Дзяржава будзе кантраляваць сайты і блогі, як кантралюе газеты?

Каб нейкі сайт не змаглі чытаць, Міністэрству сувязі неабходна ўсяго толькі адлучыць сетку перадачы даных ад сеткі электрасувязі агульнага карыстання. У сераду 2 жніўня на сустрэчы з супрацоўнікамі газеты Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” Лукашэнка заявіў, што “трэба спыніць ператварэнне Інтэрнэту ў памыйніцу”. І прапанаваў прыняць закон, які будзе рэгуляваць дзейнасць Інтэрнэт-СМІ.

Закон “Аб інфарматыцы, інфарматызацыі і інфармацыйнай прасторы” дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць разглядаць праз некалькі месяцаў -- на восеньскай сесіі. Еўрапейскае радыё вырашыла даведацца, як адаб’ецца ініцыятыва прэзідэнта на дзейнасці Інтэрнэт-сайтаў.

Генеральны дырэктар парталу TUT.BY Кірыл Валошын лічыць, што неабходнасці ў новых законах няма ніякай.

Кірыл Валошын
: “Калі гэта СМІ, то яны павінны падпарадкоўвацца тым жа самым правілам, што і любыя іншыя друкаваныя альбо электронныя СМІ, накшталт радыё альбо тэлебачання. Нічога асобнага выдумляць для Інтэрнэту не трэба”.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і намеснік старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: “Сама думка, што Інтэрнэт знаходзіцца па-за межамі існуючага прававога поля, абсалютна памылковая”.

Па словах намесніка старшыні БАЖ, гэта і “Закон аб друку”, і артыкулы Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў. Больш за тое, артыкулы закону ўжо з поспехам прымяняліся ў адносінах да інтэрнэтчыкаў.

Андрэй Бастунец: “У нас ужо ёсць выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце. Напрыклад, затрыманне Андрэя Клімава. Падставай для завядзення крымінальнай справы супраць яго сталі матэрыялы, надрукаваныя ў Інтэрнэце”.

Цікаўнасць дзяржавы да Інтэрнэт-СМІ галоўны рэдактар Інтэрнэт-сайту газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч тлумачыць зусім не так, як падаў прэзідэнт.

Аляксандр Старыкевіч: “Сёння відавочна па тых жа форумах, што відавочная большасць наведвальнікаў Інтэрнэту прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі не з’яўляюцца”.

Рэдактар “Салідарнасці” сцвярджае, што за ўсімі абвінавачваннямі Інтэрнэту ў непераборлівасці стаіць жаданне ўлады падмяць пад сябе гэты сродак інфармацыі. Неабходна толькі матывацыя, каб змагацца з нелаяльнымі, кажа гендырэктар TUT.BY Кірыл Валошын.

Кірыл Валошын: “Пры жаданні любы электронны сродак масавай інфармацыі, пры парушэнні ім нейкіх гіпатэтычных правілаў працы, можа быць прыкрыты. Такім чынам, беларусы яго бачыць не змогуць. Толькі расіяне ды іншыя замежнікі”.

Па словах Аляксандра Старыкевіча, беларускім інтэрнэтчыкам ужо даводзілася сутыкацца з “блакаваннем” сваіх сайтаў.

Аляксандр Старыкевіч
: “Я маю на ўвазе блакаванне незалежных сайтаў падчас выбараў і масавых акцый пратэсту. А заўтра можа быць горш”.

Па тлумачэнні, ці можна зрабіць так, каб незалежным сайтам заўтра стала горш і іх не змаглі бачыць беларусы, Еўрарадыё звярнулася да начальніка ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Юрыя Шпака.

Юры Шпак: “Рабіць высновы, што можна зрабіць для гэтага і якія органы, акрамя Міністэрства сувязі, гэта робяць, я гэта проста пакіну без каментароў, што называецца”.

Пасмяяўся супрацоўнік Мінсувязі над чуткамі, што на ўзбраенні ў адпаведных арганізацый ёсць кітайскія распрацоўкі, якія дазваляюць блакаваць доступ да пэўных Інтэрнэт-парталаў. А потым прызнаўся, што каб гэтага дасягнуць, не трэба звяртацца па дапамогу да кітайцаў.

Юры Шпак: “Для таго, каб не маглі чытаць нейкі сайт, сетку перадачы даных неабходна адлучыць ад сеткі электрасувязі агульнага карыстання. Усяго толькі”.

Намеснік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец кажа, што новы закон, які прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю Інтэрнэт-выданняў, неабходны для ідэнтыфікацыі асоб-уладальнікаў. Гендырэктар TUT.BY Кірыл Валошын баіцца, што сітуацыя можа дайсці да таго, што прыватныя сайты і асабістыя блогі могуць далучыць да электронных СМІ. А рэдактар Інтэрнэт-сайту газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч сцвярджае, што хутка ўвядуць забарону на нікі, логіны і паролі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі