Эксперт: “Мінск нібыта кажа Маскве – заплаціце за нашу лаяльнасць”

120229 Klysinski.mp3

Еўрарадыё: Ці ёсць расійскі след у цяперашнім беларуска-еўрапейскім дыпламатычным канфлікце?

Каміль Клысінскі: Расійскі след ёсць, але з боку беларускіх уладаў. Тут, відаць, абдуманая, але небяспечная гульня рэжыму, які хоча разыграць санкцыі Еўрасаюза і Злучаных Штатаў Амерыкі ў адносінах з Масквою — такія спробы ўжо можна заўважыць — атрымаць ад Масквы дадатковую эканамічную і фінансавую падтрымку, а таксама палітычную падтрымку на фоне санкцый Еўрасаюза і ЗША. Рэжым прапануе Маскве: “Заплаціце за нашую лаяльнасць — мы супраць Захаду”. Гэта ўчора асабліва было падкрэслена. Які будзе адказ Масквы, цяжка сказаць. Цяпер яны маюць выбары на карку — гэта галоўная турбота Масквы. Пакуль мы маем толькі — гэта не шмат — супольную заяву Лукашэнкі і Мядзведзева супраць санкцый. Гэта такі палітычны жэст прэзідэнта на адыходзе, зрэшты, Мядзведзева. Паглядзім, як верагодны прэзідэнт Пуцін будзе да гэтага падыходзіць.

Еўрарадыё: А калі гэта скончыцца? Калі амбасадары вернуцца і што мусіць здарыцца, каб тыя вярнуліся?

Каміль Клысінскі: Тут можа быць усяляк. Калі еўрапейскі бок падыдзе да пытання вельмі прынцыпова і, напрыклад, умоваю вяртання амбасадараў зробіць вызваленне палітычных вязняў, то гэты пат можа ўтрымацца вельмі доўга. Я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка гатовы саступіць, а Еўрасаюз таксама, здаецца, не надта гатовы адмовіцца ад сваіх базавых чаканняў адносна рэжыму — гаворка перадусім пра вызваленне палітычных вязняў. Абодва бакі маюць даволі прынцыповую пазіцыю, а гэта варожыць пат у еўрапейска-беларускіх адносінах. Толькі востры крызіс у беларуска-расійскіх адносінах мог бы, але не мусіў бы, прывесці да якіх-небудзь змен у палітыцы Мінска адносна Захаду. 

Фота: профіль Каміля Клысінскага на Facebook

Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі