ДзеціДзяцей паставілі рэкорд і папрасілі актыўна рабіць дзяцей

Галоўныя “Дзеці” нашай краіны рызыкнулі, і ў выніку паставілі рэкорд пяцігадзінным канцэртам у “Рэактары”
Пайшлі “ДзеціДзяцей” на падобную рызыку з-за шчырай любові да сваіх фэнаў, якія наведваюць усе канцэрты сваіх куміраў і сумуюць, калі на чарговым канцэрце не чуюць сваю любімую песню (а песень “Дзеці” напісалі на альбомаў 10 наперад!). Таму калектыўна каманда вырашыла зладзіць такі канцэрт, падчас якога прагучаць усе “дзіцячыя” песні. Вы думаеце прагучалі ўсе песні? Не! Песень 15-20 засталося па-за сцэнай (дакладна, гурту патрэбны 6-гадзінны канцэрт :))






І вось “ДзеціДзяцей” гралі. Гралі доўга, з пяшчотаю, сумам, жартамі, экспрэсіяй, думкамі, драйвам, усмешкамі, слязьмі… Трымалі залу да апошняга. Дакладна, што да канца засталіся самыя сапраўдныя прыхільнікі гурта, а іх, між іншым, 600!


На пытанне Еўрарадыё наконт стомленасці пасля пяцігадзіннага слухання (“Дзяцей” трэба менавіта СЛУХАЦЬ) і стаяння, фэны гурта, як адзін, крычалі, што ім было мала:

“Вы што! Такі зарад энергіі, такі драйв! Ух! Мала! Мы яшчэ б пяць гадзін адтанцавалі!” – прызналіся ўзрушаныя прыхільніцы гурта. “Зарад энергіі на ўвесь наступны месяц. Можна было б яшчэ ўдвая болей. Але я думаю, проста артысты б не вытрымалі! Шкада артыстаў, але вельмі класна! Супер!” – дадаў мужчына ў акулярах.

“Я лічу, што пасля кожнага канцэрту “Дзяцей” здаецца, што гэта быў самы лепшы іх канцэрт. Аднак, калі прыходзіш на наступны, ужо наступны падаецца лепшым. І так кожны раз. Проста гэтым разам яны праспявалі ўсё, што хацелася пачуць. Бо часам выходзіш з адчуваннем, што нечага не хапіла”, – падсумавала дзяўчына.



“ДзеціДзяцей” дасягнулі сваёй мэты – рэкорд пастаўлены, фэны задаволеныя. Адзінае, паўстае пытанне пра мэтазгоднасць падобнага эксперыменту. Людзі з боку, якія проста прыйшлі паслухаць канцэрт, на сярэдзіне сыходзілі: цяжка стаяць, а гурт трэба слухаць. А каб добра слухалася – трэба сядзець. А сядзець лепш ва ўтульных крэслах… Карацей, у выніку аказалася, “ДзеціДзяцей” – не клубны гурт. Ды і публіка іх занадта інтэлігентная для клубаў.

Тым не менш, хто з гуртоў, якім не споўнілася нават пяці гадоў, можа пахваліцца шасцігадзіннай праграмай? Хто яшчэ з маладых гуртоў (апроч “тубсаў”) можа пахваліцца поўным “Рэактарам”?! А калі ёсць у “Дзяцей” песень на 6 гадзін, значыцца некаму патрэбныя гэтыя песні!..

Адразу пасля канцэрта Еўрарадыё занялося адловам артыстаў у грымёрках. Міхаіл Зуй папрасіў прабачэння за свой выгляд (ён быў у трусах) і распавёў пра “пруху”, якая напаткала яго падчас выступу:

Міхаіл Зуй: “Я не ведаю, мэтазгодна ці не рабіць такі канцэрт, але напрыканцы выступу са мной здарылася эйфарыя. Пёрла. Было класна. Быў такі абмен энергіямі, і туды і сюды, што рабілася нават страшнавата”.

Апроч Міхаіла Зуя, у кулуарах Еўрарадыё напаткала яшчэ адна вялікая ўдача ў выглядзе вядомага беларускага акцёра Андрэя Каракі і не менш вядомага расійскага акцёра Віталя Ямашова (узгадайце серыял “Прынцэса цырку” – ён у галоўнай ролі)! Хлопцы аказаліся вялікімі прыхільнікамі гурта “ДзеціДзяцей”, шчыра прысутнічалі ўсе 5 гадзін і засталіся ў захапленні ад пачутага ды пабачанага:

Андрэй Карака: “Людзі не хацелі сыходзіць! Гэта складана растлумачыць! Гэта адчуваецца целам, фібрамі, мозгам, мазжачок уключаецца. Гэта тое, што хочацца ўзяць, тое, чаго не хапае арганізму”.

Віталь Ямашоў: “Аня сёння сказала адну важную рэч: “Падчас канцэрту адбываецца абмен энергіямі. Вас больш, і вы даеце нам больш, чым мы вам”. Насамрэч, яна мае рацыю і не мае. “Дзеці” даюць настолькі шмат, што купаешся ў моры пазітыву, падчас канцэрту ёсць дзе і пасмяяцца, і дзе задумацца, і пасумаваць, і дрыжыкі па целе”…

Андрэй Карака:
“Адчуванне дрыжыкаў у жываце. Як у дзяцінстве на арэлях, казычыць у жываце. Гэта вельмі рэдка бывае. Толькі на “ДзецяхДзяцей” і на арэлях!”



Віяланчэлістка Юля Глушыцкая цэлы канцэрт выслухоўвала прызнанні ў каханні ад невядомага навязлівага прыхільніка (ён увесь час крычаў: “Юля! Юля! Я цябе кахаю!”), аднак, нягледзячы на гэтую акалічнасць, была задаволеная зробленым і паскардзілася на недахоп часу: хацелася граць яшчэ!

Юля Глушыцкая: “Маглі б заспяваць больш песень. Часу не хапіла проста. Песні ж яшчэ засталіся. Я лічу, што сённяшні канцэрт быў патрэбны менавіта таму, што ўсіх не задаволіш. Калі падчас канцэрту гучаць 35 песень, то абавязкова некаму нечага не хопіць. Вось сёння, я спадзяюся, хапіла ўсім!”

На сцвярджэнне Еўрарадыё, што скончылі канцэрт сумна, Юля запратэставала:

Юля Глушыцкая: “Як гэта сумна! Ты памятаеш, пра што апошняя песня!? Нараджайце дзяцей пад альбом Radioheard! Гэта больш, чым жыццесцвярджальна!”


Галоўная “дзетка” Аня Хітрык падалася разгубленай і задуменнай (можна сабе ўявіць фронтмэна, які 5 гадзін пахаў на сцэне, які доўга вёў залу за сабою), стомленай і шчаслівай: 

Аня Хітрык: “ Ніколі я не бачыла такіх гледачоў. Стаяць гэтыя 500-600 чалавек, глядзіш налева – там твае: не крычаць і верашчаць, а плачуць, усміхаюцца. Сапраўдныя. Вы самі бачылі! У мяне ўсё баліць: спіна, шчокі, таму што я шмат усміхалася. Мы сёння былі камандай, гэта было прыемна: я куды не глядзела – увесь час лавіла вочы… Юлька, якая дапамагала, Міша, Паша, Сапон, Сеня… Мы проста вельмі шчаслівыя. І мне напляваць на тое, што мы стаміліся.

Часам мы стамляемся ад такой лухты! Часам, у тэатры я граю спектакль, які мне не падабаецца, і я так трачуся на тое, каб зрабіць так, каб ён мне спадабаўся, што мне сорамна. А зараз я стомленая страшна, але вельмі шчаслівая!”

Наступны канцэрт “ДзеціДзяцей” плануюць зрабіць на Каляды. Міхаіл Зуй абяцае фэнам настальгічны канцэрт з запіскамі:

Міхаіл Зуй: “Мы плануем зрабіць калядны канцэрт, крыху настальгічны, з запіскамі, са стасункамі з залай, як раней. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, на малой сцэне КЗ “Мінск”, на сцэне, дзе мы гралі ўпершыню. Канцэрт будзе больш ціхі, утульны, добры, хатні”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі