэма, якая існуе на сённяшні дзень, патрабуе абнаўлення з-за праблем з бяспекай, а таксама з-за павелічэння колькасці людзей, якія прыязджаюць у Еўрасаюз. Мяркуецца, што новаўвядзенне дапаможа ўзмацніць і зрабіць больш хуткімі праверкі на межах. Новая сістэма мусіць дапамагчы выяўляць парушальнікаў, якія затрымліваюцца ў Шэнгенскай зоне больш за дазволены час, і тэрарыстаў.