ЕС разглядае 4 стратэгіі па Беларусі, аж да "замарозкі" адносін

Кіраўнікі дыпмісій ЕС на сустрэчы з роднымі палітвязняў Беларусі / facebook.com/EUinBelarus
Кіраўнікі дыпмісій ЕС на сустрэчы з роднымі палітвязняў Беларусі / facebook.com/EUinBelarus

Еўрасаюз разглядае 4 варыянты палітыкі ў дачыненні да Беларусі, паведамляе "Радыё Свабода". У распараджэнні рэдакцыі аказаўся дакумент, дзе прапісаныя ўсе магчымыя стратэгіі.

Дакумент быў складзены ў канцы мінулага года ў Мінску на сустрэчы амбасадараў 16 дзяржаў Еўрасаюза і кіраўніка прадстаўніцтва ЕС. Мяркуецца, што ён будзе разгледжаны ў Брусэлі найбліжэйшым часам.

Першая стратэгія пад умоўнай назвай "Пачакай і паглядзі" прадугледжвае захаванне status quo. Гэта значыць, ЕС застаецца на пазіцыі, што выбары 9 жніўня 2020 года не былі "ні свабоднымі, ні сумленнымі" і што Аляксандру Лукашэнку "не хапае дэмакратычнай легітымнасці". Гэты сцэнар у дакуменце ахарактарызаваны як "паступовы падыход да санкцый".

Другая стратэгія — "Прагматычная роўнааддаленасць" — прадугледжвае інтэнсіўнае дыпламатычнае ўздзеянне.  Гаворка ідзе ў тым ліку пра дыялог з рэжымам і спробу знешняга ціску на Мінск разам з Расіяй і ЗША, а таксама пра "стварэнне спецыяльнай кансультацыйнай місіі Еўрасаюза або пасаду спецыяльнага прадстаўніка ЕС для Беларусі".

У якасці магчымага разглядаецца і варыянт "Істотнага пагаршэння адносін". Ён прадугледжвае значнае пашырэнне спісу асоб і арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, а таксама зніжэнне ўзроўню дыпламатычных адносін да мінімуму. Акрамя таго, у рамках гэтай стратэгіі краіны ЕС могуць наважыцца і на "завядзенне крымінальных і іншых спраў па нацыянальным заканадаўстве ў дзяржавах — удзельніцах ЕС супраць вінаватых у катаваннях і бесчалавечным абыходжанні". Прадугледжанае таксама стварэнне на падставе Маскоўскага механізму АБСЕ Міжнароднага трыбунала па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Нарэшце, чацвёртая стратэгія прадугледжвае "Амаль поўнае замарожванне адносін". Гэта самы жорсткі варыянт. Ён прадугледжвае разрыў дыпламатычных адносін, увядзенне новых санкцый. Беларусь можа чакаць таксама забарона на продаж еўрааблігацый, мараторый на ўдзел краіны ў структурах "Усходняга партнёрства", а таксама афіцыйнае прызнанне ўрада ў выгнанні. 

У падрыхтаваным дакуменце ёсць таксама і крокі, якіх у ЕС чакаюць ад беларускіх уладаў для аднаўлення "змястоўнага дыялогу з Еўрасаюзам". Мінск павінен перш за ўсё спыніць "любыя рэпрэсіі і парушэнне правоў чалавека, пераслед прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці", а таксама вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя і сумленныя выбары пад наглядам АБСЕ.

Калі гэтыя ключавыя патрабаванні ЕС не будуць выкананыя, на думку еўрапейскіх дыпламатаў, Брусэлю варта разгледзець пытанне аб пашырэнні санкцый.

7 лютага кіраўнікі дыпмісій ЕС сустрэліся ў Мінску са сваякамі беларусаў, загінулых на пратэстах, а таксама з роднымі некалькіх палітвязняў. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель казаў, што недапушчальна пераследаваць і забіваць людзей толькі за тое, што яны мірна патрабавалі выканання сваіх асноўных правоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі