Дуда накладзе вета на судовую рэформу, якая выклікала масавыя пратэсты ў Польшчы

Дуда накладзе вета на судовую рэформу, якая выклікала масавыя пратэсты ў Польшчы

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накладзе вета на закон аб Вярхоўным судзе і Нацыянальным судовым рэестры. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на брыфінгу 24 ліпеня ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве.

Паводле слоў Анжэя Дуды, Польшча мае патрэбу ў сур’ёзнай судовай рэформе. Але ён лічыць, што гэтая рэформа павінна быць мудрай.

Судовую рэформу ў Польшчы ініцыявала кіруючая партыя "Права і справядлівасць" (ПіС). Яна падрыхтавала законы, якія ўжо прынялі парламент і сенат, дзе ПіС мае большасць. Калі б змены набылі сілу, гэта прывяло б да фактычнай ліквідацыі падзелу ўладаў: судовая сістэма падпарадкавалася б выканаўчай і заканадаўчай — міністру юстыцыі і Парламенту. 

Амаль тыдзень пад палацам прэзідэнта і будынкам Вярхоўнага суда ў Варшаве праходзілі шматтысячныя акцыі пратэсту. Таксама да пратэстаў далучыліся іншыя польскія  гарады: Познань, Катавіцы, Беласток, Кракаў. На акцыі пратэсту ў Сувалках выступіў былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. 

Каментуючы сваё рашэнне Анджэй Дуда паведаміў, што праект закона аб Вярхоўным судзе перад прадстаўленнем Сейму не быў пададзены яму як прэзідэнту, таму ён не мог падаць свае заўвагі.

Кіраўнік Польшчы паабяцаў, што цягам двух месяцаў будзе падрыхтаваны новы праект судовых рэформаў.

Прапанаваная ПіСам “рэарганізацыя” Вярхоўнага суда прывяла б да адстаўкі старшыні і суддзяў гэтай установы. І толькі Міністэрства юстыцыі магло б захаваць пасады за суддзямі Вярхоўнага суда. 

Таксама аўтаматычна працу губляюць больш за 300 супрацоўнікаў Вярхоўнага суда. Але асноўная небяспека ў тым, што менавіта Вярхоўны суд Польшчы з’яўляецца тым юрыдычным інстытутам, які прызнае вынікі выбараў. Прыняты Сеймам і ўхвалены Сенатам, закон таксама дае Міністэрству юстыцыі аднаасобнае права прызначаць усіх высокапастаўленых суддзяў. 

Пакуль прэзідэнт Польшчы не абвясціў пра вета на трэці законапраект. Ён датычыць судоў агульнай юрысдыкцыі. Паводле гэтага законапраекта міністр юстыцыі можа прызначаць старшынь судоў агульнай юрысдыкцыі. Акурат гэты закон фактычна прыводзіць да палітычнага кантролю над судовай сістэмай у краіне. Дзяржаўны сакратар Кшыштаф Лапіньскі ўжо распавёў, што прэзідэнт падпіша гэты закон.

Дарэчы, нават пасля сённяшняй заявы Анджэй Дуды польскі Сейм можа адрынуць вета прэзідэнта  парламенцкай большасцю 3/5 галасоў. Калі Сейм адхіліць гэтае вета прэзідэнта, то ў яго не будзе іншага выбару  як паўторна падпісаць прыняты Сеймам закон. Калі ў парламенце такой большасці не будзе, то закон не набудзе юрыдычную сілу.

Як паведамляе тэлеканал tvn24, адразу пасля заявы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды кіраўнік польскай партыі “Права і Справядлівасць” Яраслаў Качынскі тэрмінова склікаў нараду. У ёй бяруць удзел cпікеры Сейму і Сенату,  некалькі міністраў, у тым ліку міністр унутраных спраў, міністр абароны і прэм’ер-міністр Польшчы. На просьбу журналістаў пракаментаваць гэтую тэрміновую сустрэчу кіраўнік ПіС Качынскі адказаў: “Без каментароў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі