Дыспетчар службы 102 адгаварыла гродзенца ад суіцыду

Дыспетчар службы 102 адгаварыла гродзенца ад суіцыду

Дыспетчар службы 102 Вольга Гамеза адгаварыла гродзенца ад суіцыду. Як інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, здарэнне адбылося ўдзень 13 лютага. 32-гадовы п'яны мужчына, ад якога сышла жанчына, хацеў пусціць у кватэру газ. Але перад гэтым ён чамусьці вырашыў патэлефанаваць па нумары 102. Ён шчыра распавёў пра свой намер. Дыспетчар пачала цягнуць час — распытвала пра тое, што здарылася ў мужчыны. А тым часам яго адрас быў устаноўлены і туды накіравалі нарад міліцыі.

Пакуль міліцыя ехала на месца, Вольга Гамеза працягвала размову, угаворвала мужчыну адмовіцца ад намеру здзейсніць суіцыд. І ў яе гэта атрымалася, мужчына не ўключыў газ. Больш таго, яму вельмі спадабаўся голас жанчыны і яе манера размовы (а яна працягвалася каля 40 хвілін). Ён прапанаваў ёй неадкладна сустрэцца. Сустрэчу прызначылі каля крамы. Зразумела, на яе дыспетчар не пайшла, туды перанакіравалі нарад міліцыі. Мужчыну, які "выказваў намер здзейсніць неадэкватныя дзеянні", затрымалі. 

Міліцыя адзначае, што, дзякуючы дзеянням Вольгі Гамеза і аператыўнасці міліцыянераў, "жыццё чалавека было выратавана". Якія наступствы чакаюць мужчыну з-за яго ўчынку, не паведамляюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі