Эксперты: Сяброўскія адносіны з Расіяй не гарантуюць бяспекі яе суседзям

Анексія Расіяй Крыма і яе сённяшняя роля ва ўкраінскіх падзеях напалохалі не толькі найбліжэйшых суседзяў Расіі, але і ўсё NATO. Нават тыя, хто яшчэ ўчора скоса глядзеў на натаўскія войскі на сваёй тэрыторыі, цяпер самі просяць павялічыць іх колькасць. Такое нечаканае прызнанне робіць эстонскі генерал Антс Ляянеотс падчас канферэнцыі “Выклікі Украіны і рэгіянальнае супрацоўніцтва Захад—Усход у кантэксце Беларусі”.

Антс Ляянеотс: “Мы цяпер усе напалоханыя. Калі спадар Пуцін будзе мець поспех ва Украіне, то наступным крокам, па логіцы, будуць Прыднястроўе і Малдова. Калі там будзе поспех, то, напэўна, дабяруцца да нас. Хоць мы належым да NATO і Еўрасаюза. Таму мы папрасілі, каб тут перманентна былі натаўскія часткі. Цяпер яны тут часова, але мы будзем дабівацца, каб тут былі і ваенна-паветраныя сілы, і сродкі ПВА, і, калі гэта магчыма, нейкія падраздзяленні і часткі сухапутных войскаў. Бо гарантый наконт паводзінаў нашага ўсходняга суседа ў нас ніякіх няма”.

                                             Генерал Антс Ляянеотс

Праўда, прызнаецца генерал, зусім ужо нечаканасцю паводзіны Расіі для вайскоўцаў і палітычнага кіраўніцтва Эстоніі не сталі. “Першы званочак” будучай небяспекі прагучаў, прыгадвае Антс Ляянеотс, у 2001 годзе, калі Масква аб’явіла постсавецкую прастору “сферай асаблівых нацыянальных інтарэсаў Расіі”.

Антс Ляянеотс: “І цяпер мы бачым, што пасля таго адбыліся два напады на постсавецкія дзяржавы. Спачатку Грузія. Дзяржава, якая нават у СНД уваходзіла. Гэта тое самае, што ўнутры NATO адна краіна на іншую нападзе. А цяпер — падзеі, звязаныя з Украінай”.

Асабліва насцярожвае натаўскіх вайскоўцаў тое, прызнаецца эстонскі генерал, што Расія пачала карыстацца новай ваеннай тактыкай: спачатку масіраваная інфармацыйная вайна, потым — актывізацыя ў рэгіёне прарасійскай “пятай калоны”, затым — з’яўленне на тэрыторыі краіны “зялёных чалавечкаў”, якія прыйшлі бараніць рускіх, і як вынік — рэферэндум па прыкладзе крымскага.

З тым, што цяпер існуюць пагрозы з боку Расіі нават для яе найлепшых сяброў, канстатуе і беларускі эксперт Андрэй Паратнікоў.

Андрэй Паратнікоў: “Праблемай ў тым, што Расія ўварвалася, па сутнасці, у сяброўскую краіну. А гэта азначае, што ніхто не застрахаваны, якім бы ўзровень адносінаў з Масквой ні быў, ніхто з былых савецкіх рэспублік не можа сказаць, што ён у абсалютнай бяспецы. Стала цалкам зразумела, што ні адна з постсавецкіх межаў не з’яўляецца недатыкальнай. Ніякія міжнародныя гарантыі бяспекі ў нашым рэгіёне больш не дзейнічаюць — у роўнай ступені паперкамі аказаліся і гарантыі Захаду, і тыя гарантыі Расіі, якія замацаваныя ў міжнародна-прававых дакументах. У нашым выпадку я зыходжу з таго, што Беларусь і Расія саюзнікамі не былі, не ёсць і ніколі не будуць. Гэта немагчыма па вызначэнні — розныя вагавыя катэгорыі краін, розны характар амбіцый”.

                               Андрэй Паратнікоў

Эксперт таксама звяртае ўвагу на новую тактыку Крамля і перасцерагае:

“Любы ўціск (запланаваны ўціск на суседнюю краіну — Еўрарадыё) патрабуе папярэдняй апрацоўкі грамадскага меркавання. Таму вельмі важна маніторыць расійскую інфармацыйную прастору, каб заўважыць: як толькі такі накат інфармацыйнай вайны на вашую краіну пачаўся — набліжаюцца з пэўнай адтэрміноўкай у паўгода-год, калі пашанцуе — два, сур’ёзныя праблемы”.

Але нават калі ставіцца да ваеннай пагрозы з боку Расіі як да немагчымай, то ўсё адно канфлікт ва Украіне пагражае Беларусі досыць сур’ёзнымі праблемамі ў найбліжэйшы час.

Андрэй Паратнікоў: “Рэгіён будзе запоўнены зброяй, і куды гэта зброя пойдзе далей — пытанне адкрытае. Мы сутыкаемся з тым, што ў нас амаль 1300 кіламетраў мяжы з Расіяй, якая з нашага боку ўвогуле ніяк не ахоўваецца”.

Канфлікт ва Украіне паставіў крыж на яе сяброўскіх адносінах з Расіяй, і “ўкраінскія дзверы” для Масквы на Захад закрыюцца. Нават калі Расіі ўдасца “адарваць” ад Украіны ўсходнія рэгіёны. Адпаведна, для ўсходняга суседа ўзрастае “геапалітычны кошт” Беларусі. Што робіць з нашай краіны патэнцыйную мішэнь для вайскоўцаў Захаду, сцвярджае ваенны эксперт Аляксандр Алесін. А калі ўлічыць, што ад беларускай мяжы да Кіева — 180 кіламетраў…

Аляксандр Алесін: “Роля Беларусі як патэнцыйнага стратэгічнага плацдарма Расіі вырасла ў шмат разоў. Адпаведна, і стаўленне да нас будзе як да патэнцыйнай цэлі. І не трэба забывацца, што Расія павялічвае вайсковую прысутнасць у Беларусі — да канца 2014 года ў нас з’явіцца расійскі авіяцыйны полк, укамплектаваны шматмэтавымі самалётамі СУ-27 СМ-3 — яны здольныя наносіць удары па зямлі і несці тактычную ядзерную зброю”.

                                               Аляксандр Алесін

Тое, што праз канфлікт ва Украіне Беларусь робіцца ледзь не адзінымі дзвярыма ў Еўропу для Расіі, добра разумеюць і ў Маскве, папярэджвае Алесін. Па яго словах, мы апынаемся ў сітуацыі, калі любы сур’ёзны рух нашай краіны ў бок Еўрасаюза можа прывесці да паўтору “крымскага сцэнару” на беларускай зямлі.

   Беларускі генерал Валерый Фралоў і яго калега з Эстоніі генерал Антс Ляянеотс

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі