ЕР "Любoff "ад гурта Discowox: каб слухач напяваў і не задумваўся

Каманда на чале з Габрыэлем Купатадзэ ўжо добра вядомая клубнай тусоўцы па кавер-праекту “Gabriel & Acoustic Blues”. Цяпер музыканты  вырашылі прадставіць і аўтарскую праграму, да таго ж, замяніўшы назву на Discowox.

Апроч загалоўнай кампазіцыі, на міньён “Любoff” трапілі тры бонус-трэкі — англамоўная “Furia roja”, ды дзве кампазіцый на рускай мове “Серые камни” і “Джулия song”. Запіс альбома рабіўся ў мінскай студыі “Селах”, а вось звядзенне і майстарынг пласцінкі было вырашана даверыць кіўескаму гукарэжысёру Змітру Іванею. Як распавёў Еўрарадыё лідар каманды Габрыэль Купатадзэ, ЕР “Любoff” — анонс будучага дэбютнага альбома, матэрыял для якога ўжо цалкам гатовы, але з-за падзеяў у Кіеве працу над ім давялося часова прыпыніць.

“Задумка праекта — ствараць музыку, якую б хацелася слухаць. Каб чалавек паставіў гэтыя песні сабе ў плэй-ліст ці хацеў лішні раз напець і не задумваўся, гэта фанк, рок, балада ці нешта яшчэ, — тлумачыць Габрыэль. — Таму на пласцінцы ў прынцыпе будуць прадстаўленыя розныя стылі. Для нас гэта пэўны эксперымент — мы паглядзім на рэакцыю слухачоў і другі альбом створым ужо больш канцэптуальным”.

Усе кампазіцыі альбома напісаныя вакалістам Габрыэлем сумесна з бубначом каманды Сяргеем Штэндарам. Для пласцінкі ўжо гатовыя 10 кампазіцый ды, магчыма, дададуцца яшчэ 5. Рэліз запланаваны на кастрычнік 2014 года. Тады ж пройдзе і канцэртная прэзентацыя альбома. Але, каб не чакаць восені, музыкі вырашылі прыадкрыць завесу ды прадставіць усе кампазіцыі будучага альбома 6-га сакавіка падчас прэзентацыі ЕР “Любoff” у клубе Coyote.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі