Эксперт: Прысуд Цімашэнка нявыгадны ні Расіі, ні Захаду

Экс-прэм'ер-міністра Украіны Юлію Цімашэнка асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі. Пасля вызвалення яшчэ тры гады яна не зможа займаць кіруючыя пасады. Таксама Цімашэнка мусіць выплаціць кампаніі “Нафтагаз Украіна” каля 190 мільёнаў долараў.


Абвяшчэнне прысуду адбывалася у прысутнасці толькі журналістаў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных ва Украіне. У гэты ж час каля 10 тысяч прыхільнікаў Юліі Цімашэнка знаходзіліся на Хрышчаціку. Іх нібыта ад магчымых правакацый "ахоўвалі" больш за тысячу міліцыянтаў і байцоў спецназу. Пасля прысуду, як толькі аўтазак з Цімашэнка ад'ехаў ад суду, прыхільнікаў экс-прем'ера пачалі затрымоліваць. 


Іншыя апазіцыйныя партыі ўспрынялі прысуд Цімашэнка як канчатковае ўсталяванне ва Украіне аўтарытарнага рэжыму. На такое завяршэнне судовага разгляду справы адрэагавала кіраўніцтва Еўрасаюзу і Еўрапейскага парламенту. Абедзве гэтыя структуры заявілі, што прысуд з'яўляецца палітычна абумоўленым, прадузятым і несправядлівым.

Украінскія эксперты ўпэўненыя, што сённяшняе рашэнне суду будзе перагледжанае. У прыватнасці, палітолаг Зміцер Выдрын лічыць, што дзеля гэтага на ўкраінскую ўладу будзе ажыццяўляцца міжнародны ціск.
"Існуе вельмі вялікая зацікаўленасць геапалітычных гульцоў з аднаго і з іншага бакоў. Таму будзе беспрэцэдэнтны ціск, каб гэты прысуд быў дэнансаваны або якім-небудзь чынам абскарджаны", – сказаў ён. 


На яго думку, такія патрабаванні спачатку вылучыць Расія, а потым ужо і краіны Еўропы. 
"Ні Расія, ні Захад не зацікаўленыя ў дадзеным прысудзе, у сілу розных акалічнасцяў. Ёсць буйныя гульцы як на Захадзе, так і на Усходзе, якія гатовыя ўжыць намаганні – арганізацыйныя, геапалітычныя і тэхналагічныя, каб усё было па-іншаму", – лічыць палітолаг. 


Са свайго боку, навуковы кіраўнік Школы палітычнай аналітыкі Нацыянальнага універсітэта "Кіева-Магілянскай акадэміі" Аляксей Гарань заявіў, што ў асяроддзі прэзідэнта Віктара Януковіча ёсць людзі, якія вельмі хочуць сарваць падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам.
"Я думаю, ёсць у асяроддзі людзі, якія вельмі хацелі сарваць падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам, якія жадаюць развярнуць Украіну ў расійскім напрамку, і гэту справу Цімашэнка яны маглі б выкарыстоўваць акурат дзеля гэтага", – зазначыў эксперт. 


Юлія Цімашэнка ўспрыняла рашэнне суду даволі спакойна. Экс-прэм'ер заявіла, што ніякія прысуды не здольныя прыпыніць яе барацьбу за еўрапейскую Украіну. 
"Сёння стала зразумела, што сёння пануе дыктатура. Я заклікаю вас – яднайцеся вакол грамадскіх арганізацый, вакол апазіцыйных сіл. І абавязкова прыбярыце аўтарытарную ўладу. З ёй у вас будучага няма. І вы гэта адчуваеце кожны дзень", –заявіла яна, намагаючыся перабіць абвяшчэнне прысуду. 


Пасля прысуду Юлія Цімашэнка зноў "вярнулася" ў следчы ізалятар. На абскарджанне прысуду прадугледжана 15 дзён.

Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі