Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012

16 снежня 2011 года Еўрасаюз дадае ў “чорны спіс” двух чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў судзе над праваабаронцам Алесем Бяляцкім, у дыпламатычных “разборках” паміж Беларуссю і ЕС наступае часовае перамір’е. Якому наканавана пратрымацца амаль месяц.

12 студзеня кіраўнік дэпартамента Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд заяўляе пра намер дадаць у чорны спіс яшчэ 135 імёнаў. На той момант у "чорным спісе" ужо 210 чалавек. Сп. Віганд кажа таксама пра верагодныя санкцыі да беларускіх прадпрыемстваў, ні спісу, ні колькасці якіх не агучвае.

А ўжо праз пяць дзён, 17 студзеня выбухае скандал. "Неўязны" міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, нягледзячы на ўсе спісы і забароны, спакойна едзе ў Францыю. Міліцэйская дэлегацыя з афіцыйным візітам без перашкодаў наведвае Генеральны сакратарыят Інтэрпола ў Ліёне. На наступны дзень французы тлумачаць, што выдалі Куляшову нацыянальную візу па просьбе Інтэрпола.

18 студзеня сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік прапануе не запрашаць назіральнікаў АБСЕ на парламенцкія выбары, якія адбудуцца ў красавіку 2012 года. Ён мяркуе, што назіральнікі з Еўропы мусяць прыехаць у Беларусь толькі тады, калі Еўрасаюз адменіць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і супраць самога Лазавіка).

1 лютага офіс “За дэмакратычную Беларусь” выступае з ініцыятывай аб скарачэнні “чорнага спісу”. З яго мяркуецца выкрэсліць каля 25 чалавек, у тым ліку і бізнэсоўца Уладзіміра Пефціева, якога ў Еўропе лічаць “спонсарам рэжыма Лукашэнкі”. Аднак беларускія апазіцыйныя палітыкі і палітэмігранты выказваюцца супраць скарачэння “чорнага спісу”.

А 10 лютага прадстаўнік ЕС Гунар Віганд падчас візіта ў Мінск распавядае, што спіс беларускіх чыноўнікаў, неўязных у Еўрасаюз, неўзабаве можа быць пашыраны.

20 лютага Аляксандр Лукашэнка прымае даверчыя граматы ад амбасадараў Нарвегіі, Люксембурга і Сан-Марына. “Калі ў Еўропе думаюць, што нас можна нахіліць нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі, — гэта дарога ў нікуды. Вы мусіце разумець, нават калі мы застанемся ў адзіноце — без Расіі, без Кітая, без іншых нашых сяброў — паверце, мы будзем на смерць стаяць тут, як некалі ў 1941, у 1945, абараняючы сваю незалежнасць і суверэнітэт”, — заяўляе прэзідэнт.

27 лютага міністры замежных справаў краін-удзельніц ЕС абмяркоўваюць Сірыю, Егіпет, Паўднёвы Каўказ, Косава, а таксама сітуацыю на Блізкім Усходзе. Нечакана “усплывае” “беларускае пытанне”. Еўрасаюз пашырае "чорны спіс" для Беларусі на 21 асобу. Яго дапаўняюць 19 чыноўнікаў з судовай сістэмы Беларусі і 2 міліцэйскія чыноўнікі. Агулам “неўязных” цяпер 231. Каментуючы гэты захад, Кэтрын Эштан дадае, што бізнэсоўцы трапяць у “чорны спіс” у сакавіку.

28 лютага ў адказ на чарговае пашырэнне “чорнага спісу” беларускі МЗС адклікае амбасадара ў Польшчы і пастаяннага прадстаўніка ў Еўрапейскім Саюзе на кансультацыі ў Мінск. І адначасова ненавязліва рэкамендуе амбасадарам ЕС і Польшчы ў Мінску выехаць з Беларусі. Еўрапейскі саюз вырашае ў знак салідарнасці адклікаць з Мінска для кансультацыяў усіх амбасадараў краінаў ЕС.

"Нервовая рэакцыя Еўрасаюза на прапанову Беларусі аб правядзенні раўнда кансультацый амбасадараў штаб штаб-кватэры ЕС і Польшчы ў іх сталіцах сведчаць толькі пра адно: выбар Брусэлем шляху эскалацыі напружання. Гэта шлях у тупік", — каментуе масавы ад'езд амбасадараў з Мінска прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

29 лютага беларускі МЗС пацвярджае Еўрарадыё, што тэарэтычна стварэнне спісу невыязных з краіны магчыма: “Натуральна, у якасці меры ў адказ”. Калі такі спіс будзе створаны, прозвішчы публікавацца не будуць".

Фота: Telegraf.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі