Вы тут

Эксперт: ад контрсанкцый пацерпяць звычайныя беларусы, а не замежныя партнёры

Беларускі рынак занадта малы для ЗША ці ЕС, каб санкцыі былі адчувальныя / Еўрарадыё

30 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №128 "Аб прымяненні спецыяльных мер". Указам забараняецца імпарт некаторых тавараў, у тым ліку тавараў пэўных вытворцаў з краін, якія ўвялі санкцыі супраць беларускіх юрыдычных і фізічных асоб пасля прэзідэнцкіх выбараў. Таксама абмяжоўваецца імпарт паслуг з гэтых краін. У дакуменце гаворыцца, што гэта мера "гарантавання бяспекі і абароны нацыянальных інтарэсаў".

Якія канкрэтна тавары і паслугі трапяць пад беларускія контрсанкцыі, павінен вызначыць Саўмін. 31 сакавіка прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што меры будуць насіць "кропкавы характар".

Пакуль Саўмін не вырашыў, якімі менавіта будуць санкцыі, ацаніць іх нельга. Але такія рэчы заўсёды негатыўна адбіваюцца на беларускіх спажыўцах, расказвае газеце "Белорусы и рынок" кіраўнік Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Эксперт нагадвае, што так было з расійскімі контрсанкцыямі. Тады ў суседзяў моцна павялічыліся цэны на некаторыя прадукты.

— Страту ў выніку панеслі расійскія спажыўцы, расійскі бюджэт і, мабыць, расійскія кампаніі-імпарцёры, — кажа Аляксандр Чубрык. Яшчэ адзін эфект такіх рашэнняў — развіццё кантрабанды або купля тых самых тавараў у Расіі.

— Мы і так пастаўляем з Расіі мноства рэчаў, якія маглі б імпартаваць беспасярэдне. Узяць тое ж бессэнсоўнае (і нават шкоднае) абмежаванне ў 22 еўра на пасылкі, якое спарадзіла каналы альтэрнатыўных "транзітных" паставак з Расійскай Федэрацыі.

Пры гэтым беларускія контрагенты не панясуць значных страт, нават калі спіс Саўміна акажацца маштабным, упэўнены эксперт: беларускі рынак занадта малы.

Аляксандр Чубрык лічыць, што ўказ можа стаць альбо "дэкларацыяй, дэманстрацыяй таго, што "мы горача пратэстуем супраць актаў агрэсіі", альбо яго напаўненне сапраўды акажацца сур'ёзным. У другім выпадку Беларусь атрымае адзначаныя негатыўныя эфекты.

— Мне здаецца, імавернасць таго, што контрсанкцыі будуць маштабнымі, невялікая. Таму што варыянт з забаронай на імпарт шырокага кола тавараў і паслуг з вялікай колькасці краін дадасць негатыву ў і без таго складанай сітуацыі ў эканоміцы. Наўрад ці гэта тое, чаго дамагаюцца эканамічныя ўлады, — рэзюмуе Аляксандр Чубрык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.