"DW": За Brexit Вялікабрытанія гатовая выплаціць Еўрасаюзу 20 млрд еўра

"DW": За Brexit Вялікабрытанія гатовая выплаціць Еўрасаюзу 20 млрд еўра

Вялікабрытанія гатова выплаціць Еўрасаюзу за выхад з яго складу 20 млрд еўра. Пра гэта шэрагу краін ЕС паведаміў дарадца брытанскага прэм'ер-міністра Тэрэзы Мэй па пытаннях ЕС Олівер Робінс, перадае "Deutsche Welle" са спасылкай на газету Financial Times. 

Дакладны памер сумы, якую Лондан гатовы выплаціць Брусэлю, Тэрэза Мэй можа афіцыйна абвясціць 22 верасня ў Фларэнцыі. Там яна выступіць з праграмнай прамовай, прысвечанай Brexit.

Тым часам у брытанскім урадзе звесткі пра суму ў 20 млрд еўра ўжо назвалі "чыстай спекуляцыяй". 

Фінансавы аспект Brexit — адзін з самых спрэчных пунктаў у перамовах паміж Лонданам і Брусэлем. Паводле неафіцыйных звестак, ЕС патрабуе ад 60 да 100 млрд еўра. Як заявіў еўракамісар па бюджэце Гюнтэр Этынгер, грошы мусяць быць выплачаныя да 2023 года.

Перамовы ЕС і Лондана ідуць з сёлетняга чэрвеня, але пакуль не прынеслі асаблівага плёну. Завяршэнне працэдуры Brexit чакаецца да канца сакавіка 2019 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі