Экстрадаваць нельга дэпартаваць: чаму Беларусь адпраўляе іранца на смерць

Мехрдад Джамшыдзіян з жонкай Аленай (злева) / фота з архіва сям'і
Мехрдад Джамшыдзіян з жонкай Аленай (злева) / фота з архіва сям'і

Беларускія органы па грамадзянстве і міграцыі прынялі рашэнне аб дэпартацыі іранца Мехрдада Джамшыдзіяна. На радзіме яго абвінавачваюць у падвойным забойстве. Акрамя таго, насуперак законам ісламскай рэспублікі, мужчына прыняў у Беларусі хрысціянства. За гэта яму пагражае смяротнае пакаранне.

Мехрдад сцвярджае, што іранскія ўлады сфальсіфікавалі абвінавачанне ў забойствах. Ён лічыць, што яго праследуюць па палітычных матывах.

За апошнія некалькі гадоў іранскія ўлады неаднаразова звярталіся да Беларусі з просьбай аб экстрадыцыі Джамшыдзіяна, але беларуская Генпракуратура адмаўляла. Цяпер грамадзяніну Ірана ўсё ж прыйдзецца з'ехаць: яго вырашылі дэпартаваць за парушэнне рэжыму знаходжання ў Беларусі.

СМІ і праваабаронцы пішуць, што Беларусь фактычна пасылае Мехрдада Джамшыдзіяна на верную смерць. Пагроза сапраўды настолькі сур'ёзная? Ці можна ў такім выпадку пакараць іранца за дапушчаныя парушэнні, не дэпартуючы з нашай краіны?

І нарэшце: іранскія следчыя сцвярджаюць, што супраць Мехрдада сабраныя важкія доказы, — чаму ж яго не экстрадуюць з Беларусі як патэнцыйнага забойцу, а дэпартуюць у Іран за адміністрацыйнае правапарушэнне? Еўрарадыё спрабуе разабрацца ў гэтай складанай сітуацыі, у якой да трагедыі застаўся адзін крок.

"Мне няма чаго хаваць, я не забіваў"

Мехрдад Джамшыдзіян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе і першапачаткова не планаваў затрымлівацца надоўга, але сустрэў тут будучую жонку Алену і застаўся. Ужо ў 1994 годзе нарадзілася Катрына, старэйшая дачка сям'і Джамшыдзіян.

"Мае бацькі ў шлюбе ўжо шмат гадоў. Яны для мяне — гэта прыклад шчаслівай і моцнай сям'і", — кажа 19-гадовая Дыяна, малодшая дачка Мерхдада.

Экстрадировать нельзя депортировать: почему Беларусь отправляет иранца на смерть
Малодшая дачка Мехрдада Дыяна Джамшыдзіян / Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Беларускае грамадзянства Мехрдад атрымаць не змог. Па словах праваабаронцы Насты Лойка, сям'я не магла здымаць кватэру па дамове, таму ў Джамшыдзіяна не было рэгістрацыі. У 2011 годзе беларускія праваахоўнікі на год дэпартавалі яго ў Іран з-за незаконнага знаходжання ў краіне.

У 2012 годзе, калі Джамшыдзіян вярнуўся ў Беларусь, Іран запрасіў яго экстрадыцыю. На радзіме яго абвінавацілі ў забойстве роднага брата Ісмаіла і маці Азам, якое адбылося ў той час, калі Мехрдад знаходзіўся ў Іране. Ісмаіл быў удзельнікам іранскай апазіцыі і сябрам партыі "Зялёная рэвалюцыя". Яго разам з маці знайшлі замураванымі ў сцяну. За двайное забойства ў Іране могуць асудзіць да смяротнага пакарання.

Дыяна памятае той дзень, калі яе бацьку паведамілі пра забойства маці і брата:

"Я тады прыйшла дадому, а бацька сядзеў са слязамі на вачах. Мама распавяла, што забілі бабулю і дзядзьку. Тата вельмі моцна перажываў. Літаральна праз пару дзён Іран выслаў дакументы ў Беларусь, і бацьку затрымалі. Тады ён сказаў: "Не хвалюйцеся. Я пайду, бо мне няма чаго хаваць, я не забіваў".

Бацька правёў у зняволенні каля года. Беларусы запыталі інфармацыю, на якой падставе яго варта выдаваць. Іран не выслаў неабходныя дакументы. Беларусь больш не магла трымаць бацьку ў зняволенні, яго адпусцілі".

Экстрадировать нельзя депортировать: почему Беларусь отправляет иранца на смерть
Фота Рамана Пратасевіча / Еўрарадыё
Экстрадировать нельзя депортировать: почему Беларусь отправляет иранца на смерть
Мехрдад Джамшыдзіян ў 2016 годзе / Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Новае затрыманне

Яшчэ ў 2000-х Мехрдад адрокся ад ісламу і прыняў хрысціянства. Падчас першай дэпартацыі з Беларусі ў 2011 годзе ў Іране пра гэта не ведалі. За вераадступніцтва ў Іране таксама пагражае смяротнае пакаранне. У 2016 годзе Мехрдад спрабаваў атрымаць у Беларусі статус бежанца, але яму адмовілі. У 2017 годзе тое, што на радзіме Джамшыдзіяна чакаюць катаванні і смерць, прызнаў Камітэт па правах чалавека ААН.

Па словах Дыяны, у 2016 годзе ў Мехрдада скончыўся тэрмін дзеяння іранскага пашпарта, таму ён не мог працягнуць рэгістрацыю ў Беларусі. Ісці ў іранскае пасольства, каб атрымаць новы пашпарт, мужчына баяўся. У чэрвені 2018 года беларуская міліцыя затрымала яго за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.

Дзевяць месяцаў Джамшыдзіян правёў у ІЧУ. Там ён пачынаў галадаць, але сям'я праз адваката папрасіла яго гэтага не рабіць.

"7 сакавіка [2019 г.] мы прыйшлі ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі, і нам сказалі, што Іран даслаў пацвярджэнне таго, што бацька з'яўляецца грамадзянінам Ірана. Было прынятае рашэнне аб дэпартацыі. Я прасіла, я сядзела і плакала, была вельмі засмучаная. Гэта быў шок: праз дзевяць месяцаў даведацца, што Іран ўсё-ткі даслаў дакументы.

Добра, няхай гэтая дэпартацыя будзе, мы будзем рабіць усё што ў нашых сілах, мы будзем абскарджваць, падаваць у вышэйшыя інстанцыі. Але я прасіла адпусціць бацьку хоць бы на час, каб ён пабыў з намі".

Адзіны выхад — прасіць прытулку ў іншай краіне

Экстрадировать нельзя депортировать: почему Беларусь отправляет иранца на смерть

Па словах Алеся Міхалевіча, Беларусь мае права дэпартаваць Мехрдада не толькі ў Іран, але і ў іншую краіну. Але тут ёсць перашкода: у іранца няма дзеючага пашпарта, па якім ён мог бы перасекчы мяжу іншай дзяржавы.

"Адсутнасць пашпарта — істотнае абмежаванне. Адзіны для яго выхад — гэта з'ехаць у суседнюю краіну і прасіць там палітычнага прытулку. Але ён знаходзіцца пад вартай, гэта таксама абмежаванне. Аднак у тэорыі яго павінны выслаць праз нейкую іншую краіну ў Іран, таму што прамых рэйсаў паміж Мінскам і Тэгеранам няма".

Праваабаронца Наста Лойка распавяла Еўрарадыё, што Беларусь запрасіла ў Расіі дазвол на транзіт.

"У такім выпадку яго павінны суправадзіць на рэйс у Расію, але тут узнікае пытанне, як яго сустрэнуць там, — працягвае Міхалевіч. — У тэорыі, сустракаць яго пад вартай там не маюць права. Але на практыцы можа быць інакш. Часта Беларусь і Расія выкарыстоўваюць дэпартацыю, каб дэ-факта ажыццявіць экстрадыцыю.

У краіны заўсёды ёсць розныя выхады. Я не бачу праблемы, каб Беларусь проста давезла яго да ўкраінскай, польскай або літоўскай мяжы, каб ён папрасіў там палітычнага прытулку. Беларусь спакойна можа яго выпусціць, выдаць разавы або не разавы дакумент, каб ён прайшоў мяжу".

Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС пацвердзіў Еўрарадыё, што рашэнне аб дэпартацыі прынятае, але ад далейшых каментарыяў адмовіўся. Рашэнне яшчэ можа быць абскарджанае. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказалася у абарону Джамшыдзіяна і заклікала Беларусь не высылаць яго ў Іран.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі