Дзяржава прадае прадпрыемствы, але ўсё роўна дыктуе інвестарам умовы працы

Днямі стала вядома пра падпісанне дамовы аб продажы мінскага прадпрыемства “Мотавела”. 99,27% акцый стратнага заводу прададзеныя аўстрыйскай фірме “АТЕС Holding GmbH”. Раней акцыі належалі дзяржаве. За апошні тыдзень – гэта ўжо другое, пасля "Вэлкому" прадпрыемства, прададзенае замежным інвестарам. Што гэта – разавыя кантракты, альбо пачатак масавай прыватызацыі? Еўрарадыё звярнулася за каментарамі да эканамістаў Яраслава Раманчука і Леаніда Злотнікава.

Эксперты сходзяцца ў меркаваннях наконт таго, што наўрад ці гэтыя здзелкі сведчаць пра пачатак вялікай прыватызацыі.

Кіраўнік навуковага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук называе тое, што адбываецца, не прыватызацыяй, а “прыхватызацыяй”. Паводле яго слоў, ніякай размовы пра рынкавыя, цывілізаваныя, транспарэнтныя спосабы продажу дзяржаўнай маёмасці гаворкі не ідзе:

“Безумоўна, пра масавую прыватызацыю казаць нельга. "Мотавела" – вельмі стратны завод. Яго купіў чалавек з Расіі, які мае ў Беларусі як мінімум два добрыя бізнесы. Гэта тыповы прыклад наменклатурнай “прыхватызацыі” з удзелам беларускіх чыноўнікаў, якія “крышуюць” тыя ці іншыя праекты.”

Раманчук упэўнены, што продаж заводу – гэта кропкавы кантракт, які не мае нічога агульнага з прыватызацыяй. А тое, якім чынам гэта адбывалася, на думку эканаміста, павінна насцярожыць беларускі бізнес:

“…гэта проста як дамаўляюцца ў лазні наменклатуршчыкі з наменклатуршчыкамі. Нікому акцыі прадпрыемства не прапанавалі, ніякага адкрытага конкурсу не было…

Што тычыцца "Вэлкома", таксама гэта адносіцца да тых схаваных, патаемных кантрактаў, дамоўленасцяў, якія існуюць паміж Адміністрацыяй прэзідэнта і канкрэтнымі бізнесменамі, у гэтым выпадку з кіпрыётам, які таксама доўга працуе на нашым рынку.

Беларусь, іншымі словамі, з’яўляецца пляцоўкай, на якой наша ўлада і гэтыя людзі ажыццяўляюць свае камерцыйныя інтарэсы”.

Больш за тое, Яраслаў Раманчук, выказаў сумнеў у легітымнасці такіх кантрактаў і адзначыў, што пры іншым раскладзе і сярод беларусаў можна было б знайсці людзей, якія б захацелі купіць гэтыя акцыі. Не кажучы пра тое, што акцыі "Вэлкома" можна было прадаць людзям, “каб яны не толькі неслі ўсе грошы ў Беларусбанк, а таксама зараблялі на дывідэндах гэтага, безумоўна, добрага прадпрыемства”.

У гэтым пытанні згодны з Раманчуком і эканаміст Леанід Злотнікаў. Ён падкрэсліў, што журналісты часта надаюць зашмат увагі фармальнаму боку пытання. На самой справе ад таго, што ўладальнікам прадпрыемства становіцца не дзяржава, мала што мяняецца. Тлумачыць Леанід Злотнікаў:

“Нават калі і будзе адбывацца прыватызацыя часткі прадпрыемстваў, то яны ўсё роўна трапляюць у “каманднае асяроддзе” – гэта значыць, дзяржава дыктуе дырэктару прадпрыемства, каго ўзяць на працу, колькі плаціць… Калі будзе ўстаноўлена павялічыць аб’ём вытворчасці веласіпедаў ці матацыклаў на 10%, то інвестар павінен будзе гэта выканаць.

Акрамя гэтага, такія прадпрыемствы зазвычай з’яўляюцца манапалістамі, цэны на іх вырабы павінны дэкларавацца, павінны быць зацверджаныя Міністэрствам эканомікі…”

Сярод іншых перашкодаў Злотнікаў назваў моцнае абмежаванне імпарту камлектуючых і матэрыялаў у сувязі з палітыкай імпартазамяшчэння і г.д. Ён таксама звяртае ўвагу, што галоўнае не тое, колькі прадпрыемстваў будзе прыватызавана, а тое, ці мяняецца сама камандная сістэма ў бок ліберальнай, рынкавай эканомікі. А гэтага цяпер пакуль што не назіраецца.

Важна не прыватызацыя, а камерцыялізацыя, лічыць эканаміст. Ці будуць прыватныя прадпрыемствы вольнымі? Гэта больш важна для развіцця і эфектыўнасці эканомікі.

«Кааператыўнае прадпрыемства ва ўмовах капіталізму з’яўляецца капіталістычным прадпрыемствам. Кааператыўнае прадпрыемства ва ўмовах сацыялізму з’яўляецца сацыялістычным прадпрыемствам”, – узгадвае словы Леніна Леанід Злотнікаў.

Прычына ж таго, што дзяржава пачала прадаваць свае прадпрыемствы – простая. Дзяржаве патрэбныя грошы, асабліва пасля таго як Беларусь перайшла на 100%-ную аплату газу. Леанід Злотнікаў пацвярджае гэты факт:

“Цяпер запатрабаванасць у грошах нашмат большая, чым гэта было ў мінулым годзе, больш напружаны фінансавы стан. Трэба аддаваць пазыкі, даціраваць эканоміку, фінансаваць прадпрыемствы…”

“Мотавелазавод” – прадпрыемства небуйное і вельмі стратнае. Тут паніку падымаць рана, але ці можа яго продаж быць першым крокам, які ўрэшце прывядзе да распродажу “фамільнага срэбра” ў выглядзе прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны? Яраслаў Раманчук у гэтым пытанні аптымістычны, ён запэўнівае, што такога не адбудзецца:

“Я думаю, што продажу НПЗ не будзе, а калі і будзе, то гэта будзе таксама нейкая падстаўная здзелка, якую дэмакратычная ўлада адменіць, таму што продаж гэтых прадпрыемстваў павінен быць адкрыты. Павінны праводзіцца тэндары і ўсе павінны мець роўныя правы, а не нейкія там людзі, якія, так здарылася, кіруюць усімі актывамі і не разумеюць, якія стратэгічныя інтарэсы мае наша краіна”.

Фота — www.milorada.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі