Вы тут

Дыялог складаны, але дзелавы — у Жэневе пачынаюцца перамовы РФ і ЗША

Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн дамовіліся аб правядзенне шэрагу перамоў​ / Reuters

У Жэневе адбылася папярэдняя сустрэча прадстаўнікоў дэлегацый ЗША і Расіі. Перамовы адбудуцца сёння ў рамках Дыялогу аб стратэгічнай стабільнасці.

Размова была складанай, але дзелавой. Так ахарактарызаваў вынікі папярэдняй сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў. Расійскі бок, паводле яго слоў, настроены аптымістычна.

У Дзярждэпартаменце ЗША са свайго боку адзначылі, што падчас сустрэч з Рабковым намеснік дзяржсакратара Вэндзі Шэрман казала аб прыхільнасці Вашынгтона міжнародным прынцыпам суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і свабоды нацый выбіраць свае ўласныя саюзы. Акрамя таго яна сказала Рабкову, што Злучаныя Штаты гатовыя дыскутаваць з Расіяй у двухбаковых пытаннях, але не будуць абмяркоўваць еўрапейскую бяспеку без еўрапейскіх  партнёраў.

Нагадаем, Расія чакае ад ЗША і NATO юрыдычных гарантый бяспекі — падпісанага дакумента, дзе будзе замацаваны прынцып непашырэнне НАТА на усход, у тым ліку адмова ад прыняцця ў склад альянсу Украіны.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен напярэдадні перамоваў заявіў, што падчас гэтых сустрэч наўрад ці будуць дасягнутыя значныя поспехі, пакуль Расія "трымае Украіну пад дулам пісталета".

Пасля сустрэчы ў Жэневе абмеркаванне гэтых пытанняў будзе працягнута на пасяджэнні Савета Расія-NATO ў Брусэлі 12 студзеня і пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене 13 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.