ЕС заменіць у Полацку ліхтары, а Браслаў зробіць “кліматычна нейтральным”

26 лютага кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора назвала гарады, праекты якіх у галіне энергазберажэння сёлета атрымалі еўрапейскае фінансаванне.
 
Майра Мора: “Браслаў, Полацк і Чавусы атрымаюць 2 мільёны 360 тысяч еўра на рэалізацыю сваіх мясцовых планаў па ўстойлівым энергазберажэнні”.
 
                               Майра Мора
 
Што гэта за праекты? Так, у Полацку, распавядае Еўрарадыё кіраўнік групы па ўстойлівым энергазберажэнні Анастасія Адамовіч, на грошы Еўрасаюза праводзіцца энергаэфектыўная мадэрнізацыя ўсяго гарадскога асвятлення Полацка.
 
 
Дырэктар “Чавускага жылкамгаса” Сяргей Папкоў  кажа, што фінансаванне ЕС выйграў іх праект, мэта якога — зберажэнне вады.
 
                                               Сяргей Папкоў
 
А Браслаў увогуле плануе стаць першым у Беларусі кліматычна нейтральным раёнам.
 
“Прааналізаваўшы сітуацыю ў Браславе ў межах іншага праекта, які таксама быў падтрыманы Еўрасаюзам, мы прыйшлі да высновы, што Браслаў з цягам часу можа стаць першым у Беларусі рэгіёнам з нулявымі выкідамі. Гэта азначае, што рэгіён будзе выкідваць максімальна мала, а тое, што будзе выкідваць, можа кампенсавацца за кошт нейкіх іншых мерапрыемстваў. Да прыкладу, за кошт пасадкі дрэў ці яшчэ неяк”, — распавядае кіраўнік энэргетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Буронкін.
 
                                          Дзмітрый Буронкін
 
Безумоўна, ЕС не цалкам фінансуе гэтыя праекты. Але ўнёсак беларускага боку складае ўсяго 20% ад агульнай сумы. 
 
Прычым, прызнаецца намеснік старшыні Дзяржстандарта, дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Сяргей Сямашка, у іх ужо ёсць вялікія планы на грошы Еўрасаюза. Маўляў, амбіцыйных праектаў ў іх хапае — былі б грошы на іх рэалізацыю.
 
Сяргей Сямашка: “Выкарыстанне аднаўляльнай энергетыкі для аграгарадкоў — гэта мог бы быць пілотны праект такога кшталту. Да прыкладу, у Вене рэалізуецца праект “разумнага горада” вялікі, а ў нас быў бы маленькі — на ўзроўні аграгарадка. Дзе мы маглі б выкарыстоўваць сонечную энергетыку, энергетыку ветру для задавальнення патрэб у энергіі гэтага невялікага населенага пункта”.
 
                                           Сяргей Сямашка і Майра Мора
 
А колькі ўвогуле грошай дае Еўрасаюз на розныя праекты ў Беларусі, цікавіцца Еўрарадыё ў Майры Моры.
 
Майра Мора: “Аб’ём штогадовай дапамогі Еўрасаюза Беларусі пастаянна расце, і цяпер мы маем каля 20 мільёнаў еўра ў выглядзе двухбаковых кантрактаў. Апроч таго, Беларусь — удзельніца праграмы “Усходняе партнёрства”. Адпаведна, яна ўдзельнічае ў шматлікіх рэгіянальных праграмах у галіне абароны навакольнага асяроддзя, энергетыкі, кіравання межамі, культуры, навукі, абмену спецыялістамі і гэтак далей. А гэта яшчэ каля 10 мільёнаў еўра ў год”. 
 
Дарэчы, згаданыя праекты фінансуюцца ў межах праграмы ЕС “Пагадненне мэраў — дэманстрацыйныя праекты Усходняга партнёрства”. цікава, што ў гэтай праграме, праз якую можна атрымаць фінансаванне ЕС на свае мясцовыя праекты па ўстойлівым энергазберажэнні, удзельнічаюць толькі 11 беларускіх гарадоў. І яшчэ 2 знаходзяцца ў падвешаным стане — заяўку на ўступленне падалі, але свой энергазберагальны праект за адпушчаныя на гэтую справу 1,5 года так і не распрацавалі.
 
 
Фота: Змітра Лукашукаpolack.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі