Еўрабачанне: Дакота з Кіркоравым супраць Ялфімава з уласнай песняй?

Еўрарадыё параўнала шанцы двух негалосных “фаварытаў” адбору на Еўрабачанне. Прадзюсер Ялфімава не бачыць у Дакоце саперніка. А спявачка прыме ўдзел у “Еўрафэсце”, толькі калі яе папросіць краіна.
Еўрарадыё вырашыла даведацца настрой фаварытаў, але Дакота нечакана прызналася, што ёй стаўляюць палкі ў колы:

Дакота: У мяне ўсё падрыхтавана для конкурсу. Але замест падтрымкі ад маёй краіны я бачу, што мне стаўляюць палкі ў колы. Кшталту таго, што я вінна камусьці даказваць, што я вартая прадстаўляць Беларусь. У мяне ёсць песня, гатовы нумар, ёсць бюджэт і спонсары. Але пакуль краіна сама не захоча, каб я паехала, я не паеду. Калі мне скажуць: “Дакота, мы бачым, што ты вельмі хочаш, калі ласка, паедзь на конкурс, мы ў цябе верым”. А пакуль толькі адваротнае. А які тады сэнс мне зараз змагацца, каб прадстаўляць краіну, якая не хоча мяне бачыць на конкурсе?

Як даведалася Еўрарадыё, у Дакоты ёсць вельмі моцны козыр, імя якому — Філіп Кіркораў:

Дакота: У Расіі людзі мяне падтрымліваюць, дапамагаюць падрыхтавацца. Гэта ў тым ліку і Філіп Бядросавіч. Я з’яўляюся чалавекам Першага канала! Не падтрымлівае мяне толькі мая краіна. У мяне ёсць перавага перад астатнімі ўдзельнікамі: толькі што скончыўся гастрольны тур па ўсім свеце, пра мяне даведалася ўся Еўропа. З такім досведам я перастала баяцца сцэны, і зараз мне падуладныя любыя пляцоўкі.

Музычны эксперт Алег Клімаў лічыць, што Еўрабачанне нарэшце вышла па-за межы аднаго толькі шоў і зараз самы час праявіць сябе сур’ёзным спевакам. Такім, як Пётр Ялфімаў.

Алег Клімаў: Калі ставіцца пытанне, хто з гэтых двух, я б Ялфімава, канешне, адправіў. Клоўнства неяк заціхла на Еўрабачанні, і зараз ужо могуць перамагчы спевакі з сур’ёзным рэпертуарам, дзе ідзе не іміджавы пасыл, а вакальны.

Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі ўвогуле не ведае, хто такая Дакота, ён ставіць на Ялфімава.

Зміцер Падбярэзскі: Хто такая Дакота, я, шчыра кажучы, не ведаю. Зусім! І, магчыма, дзякаваць Богу. А Пятра Ялфімава ведаю вельмі даўно. Вельмі прафесійны спявак, і ў яго ёсць шанцы. Нават калі параўнаць са “Славянскім базарам”, “Еўрабачанне” – гэта не той конкурс, на які яму варта было б ірвацца.

На думку эксперта Змітра Безкаравайнага, Ялфімаву будзе больш цяжка атрымаць перамогу, чым Дакоце. Але менавіта Ялфімава ён жадаў бы бачыць у Маскве.

Зміцер Безкаравайны: Любы з гэтых прадстаўнікоў лепшы за Агурбаш і Аляхно. Калі разглядаць іх паасобку, без камандаў і прадзюсераў, то Ялфімаў цікавейшы. Ён дарослы, свядомы чалавек, а не маладая дзяўчынка, якая будзе моцна залежаць ад таго, у які бок яе павернуць. Калі ж разглядаць Дакоту разам з камандай, то ў яе высокія шанцы. Асабліва калі яе падрыхтоўкай зоймецца Расія, калі не схалтураць, як з Падольскай, напрыклад. Я за Пецю яшчэ і таму, што колькі можна спадзявацца на нейкіх заезных артыстаў?

Цікава, што прадзюсер Ялфімава Таццяна Касмачова не разглядае Дакоту як саперніка:

Таццяна Касмачова: Што такое Еўрабачанне? Гэта не сольнік! Гэта ўсяго толькі выканаць адну-адзіную песню ў вялікім канцэрце. Тое, што нашым галоўным сапернікам называюць Дакоту - глупства. Я яе ўвогуле не разглядаю як раўнапраўнага саперніка, мне гэта смешна! У нас гатовая песня, нам яна вельмі падабаецца і нам не патрэбна чужая. Гэта аўтарскі твор Пятра. Ён валодае англійскай мовай, і песня будзе выконвацца на англійскай і рускай мовах.

Нагадаем, што заяўкі на адбор для Еўрабачання можна падаваць да 21 лістапада.

Фота — musicstar.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі