Дзе жыць камфортней: у жэсаўскім доме ці ў таварыстве ўласнікаў?

Еўрарадыё паглядзела, дзе жыць камфортней: у доме таварыства ўласнікаў ці ў жэсаўскім доме.

“Мы жылі ў жэсаўскім доме, але зараз пераехалі ў таварыства і зараз вось маці мужа ўгаворваем прадаць кватэру ў ЖЭСе і пераехаць у наша таварыства, — распавядае Еўрарадыё Вольга — жыхарка самага буйнога таварыства ўласнікаў Мінска “Зялёны бор”. — Тут спакойна, чыста, кветкі, рэгулярна смецце вывозяць. Паркоўка — у які б час ні прыехаў. Мы як пераехалі і адны жылі на паверсе, да нас прыбіральніца спачатку не даходзіла. Але муж патэлефанаваў дыспетчару і цяпер з самага ранку прыбіраюць, вітаюцца, міліцыя часта патрулюе тэрыторыю”.

Параўноўваем з Вольгай жыроўку за яе двухпакаёўку са звычайнай жэсаўскай жыроўкай. Тарыфы на тэхабслугоўванне і капрамонт… аднолькавыя.

“Тэхабслугоўванне — 30 тысяч прыкладна, адлічэнні на капрамонт — таксама 30 тысяч, плюс падагрэў вады, кабельнае, ліфт, вада-каналізацыя, ліфт на чалавека 2200 рублёў”, — за двушку Вольга плаціць 190 тысяч, плюс 40 тысяч за кабельнае, плюс электрычнасць. Прыкладна столькі ж выходзіць за двушку пад ЖЭСам — 140 тысяч рублёў за квартплату, гэта калі ўпісвацца ў нормы па вадзе, і плюс 80 тысяч святло.

“У нас тарыфы прымяняюцца, што ўстаноўленыя Саўмінам. Але ёсць дадатковы ўзнос. Тарыфы на тэхабслугоўванне, вызначаныя дзяржавай, вельмі маленькія. І мы вырашылі ўвесці дадатковы ўзнос — тое ж тэхабслугоўванне, але паводле іншых тарыфаў. У нас на метр квадратны 1800 рублёў, а па дзяржтарыфах — 500. Выходзім у нуль”, — здзіўляюць мяне ў бухгалтэрыі Таварыства “Зялёны бор”. Атрымліваецца, за тэхабслугоўванне тут плацяць двойчы. Кажуць, каб выйсці ў нуль, узімку выдаткі большыя, улетку меншыя — і за кошт розніцы атрымліваецца трымацца на плаву.

У таварыствах, як і ў ЖЭСах, ёсць свае неплацельшчыкі. Ёсць і дадатковыя плацяжы, да прыкладу за расчыстку снегу, бягучы рамонт.

“У вялікім таварыстве — гэта не такія адчувальныя выдаткі. А ў маленькім будуць нейкія дадатковыя аплаты, калі жыхары хочуць, каб усё гэта было”.

У ЖЭСе № 78 г. Мінска кажуць, што ў іх раёне таксама былі кааператывы, але потым перайшлі ва ўладу ЖЭСаў. 

“Нават не магу сказаць, што лепей. У нас старыя дамы зараз перайшлі на абслугоўванне ЖЭСа. Першыя гады пасля пабудовы — кааператывы самі спраўляюцца, а ў ЖЭСы пераходзяць, калі ўсё ўжо парахнее , каб ЖЭС гэта ўсё выпраўляў”

Сумняваюцца, дзе абслугоўвацца лепей — у ЖЭСе ці таварыстве, нават у “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”. Тут адзначаюць, што ў доме таварыстваў парадку больш, калі падабраліся добрыя людзі:

“Ну, у ЖЭСах — праблема з прыборкай. Гэта адразу вам кажу. Тут кантынгент самі ведаеце, які. А так у вас будзе чалавек — старшыня кааператыву, з якога вы можаце спытаць, куды ідуць вашыя грошы. Але многае будзе залежаць ад людзей. Калі будуць актыўнымі — усё будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі