Дзяржынск, Фаніпаль і Заслаўе выключылі са спісу спадарожнікаў Мінска?

Кватэры для мінчан не будуць будаваць у Дзяржынску, Фаніпалі і Заслаўі. Такую заяву зрабіў сёння, 12 чэрвеня старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра на выязной прэс-канферэнцыі ў Крупскім раёне, інфармуе БЕЛТА.

Паводле заявы Шапіры, раней планавалася, што гарадамі-спадарожнікамі Мінска будуць шэсць населеных пунктаў — Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль. Аднак жыллёвае будаўніцтва прадугледжвае стварэнне працоўных месцаў побач з тэрыторыяй пражывання, а таксама правядзенне камунікацыяў і развіццё сацыяльнай інфраструктуры — лякарняў, школ, дзіцячых садкоў. Кіраўнік Мінскай вобласці перакананы, што ў Дзяржынску, Фаніпалі і Заслаўі няма такіх магчымасцяў.

На сёння абласныя ўлада плануюць засвоіць пад будаўніцтва кватэр 73 гектары ў Смалявічах, дзе ўжо ўзведзены першы жылы дом. Галоўным горадам-спадарожнікам Мінска будзе Рудзенск у Пухавіцкім раёне. Каля яго знаходзіцца Мінская ТЭЦ-5, якая забяспечыць электрычнай і цеплавой энергіяй 100-тысячны горад. Апроч таго, у Пухавіцкім раёне вялікія тэрыторыі зямель, прыдатных для развіцця сельскай гаспадаркі, што дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, заявіў Сямён Шапіра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі