Эксперты: Жанчыны даганяюць мужчын па колькасці выпітага алкаголю

Італьянская піўная асацыяцыя AssoBirra сцвярджае, што ў Італіі больш жанчын п’юць піва, чым у Вялікабрытаніі, а таксама больш, чым у Ірландыі і Германіі, якія славяцца сваімі піўнымі традыцыямі. Цяпер пенны напой п’юць шэсць з дзесяці італьянак. А калісьці было інакш, адзначае The Local:

“Альберта Фраўсін, прэзідэнт AssoBirra, кажа, што стаўленне жанчын да піва кардынальна памянялася з 1980 года, калі яны крывілі грымасу ад смаку піва і хваляваліся, што гэта дадасць ім тлушчу. Знайсці жанчыну, якая б любіла піва, у той час было немагчыма”.

Што праўда, калі ўзяць колькасць піва, выпітага за год, то на адну італьянку прыходзіцца толькі 14 літраў. У той час як сярэдняя ірландка выпівае ў год 64 літры, іспанка і чэшка — 56, немка і руская — 40, а брытанка — 22.

Аднак усё больш і больш сведчанняў, што жанчыны сталі ў прынцыпе больш выпіваць. А чаму так адбываецца, разважае на старонках CNN прафесар псіхалогіі Пэгі Дрэкслер:

“Алкаголь, безумоўна, грае ключавую ролю ў многіх працоўных функцыях. Забаўляльная праграма з’яўляецца адным са спосабаў канкурэнцыі, а размовы пасля працы з’яўляюцца важнай часткай прафесійнай культуры. Многія, хто не ўдзельнічаюць у іх, адчуваюць сябе абдзеленымі і нават прафесійна пакутуюць”.

Сапраўды, паводле некаторых даследаванняў рух у бок гендарнай роўнасці прымушае жанчын больш піць, “як мужчыны”, што неабходна для працоўных зносін. Іншае даследаванне, праведзенае Універсітэтам Цынцынаці, і ўвогуле дае нечаканыя вынікі: замужнія жанчыны п’юць нават крыху больш, чым незамужнія. Алкаголь дапамагае ім узгадаць цікавую і актыўную маладосць.

У той жа час канадскія эксперты лічаць, што хутка жанчыны дагоняць мужчын-равеснікаў па выпітым алкаголі. А больш піць жанчыны сталі пасля таго, як алкагольныя кампаніі скіравалі на іх сваю маркетынгавую палітыку. Напрыклад, пачалі вырабляць “дыетычныя” лікёры, якія адразу ж зацікавілі жанчын, што дбаюць аб сваім здароўі.

“Усё больш і больш пад уздзеянне алкагольнай рэкламы падпадаюць маладыя людзі, а не дарослыя. Гэта магчымасць… прастора для росту вытворчасці”, — кажа Дэвід Джэрніган, кіраўнік Цэнтра даследавання алкаголю і моладзі (ЗША).

Цікава, што ў Беларусі, як і ў астатнім свеце, таксама змяншаецца розніца паміж колькасцю мужчын і жанчын, якія п’юць “больш, чым трэба”. Паводле статыстыкі, кожны пяты, альбо 40 тысяч, хворы на алкагалізм у Беларусі — жанчына, хаця яшчэ пяць гадоў таму гэта лічба была ў 4 разы меншая.

Фота: candidatecities.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі