Два акрабаты новага шоў Cirque du Solei — былыя беларускія спартоўцы

Шоў “Dralion” Cirque du Soleil існуе з 1999 году, але да нас яно даехала толькі цяпер: прадстаўленні ў Мінск-Арэне будуць праходзіць кожны дзень да 23 сакавіка. Галоўныя персанажы пастаноўкі драліёны — істоты з галавой цмока і целам льва, якія сімвалізуюць яднанне Ўсходу ды Захаду. Сустрэча двух культур ды чатырох стыхіяў і ёсць асноўная ідэя шоў. У камандзе Dralion разам з тэхнікамі, касцюмерамі, ды музыкамі сто чалавек з 19 краін свету. Толькі 54 з іх — артысты. І ў гэты лік трапілі два беларускія акрабаты.

Яша Ракіцкі і Раман Данілаў, — распавядае публіцыст пастаноўкі Жулі Дэмарэ. — Яша прыйшоў да нас у 2010 годзе, калі скончыў спартовую кар’еру. Атрымліваецца ў “Dralion” ён больш за 3 гады. А Раман прыйшоў толькі ў студзені 2014, ён цяпер вучыцца і на сцэну не выходзіць”.

Кожны акрабат вучыць свае ролі прыкладна 6 месяцаў, пакуль яго нарэшце выпускаюць на сцэну. На арэне артысты трэніруюцца па чарзе, па некалькі гадзін за дзень. Першыя суткі у новым горадзе увогуле нікога з пляцоўкі не адпускаюць з дванаццаці дня да пяці вечара. Прычым, запасных акцёраў няма, на выпадак траўмы ці хваробы артысты падмяняюць адзін аднаго.

Так выглядаюць драліёны, у пастаноўцы іх задзейнічана пяць

“Проста знаходзіш сабе нейкія захапленні, хобі, робіш свае нумары больш складанымі, — здзіўляецца пытанню, ці не надакучвае рабіць адно і тое ж цягам некалькіх гадоў 24-гадовы магілёвец Якаў Ракіцкі (шоў “Dralion” дае больш за 400 канцэртаў на год — заўв. Еўрарадыё). — Атрымліваецца, ты ўвесь час павышаеш планку і развіваешся. Тым больш, я самастойна магу ўносіць змены ў свае нумары. Калі нейкі элемент прыдуманы і адрэпетаваны, я яго паказваю трэнеру ды арт-дырэктару і, калі ўсё стабільна, то дазваляюць выкарыстоўваць”.

Паралельна з працай Якаў вучыцца на фітнэс-трэнера. Як высветлілася, Cirque du Soleil не толькі дазваляе акцёрам вучыцца, але і аплачвае іх адукацыю. Кантракт беларуса заканчавецца сёлета, але пакуль Якаў не спяшаецца звальняцца. Маўляў, праца цікавая, а прыватнае жыццё пачакае.

Якаў Ракіцкі і Жулі Дэмарэ

Галоўная дэкарацыя сцэны — металічная сцяна. Шырынёй яна 18 метраў і вышынёй 12 метраў

У асноўным, акцёрская трупа “Драліёна” складаецца з прадстаўнікоў усходніх краін. Па словах мастацкага кіраўніка пастаноўкі Марка Шоба, гэта не выпадкова.

“Усходняя акрабатыка больш дакладная, больш тонкая, — тлумачыць Марк. — каб скакаць праз колцы, патрэбная менавіта дакладнасць. Але гэта не значыць, што еўрапейскія акрабаты горшыя, не! Проста для нумароў “Драліёна” так атрымалася, што падабраліся менавіта прадстаўнікі Усходу”.

Дзякуючы спецыяльнай канструкцыі пад купалам, на сцэну апускаюцца масіўныя дэкарацыі, а артысты могуць лётаць у паветры і выконваць складаныя трукі.

За 15 гадоў існавання шоу амаль не змянялася: тое, што паказвалі ў 1999 годзе, можна ўбачыць і цяпер. Адзінае — раней Dralion вазілі з сабой свой уласны купал, але ў 2010 годзе пачалі ставіць шоў на розных арэнах. Тым не менш, пакуль акцёры і персанал ляцяць на новае месца на самалёце, усё абсталяванне вязуць 24 фуры, 3 з якіх аддадзеныя пад касцюмы.

“Каля 3000 элементаў касцюмаў, толькі абутку 300 адзінак, — распавядае пра свае “скарбы” галоўны касцюмер “ДраліёнаМеладзі Татанія Вуд. — У нас жа 2 кантэйнеры з грымам і рознымі прыладамі для яго выкарыстання. Сочаць за ўсім гэтым 4 чалавекі, плюс, у кожным горадзе мы бярэм 2-3 мясцовых касцюмераў у дапамогу. Але мы тут не ствараем касцюмы, іх распрацоўваюць і шыюць у Манрэалі. Тут мы іх чынім, дадаём элементы, калі яны патрэбныя, натуральна, прасуем, мыем, парым і г.д.”.

Перад пастаноўкай касцюмы правяраюцца і чыняцца

Абутак таксама фарбуюць, калі на ім нават невялічкія драпінкі

Цягам месяца акцёраў вучаць самастойна грыміравацца. Сцэнічны грым накладаецца каля гадзіны. (На фота шуфляда з пэндзлікамі для грыма)

Пастаноўка “DralionCirque du Soleil — неверагодная сумесь акрабатыкі і харэаграфіі пад дынамічную і, што важна, жывую музыку. Перадаць эмоцыі, якія перажывае глядач падчас шоў, немагчыма. Лепш самому ўбачыць, чаго вам і раім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі