Экспертка: мэта Расіі — замацавацца на тэрыторыі Беларусі, пакуль ёсць Лукашэнка

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / РБК
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / РБК

— Цяпер гэта адзін навучальны цэнтр, а чаму б заўтра другі не з'явіўся альбо трэці? Такім чынам паступова адбываецца павелічэнне колькасці расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі, пра якое мы можам нават і не ведаць, — лічыць дырэктарка па даследаваннях міжнароднай бяспекі Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі iSANS Марыя Аўдзеева.

Еўрарадыё ў жывым эфіры абмеркавала з эксперткай наступствы стварэння расійскіх навучальна-баявых цэнтраў у Беларусі і іх пагрозу для суверэнітэту краіны і заходніх суседзяў.

Эксперт: Цель России — закрепиться на территории Беларуси, пока есть Лукашенко
Марыя Аўдзеева / фэйсбук

Чым займаюцца на базах расійскія вайскоўцы?
 

Навучальна-баявыя цэнтры ствараюць магчымасці для таго, каб туды пастаянна ездзілі расійскія вайсковыя спецыялісты. Але мы не ведаем, чым яны там будуць займацца, звяртае ўвагу Аўдзеева:

— Калі гэта не афіцыйная вайсковая база, то яны не абавязаныя даваць справаздачу, колькі чалавек туды прыехала, якія там ёсць лагістычныя магчымасці і ў прынцыпе якая іх роля акрамя таго, што яны там навучаюць беларускіх вайскоўцаў.

Расія пераследуе мэту "замацавацца" ў Беларусі, пакуль там ёсць Лукашэнка. Ён слабы, аказвае падтрымку. У адказ на гэтую падтрымку, на тое, што ён прадае частку суверэнітэту Беларусі, ідуць дамоўленасці пра тое, каб павялічыць вайсковую прысутнасць у Беларусі, пра эканамічнае зрошчванне. Фактычна гэта паўзучая анексія. Але гэта ўсё трэба зрабіць так, каб потым гэта было складана адыграць. Каб, калі зменіцца Лукашэнка, наступны, хто прыйдзе, не мог адмяніць гэтыя дамоўленасці.

На думку Аўдзеевай, сталая вайсковая прысутнасць у Беларусі таксама дае Расіі геапалітычны рычаг у размовах з Захадам. Расія спрабуе паказаць, што Беларусь — гэта сфера прыярытэтнага інтарэсу.

— Маўляў, мы тут можам уплываць на сітуацыю, а акрамя нас тут ніхто нічога не разумее, дайце нам паўнамоцтвы — мы тут самі разбяромся, гэта наогул спрадвечна наша тэрыторыя, мы ведаем, як навесці тут парадак.

Тое самае Пуцін спрабаваў у дачыненні да Украіны зрабіць. Не вельмі атрымалася, але тым не менш наступствы для Украіны такія, якія мы сёмы год спрабуем перамагчы, — дадае Марыя.

Эксперт: Цель России — закрепиться на территории Беларуси, пока есть Лукашенко
Вучэнні "Захад-2021" / БЕЛТА

Пагроза для ЕС і Украіны
 

— Наўмысна падымаецца градус напружання, таму што ЕС і Украіна не могуць не рэагаваць на тое, што расійская база фактычна будзе створаная блізка да іх межаў. Улічваючы яшчэ тое, што ў Крыме і на ўсходзе Украіны вялікая колькасць расійскага ўзбраення, тэрыторыя Украіны апынаецца ў поўнай даступнасці для расійскіх сродкаў ППА.

Заходнія краіны павінны будуць перабудоўвацца, быць гатовымі на гэтую пагрозу адказаць. Такую тактыку "патузвання" і нейкіх дробных паскудстваў Расія заўсёды паспяхова выкарыстоўвала. Трэба гэта ўлічваць, — лічыць экспертка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі