"Нашы метады дыверсіфікацыі экспарту — з мінулага стагоддзя"

Траціна экспарту мусіць пайсці на рынкі ЕАЭС, траціна — у ЕС, і траціна — у краіны “далёкай дугі” — 9 чэрвеня Міністэрства эканомікі Беларусі прапанавала новую канцэпцыю дыверсіфікацыі экспарту на наступную пяцігодку.

Актыўная дыверсіфікацыя пачалася з гэтага года, калі асноўны рынак збыту нашага экспарту, расійскі, перастаў быць прывабным.

Еўрарадыё высвятляе, якія новыя рынкі адкрыў для сябе беларускі гандаль.

Больш за ўсё з пачатку года тавараабарот вырас з Чарнагорыяй — у 264 разы, з Гватэмалай — у 136 разоў, з Македоніяй — у 15 разоў, з Тунісам — у 8,3 разу, з Афганістанам — у 6,7 разу, з Марока — у 5,4 разу, з Новай Зеландыяй — у 5,2 разу, з Камерунам — у 5 разоў, з Босніяй і Герцагавінай — у 4,8 разу, з Алжырам — у 4,1 разу. У асноўным мы прадавалі туды аўтамабільныя запчасткі, трактары і прадукцыю хімічнай прамысловасці.

Сумарны тавараабарот з гэтымі краінамі за першы квартал года склаў 166,87 млн долараў. Не шмат. Для параўнання, гэта толькі 2,8% ад тавараабароту з Расіяй і 0,6% ад агульнага знешняга тавараабароту.

Цікава, што з Алжырам, Босніяй і Герцагавінай, Македоніяй, Марока і Чарнагорыяй у нас павялічваўся імпарт. У гэтых краін мы больш купляем, чым туды прадаём.

Але па асобных накірунках расце і экспарт, у першым квартале вырас экспарт у Панаму — у 307 разоў, Перу — у 29 разоў, Калумбію — у 16 разоў, Індыю — у 6,3 разу, Кенію — у 6,2 разу, Камерун — у 4,9 разу, Аргентыну — у 4,6 разу. Экспарт у гэтыя краіны складае толькі 70,9 млн долараў, гэта каля 1% ад усяго экспарту. Але сярод іх толькі з Індыяй і Камерунам мы маем станоўчае гандлёвае сальда. Мы прадаём туды ў асноўным прадукцыю хімічнай прамысловасці.

Еўрарадыё запыталася ў палітолага “Ліберальнага клуба” Яўгена Прэйгермана, ці прынясе такая дыверсіфікацыя станоўчы эфект нашай эканоміцы.

Эксперт кажа, што складана спрагназаваць, ці застануцца нам гэтыя рынкі, асабліва цяпер, калі ў сувязі з крызісам шмат дзе гэтыя рынкі схлопваюцца. Але, на думку эксперта, метады палітыкі дыверсіфікацыі экспарту — па меншай меры, метады былых стагоддзяў:

“Сучасная эканоміка не працуе ў такім стылі, што прэзідэнт едзе, бярэ вялікую дэлегацыю, дамаўляецца, падпісвае нейкія кантракты. Так, можа, многія лідары нават заходніх краін часцяком наведваюць вялікія замежныя сустрэчы са сваімі калегамі, возяць камерцыйныя дэлегацыі, падпісваюць дамовы, але гэта не можа быць асновай знешнеэканамічнай дзейнасці”, — адзначае Прэйгерман.

Яўген Прэйгерман

Сапраўдная дыверсіфікацыя можа будавацца толькі на сапраўднай канкурэнтаздольнасці тавараў, а гэта робіцца на ўзроўні эканамічных агентаў:

“Досвед некалькіх стагоддзяў паказвае, што толькі прыватныя кампаніі, якія арыентуюцца на попыт, а не на нейкія адміністратыўныя рэсурсы, могуць забяспечыць сталую стратэгічную дыверсіфікацыю”, — кажа эксперт.

Эксперт рэзюмуе, што калі мы сапраўды хочам не быць залежнымі ад некаторых нашых гандлёвых партнёраў, у прыватнасці ад Расіі, пачынаць трэба не з гэтых вялікіх дэлегацый у замежжа, а са стварэння ў Беларусі найкамфортнейшага ў ЕАЭС клімату для вядзення эканамічнай дзейнасці.

Фота: сargofon.ru, rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі