“Дзяржава можа абмежаваць вываз валюты, каб людзі не куплялі аўто за мяжой"

Такое меркаванне Еўрарадыё выказаў рэдактар “Аўтабізнэсу” Юры Ліхута Гэты год апынуўся нечакана цяжкім для беларускага аўтабізнэсу. З-за крызісу продажы скараціліся на 40-50 адсоткаў. Пра сітуацыю на айчынным аўтарынку распавядае рэдактар газеты “Аўтабізнэс” Юры Ліхута.

Юры Ліхута: “Насамрэч год быў вельмі не просты, пачынаючы з падзення продажаў напрыканцы мінулага году і нязначнага пад’ёму на пачатку гэтага. Пасля адсутнасць чаканага уздыму вясенніх продажаў і адносна спакойны, я б нават сказаў горш чым спакойны, летні перыяд — гэта з пункту гледжання рэалізацыі новых аўтамабіляў. І толькі восень, у святле чутак пра павышэнне пошлінаў, зварушыла рынак — і кошты папаўзлі ўгару”.

Нагадаем, з першага студзеня Беларусь, Расія ды Казахстан утвараюць Мытны саюз. Прагназуецца, што мытныя пошліны, у тым ліку і на ўвоз аўтамабіляў, падвысяцца. Менавіта таму, паводле слоў спадара Ліхоты, з кастрычніка пачалі расці кошты нават на тыя аўтамабілі, якія даволі працяглы час не прадаваліся з-за адсутнасці грошай у насельніцтва.

Юры Ліхута: “Прадаўцы разумеюць, што ёсць магчымасць зарабіць, больш за тое, шмат людзей, якія маюць ужываныя аўтамабілі і эксплуатуюць іх на дадзены момант, спрабуюць  скарыстацца сітуацыяй дзеля таго, каб замяніць свайго жалезнага каня на штосьці больш свежае”.

Калі рост коштаў спыніцца — пакуль сказаць немагчыма, але падобная сітуацыя на рынку ўжываных аўтамабіляў можа пратрымацца усё першае паўгоддзе 2010 году.

Юры Ліхута: “Да першага ліпеня памяняюцца пошліны для фізічных асобаў. Але да першага ліпеня — гэта і першага студзеня, і 31 сакавіка, і 30 чэрвеня таксама. Застаецца вельмі вялікі пытальнік, таму я мяркую, што рынак ужываных аўтамабіляў будзе трымаць даволі высокую планку коштаў да часу з’яўлення канкрэтнай інфармацыі, што ж адбудзецца ў адносінах пошлінаў для фізічных асобаў”.

А вось на новыя аўто, якія прадаюцца праз афіцыйныя аўтасалоны, больш-менш стабільныя кошты вызначацца ўжо з 1 студзеня. Праўда, як мяркуе аўтаэксперт, кошты гэтыя спажыўца не парадуюць.

Юры Ліхута: “Тое, што падаражэюць новыя іншамаркі, якія купляюцца праз афіцыйныя салоны, — гэта ўжо зразумела ўсім. Тыя, якія прадаюцца праз дылерскія прадпрыемствы, я мяркую, павінны падаражэць з першага студзеня”.

Таму, кажа Юры Ліхута, для звычайных грамадзянаў, якія хочуць набыць новы аўтамабіль, найлепшы варыянт — прывезці сабе машыну з заходняга аўтасалону. Вось толькі трэба паспяшацца, бо дзяржава, як мяркуе эксперт, можа ўвесці абмежаванні на перамяшчэнне грошай за мяжу для таго, каб людзі не вывозілі валюту і не набывалі аўтамабілі ў замежжы.

Беларускіх жа дылераў чакаюць цяжкія часы — з павышэннем пошлінаў павысяцца і кошты, гэта выкліча зніжэнне попыту, а значыцца і аб’ём продажаў можа скараціцца ў разы.

Юры Ліхута: “Што датычыцца непасрэдна продажаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь новых аўтамабіляў — верагодна, будзе спад. Я схільны пагадзіцца з песімізмам шматлікіх дылераў аб тым, што першая палова году 2010 будзе вельмі цяжкая для іх прадпрыемстваў”.

На фоне усіх песімістычных прагнозаў назіраецца адна вельмі цікавая тэндэнцыя. Як вядома, у Беларусі ўжываныя аўтамабілі каштуюць танней, чым ў Расіі, а ўтварэнне Мытнага саюзу, які ўвядзе адзіныя пошліны на ўвоз ужываных аўто, можа адчыніць дзверы беларускім гандлярам на расійскі рынак.  

Юры Ліхута: “Патэнцыйна людзі, якія займаюцца гандлем ужыванымі аўтамабілямі, зараз пра гэта мараць. Чаму? Таму што калі вы паглядзіце рынак ужываных аўтамабіляў у Расіі — там машыны даражэйшыя. Пытанне ў тым, ці дасць Расія такую магчымасць. Ці будуць перашкоды з боку Расіі — часовы ўвоз ці нейкія дадатковыя інструменты, якія будуць ускладняць працэдуру рэгістрацыі ужываных машын, якія набылі ў Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі