Дзмітрый Ус падаў у пракуратуру скаргу на следчага за паклёп

Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за паклёп, следчага Анатолія Сукалу, які вядзе яго справу. 22 сакавіка ён накіраваў заяву з паведамленнем аб уручэнні на імя пракурора Мінска.

Вось што распавёў Еўрарадыё Дзмітрый Ус: "У аснову абвінавачання ён паклаў факты, якіх няма ў крымінальнай справе і ўвогуле не здзяйсняліся мной".

Уса абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў людзей прыйсці на плошчу па радыё і тэлебачанні, хаця на радыё ён увогуле не выступаў, а па тэлебачанні заклікаў не было, гаворыць экс-кандыдат.

Яшчэ Дзмітрыю Усу выставілі абвінавачанне ў арганізацыі "масавых беспарадкаў", на той падставе, што ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня яго сын Іван падлічыў колькасць міліцэйскіх аўтобусаў.

Распавядае Дзмітрый Ус: "Мы жывем побач з Кастрычніцкай плошчай, сын ішоў з крамы. Ён прыйшоў дадому і расказаў, што там амапаўцы стаяць. Я патэлефанаваў Статкевічу і сказаў яму пра гэта ў адвольнай форме. А яны сфабрыкавалі гэта, нібытая я выведку праводзіў".

Па словах экс-кандыдата, ён знаёміўся з крымінальнай справай і там не было многіх фактаў, якія з'явіліся ў абвінавачанні. На яго думку, такія дзеянні следчага падпадаюць пад частку 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэксу — гэта "паклёп, салучаны з абвінавачваннем ва ўчыненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства".

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі