“Ехаць у Данецк трэба праз Расію, дзе мяжа не кантралюецца”

У рэпартажы расійскага журналіста з занятага сепаратыстамі Луганска вока чапляецца за фразу: “У крамах шмат беларускіх прадуктаў. Расійскіх, канешне, больш, але і беларускіх тавараў хапае”.

“Шмат беларускага піва, — пацвярджае жыхар Данецка. — У рознай тары: і шкляныя бутэлькі па 0,5 літра, і пластыкавыя паўтарачкі. З беларускім акцызам, як мае быць. Вось, сам бачыў “Белавежскае”. За 1,5 літра просяць 55 грывен”.

А яшчэ ў крамах шмат беларускай “малочкі”, масла і згушчонкі. У якасці доказу нават дасылаюць здымак апошняй. І фота піва ды чэка з данецкай крамы...

Як жа так? Афіцыйны Мінск ніякіх “ДНР/ЛНР” не прызнае, лічыць гэтыя тэрыторыі, з якімі ніякага легальнага гандлю праз Украіну няма, украінскімі. Якім чынам туды трапляюць беларускія прадукты? Можа, праз некатралюемую расійска-украінскую мяжу, як кантрабанда? Тэлефаную на Брэсцкі піўзавод, вытворцу піва “Белавежскае”, з пытаннем, як бізнесмен з Данецка мог бы набыць партыю іх тавару?

“Справа ў тым, што ў нас ужо ёсць прадстаўнік у Данецку. Размаўляць трэба з ім — ён усё раскажа, якім чынам і што… Гэта нашы прадстаўнікі, і на дадзены момант мы працуем з імі”, — агаломшвае мяне супрацоўніца піўзавода.

О як! Нават не нейкая асобная фура, што бясстрашна прарвалася праз блок-пасты ўкраінскай арміі, а цэлы прадстаўнік. Гісторыя набывае нечаканы паварот.

Цяпер набіраю нумар Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната. Тут таксама расказваю гісторыю пра “знаёмага бізнесмена з Данецка, які хоча набыць прадукцыю, але не ведае як”.

“Гледзячы, колькі ён хоча, разумееце? Бо везці менш за машыну сэнсу няма. Калі гэта для яго вялікі аб’ём, то трэба звяртацца да тых, хто возіць вялікімі аб’ёмамі — хаця б машынамі”, — зусім не здзіўляюцца маёй прапанове на камбінаце.

Еўрарадыё: Думаю, што машына для яго — нармальны такі аб’ём.

Рагачоў: А чаго ён баіцца сам пазваніць? Калі што, то інтэрнэт жа ў іх там ёсць? Хай скіне свае прапановы на наш адрас. Але ведаеце, ёсць адзін момант: трэба, каб яго фірма была зарэгістраваная менавіта ва Украіне, а не ў Данецку і не нейкіх там ЛНРах ці ДНРах — толькі ва Украіне. Хай нам напіша, а мы яму потым самі патэлефануем.

Еўрарадыё: А калі ёсць праблемы з рэгістрацыяй ці аб’ёмамі, то да каго можна там на месцы звярнуцца?

Рагачоў: Кампанія ёсць, якая перыядычна бярэ ў нас тавар. Вось, да прыкладу, “Луганскпродлогистика”.

Еўрарадыё: Я так разумею, што рэгістрацыя фірмы на тэрыторыі Украіны патрэбная для таго, каб спакойна завозіць тавар праз беларуска-украінскую мяжу?

Рагачоў: Навошта?! Расійска-украінскую? Мы СТ-1 не робім для іх, і тады крыху прасцей з дакументамі, прасцей з афармленнямі…

Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе тую расійска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі?

Рагачоў: Так!

І сапраўды, чаму б не зарабіць на вайне? Тым больш, што і пад уладай сепаратыстаў жывуць людзі, якія хочуць есць. Тэлефаную “прадстаўніку брэсцкага піўзавода ў Данецку” Мікалаю з прапановай рэалізацыі з яго дапамогай любых беларускіх прадуктаў. Воклічамі шчасця маю прапанову ў Данецку не сустракаюць…

“Ну, не ведаю… У прынцыпе, у нас ужо ёсць дамоўленасці з заводамі малочнымі па малацэ, сыры… Прапануйце, можа, вы нам нешта больш цікавае”, — павольна-млява адказвае мой суразмоўца.

Еўрарадыё: Магчыма, вас зацікавіць наша вэнджаная кілбаса, крупы якія ці тушонка?..

Мікалай: Тушонка… Гэты варыянт мы яшчэ не разглядалі. Прапануйце, можа і пойдзе. Кілбасы… Я разумею, што якасць у беларускіх кілбас добрая, але задорага для нас, напэўна, будзе. Але прапануйце — можа, дзесьці і знойдзем інтарэс.

Еўрарадыё: Мяркую, трэба адразу і лагістыку паставак прадумаць: праз Украіну лепш ці праз Расію ўсё рабіць?

Мікалай: Не, мы ўсё адно цягаем праз Расію — праз Украіну мы не завозім нічога. “Успенка” у нас пераход…

Безумоўна, забароны на пастаўку прадукцыі беларускіх вытворцаў у Данецк ці Луганск няма — ні з боку Кіева, ні з боку Мінска. І “суб’екты гаспадарання” маюць права заключаць кантракты на пастаўку з кім заўгодна. Калі ў сферу бізнесу не ўмяшаецца вялікая палітыка. А яна пакуль маўчыць. Не ведае? 

Цукеркі беларускай фабрыкі "Ивкон"

Кошту ўказаныя ў грыўнах і расійскіх рублях

Фота: Еўрарадыё, ura.dn.ua obozrevatel.com/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі