Еўрадэпутаты пра Беларусь: рэпрэсіі і арышты — гэта не спосаб правесці выбары

Еўрадэпутаты пра Беларусь: рэпрэсіі і арышты — гэта не спосаб правесці выбары

Група дэпутатаў Еўрапарламента выступіла з заявай пра выбарчую сітуацыю ў Беларусі. Заяву падпісалі Андрус Кубілюс, Ганна Фатыга, Міхаэль Галер, Анджэй Вітальд Галіцкі, Сандра Калніетэ, Мірыям Лексман, Зігфрыд Мурэшан, Радаслаў Сікорскі, Віёла фон Крамон-Таўбадэль

Еўрапарламентары адзначаюць: "Падзеі апошніх тыдняў у Беларусі паказалі, што грамадзяне Беларусі хочуць пераменаў. Гэта пацвярджаюць і аб'ектыўныя апытанні — людзі хочуць змены ўлады, змены палітыкі". На думку еўрапейскіх палітыкаў, беларусы выразна паказваюць свой настрой на палітычныя перамены. 

Змены залежаць толькі ад саміх беларусаў, аднак Еўрасаюз гатовы дапамагчы нашай краіне на шляху да гэтых непазбежных пераменаў. "Змены могуць азначаць змену кіруючага кіраўніцтва, ці гэта могуць быць палітычныя змены, якія ажыццяўляюцца тымі, хто знаходзіцца ва ўладзе. Гісторыя сусветнай палітыкі дае нам некалькі прыкладаў, калі шматгадовыя лідары мудра прыслухоўваліся да мірна выказаных патрабаванняў пераменаў сваіх грамадзян, а самі ініцыявалі радыкальны зрух у сваёй палітычным парадку дня, каб задаволіць гэтыя патрабаванні", — гаворыцца ў заяве. 

Еўрадэпутаты лічаць, што для Беларусі зараз магчымыя абодва гэтыя сцэнары. 

Пры гэтым яны заўважаюць, што ў нашай краіне існуе выразны падзел паміж тымі, хто хоча захаваць статус-кво, і прыхільнікамі пераменаў. Выбар шляху павінен быць зроблены 9 жніўня. "Аднак магчымасць выбару беларускага народа на такіх свабодных і справядлівых выбарах шмат у чым залежыць ад асабістага рашэння А. Лукашэнкі. Ці будзе ў яго дастаткова мудрасці, каб выслухаць патрабаванні сваіх суграмадзян, ці ён вырашыць здушыць надзею на якія-небудзь змены недэмакратычнымі адміністрацыйнымі сродкамі або нават сілай", — перасцерагаюць аўтары заявы.

Яны прапануюць Лукашэнку паказаць, што ён чуе патрабаванні народа і зрабіць некалькі крокаў:

— спыніць пераслед палітыкаў, грамадзянскіх і апазіцыйных актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, а таксама вызваліць з-пад варты іх, Паўла Севярынца і іншых;

— дазволіць рэгістрацыю кандыдатаў, якія сабралі неабходную колькасць подпісаў, без якой-небудзь адміністрацыйнай перашкоды;

— забяспечыць роўныя ўмовы агітацыі, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, для ўсіх кандыдатаў;

— гарантаваць свабодны, справядлівы і празрысты выбарчы працэс;

— публічна паабяцаць прызнаць вынікі выбараў, якімі б яны ні былі;

— паабяцаць, што ў выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах ён забяспечыць свабодныя і дэмакратычныя парламенцкія выбары.

"Такая пазіцыя А. Лукашэнкі дазволіла б спадзявацца, што змяненне палітыкі ў Беларусі магчыма без змены асоб ва ўладзе", — мяркуюць еўрапейскія палітыкі.

У выніку іх і Еўрасаюз пойдзе на дадатковыя прэферэнцыі для Беларусі праз супрацоўніцтва і падтрымку Усходняга партнёрства. Пагатоў, што нашай краіне патрэбная падтрымка ва ўмовах пандэміі каранавіруса і яе эканамічных наступстваў.

"З іншага боку, калі А. Лукашэнка ў чарговы раз праігнаруе голас сваіх суграмадзян, як гэта было дагэтуль, і зноў абярэ другі варыянт, гэта значыць адмовіцца ад права на свабодны выбар адміністрацыйнымі маніпуляцыямі ці нават сілай, — мы зробім усё магчымае для таго, каб дэмакратычная супольнасць адказала максімальна жорсткай рэакцыяй асабіста А. Лукашэнку, яго палітычнаму атачэнню і рэпрэсіўным структурам.

Рэпрэсіі, запалохванне і арышты (у тым ліку членаў дэмакратычнай апазіцыі) — гэта не спосаб правесці выбары або аб'яднаць краіну, а ўсяго толькі цынічныя крокі, накіраваныя на ўтрыманне ўлады любым коштам", — перасцерагаюць еўрадэпутаты. 

Яны падкрэсліваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі могуць прывесці да адрасных санкцыяў супраць канкрэтных асобаў, а таксама паўплываюць на рашэнне ЕС наконт фінансавай дапамогі афіцыйнаму Мінску. 

"Беларусь — моцная і значная еўрапейская дзяржава. Моцныя дзяржавы не баяцца пераменаў. Перамены палохаюць толькі тых, хто слабы", — завяршаюць свой зварот еўрапарламентары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі