Дыпламатку Шульц цягаюць па РУУС: чым гэта адгукнецца беларускім уладам

Часовага паверанага ў справах ЕС у Беларусі Эвеліну Шульц беларускія сілавікі затрымалі 6 верасня пасля вынясення прысуду па “справе анархістаў”. Жанчыну адвезлі ва УУС Фрунзенскага раёна Мінска і пратрымалі там каля дзвюх гадзін.

Прадстаўнікоў Еўрасаюза цягаюць па ўстановах беларускага МУС. Чым адкажа Еўропа?

— Трэба глядзець, па-першае, што пазначана ў Пагадненні аб Прадстаўніцтве, як там павінны вырашацца спрэчкі ў выпадку парушэння, — расказвае Еўрарадыё юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук, дацэнтка Кацярына Дэйкала. — На жаль, я ў першасным пошуку не змагла знайсці яго поўны тэкст (з доступам да прававой інфармацыі ў нас тугавата). Але ў кожным разе юрыдычна — парушана міжнароднае пагадненне, і ЕС можа ўключыць працэдуру, якая прадугледжана ў такіх выпадках міжнародным правам, — заклікаць Беларусь да адказнасці, патрабаваць кампенсацыі шкоды і гэтак далей.

Гэтаксама ў такіх выпадках звычайна ідзе нейкая рэакцыя на дыпламатычным узроўні. Вядома, пра “люстранасць” (як у выпадку “абмену высылкай” дыпламатаў) у гэтым выпадку гаварыць нельга. Гэта значыць, у адказ на затрыманне твайго дыпламата нельга затрымаць дыпламата краіны-парушальніка, але можна выслаць, напрыклад.

Магчыма, ЕС адрэагуе яшчэ нейкім чынам. Пры гэтым важна разумець, наколькі важным для ЕС ёсць захаванне ў Беларусі свайго прадстаўніцтва. Вастрыня рэакцыі ў такіх выпадках звычайна залежыць ад агульнай стратэгіі.

Ліпень 2022-га, Эвеліна Шульц з еўрапейскімі дыпламатамі каля Вярхоўнага суда Беларусі / Deutsche Botschaft Minsk

“Калі было затрыманне, то гэта сведчанне зусім ужо апушчанай планкі”

Ці мелі “органы” хоць нейкія прававыя падставы, каб забраць Эвеліну Шульц у Фрунзенскае УУС?

— Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі карыстаецца статусам дыппрадстаўніцтва, а, адпаведна, яго персанал — усімі імунітэтамі, уласцівымі персаналу дыппрадстаўніцтва, — працягвае Кацярына Дэйкала. — Такі яго статус вызначаны ў Пагадненні паміж Рэспублікай Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў аб заснаванні, прывілеях і імунітэтах Прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь.

Асабістыя імунітэты дыпперсаналу прапісаны ў Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года. І яны абсалютныя. Гэта значыць, дыпламатычны работнік цалкам адбіраецца з-пад юрысдыкцыі дзяржавы знаходжання (і крымінальнай, і адміністрацыйнай і грамадзянскай). У грамадзянскай юрысдыкцыі ёсць толькі некаторыя выключэнні, калі дыпламату могуць быць прад'яўлены грамадзянскія пазовы (калі яны датычацца яго прыватнай нерухомай маёмасці на тэрыторыі дзяржавы знаходжання, пытанняў атрымання ў спадчыну, прыватнай прафесійнай або камерцыйнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца акрамя сваіх афіцыйных функцый).

Гэта значыць, затрымаць яго нельга ні пры якіх умовах або абставінах. То-бок калі сапраўды было затрыманне — Эвеліну Шульц наогул не мелі права затрымліваць ні пры якіх абставінах, што б там ні было. Гэта сведчанне зусім ужо апушчанай планкі.

Эвеліна Шульц / ААН

— Калі яна [Эвеліна Шульц] мае дыпламатычны пашпарт, а я зыходжу з гэтага, то яна пад абаронай Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах і, адпаведна, мае недатыкальнасць, — выказваецца экс-дыпламат Павел Мацукевіч. — Тут трэба ведаць усе акалічнасці, каб рабіць дакладныя высновы. Пытанне, яе сапраўды затрымлівалі ці прапанавалі паехаць і паразмаўляць. То-бок быў прымус ці прапанова, на якую яна пагадзілася. Калі быў прымус з боку ўладаў — адна справа, калі прапанова паразмаўляць і яна была прынятая — іншая. Трэба дакладна ведаць гэтыя акалічнасці.

Верагодныя наступствы — нота пратэсту ці гучная заява, “на дыван” у Бруселі могуць паклікаць кіраўніка беларускага прадстаўніцтва, каб выказаць “фэ” і запатрабаваць ад яго тлумачэнняў. Але залежыць таксама ад наступных крокаў бакоў. Напрыклад, беларускі бок можа яе ў нечым абвінаваціць, напрыклад ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы і гэтак далей, і на гэтай падставе аб'явіць персонай нон грата і выслаць з краіны/запатрабаваць пакінуць краіну, напрыклад, на працягу 48 гадзін. Тады, хутчэй за ўсё, ЕС зробіць люстраны крок і адправіць дадому беларускага дыпламата з Бруселя.

— Я не веру ў версію пра тое, што Эвеліна Шульц сама пагадзілася праехаць у міліцыю, — каментуе сітуацыю адказны па прававых пытаннях НАУ Міхаіл Кірылюк. — У выпадку калі яна [Эвеліна Шульц] не пагадзілася на патрабаванне прайсці ў міліцыю, то значыць, што сілавікі абавязаныя пайсці ў МЗС, напісаць туды ліст і чакаць, пакуль Макей па дыпканалах звяжацца з яе кіраўніцтвам. Так што тут прававых падстаў прыкладна як з пасадкай “Боінга” Ryanair. І гэта сур'ёзны пралік, які можа дорага абысціся Лукашэнку. Найбольш сур’ёзныя санкцыі ўводзіліся пасля атакі Лукашэнкі на ЕС (мігранцкі крызіс, “Боінг”, вайна).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.