Дзень нараджэння “Студэнцкай Думкі”: 10 год наперад!

Адбылося крэйзі-паці з нагоды дня народзінаў першага (і, як парадокс, дагэтуль адзінага, хоць ужо і ў гісторыі!) беларускамоўнага андэграўнднага моладзевага часопіса “Студэнцкая Думка”.
На свяце прысутнічалі тыя, хто хоць неяк спрычыніўся да стварэння сотні з лішкам нумароў часопіса — агулам каля 70 чалавек, пры тым, што вельмі шмат людзей не даехалі ці не змаглі — вясёлых ды крэатыўных раскідала па ўсім белым свеце, шмат былых “студумкаўцаў” цяпер жыве ды працуе за мяжой. Часопіс выходзіў з 1999 па 2005 год.

Але добрая справа жыве і дагэтуль у розных праявах і формах, бо крэатыў і іншадумнасць не задушыць і не забіць нават у такой складанай і з усіх бакоў абмежаванай медыяпрасторы, як у Беларусі.

Пра “Студэнцкую Думку” не ведала 90% беларусаў, якія былі маладымі ў перыяд 1999 — 2005 гг. З-за пупацэнтрычнасці краіны, усё самае лепшае і прагрэсіўнае заўсёды даставалася сталіцы. Але зараз, калі прайшло ўжо больш за 10 год са дня афіцыйнай рэгістрацыі часопіса (13 красавіка 1999 г.), нязменныя рэдактары, дызайнеры і аўтары сабралі на дыску і на старонцы ў інтэрнэце ўвесь архіў “CD” і падаравалі яго ўсім, хто прыйшоў на паці.

Плюс самым жвавым дасталіся майкі, а таксама плакаты, магніты, вада з клізмы са сцэны, каб асвяжыцца, торт і вялікая порцыя вар’яцтва ды драйву.

Яны называлі сябе “шэры глянец” — фэйсы, месцы і трэнды — гэта быў іх залаты запас, які дагэтуль здольны выцягнуць з крызісу любую краіну. “Будзь разам з тымі, якія не падобныя да іншых — як і ты!” — так казалі яны, і штомесяц стваралі новы нумар ужо тады, калі не было ні мабільнікаў, ні кампоў, ні дасяжнага інтэрнэта.











Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі