Вы тут

Долар і еўра ў Беларусі працягваюць падаць: у пятніцу — на паўтары капейкі

Долар і еўра патаннелі 11 чэрвеня больш чым на 1,5 капейкі / Еўрарадыё

Па выніках таргоў 11 чэрвеня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара апусціўся да 2,48 рубля, а еўра — да 3,02 рубля. Гэта мінімальныя значэнні для замежных валют за многія месяцы.

Курс долара быў ніжэйшы толькі 20 жніўня мінулага года (2,46 рубля), а еўра — 12 лістапада (3,01 рубля). З чым звязана ўмацаванне беларускага рубля ва ўмовах, калі эканоміка Беларусі адчувае сябе не тое каб зусім упэўнена?
 

Прадпрыемствы прадаюць валюту

— Гэта значыць, што попыт на валюту меншы за яе прапанаванне на рынку. Як сітуацыя зменіцца ў будучыні — не ведаю. Цяпер настолькі турбулентны час, што складана нешта прагназаваць, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Міхаіл Дземідзенка. — У Нацыянальнага банка абсалютна празрыстая курсавая палітыка. Мы не кантралюем валютны курс. Яго дынаміка, асабліва нямоцныя ваганні, вызначаецца рынкам.

Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб таксама тлумачыць сітуацыю тым, што на Беларускай валютна-фондавай біржы валюты больш прадаюць, чым купляюць. Пры гэтым людзі з'яўляюцца чыстымі пакупнікамі валюты, а яе лішкі, пад уплывам якіх умацоўваецца рубель, прыносяць прадпрыемствы.

А валюта ў прадпрыемстваў ёсць таму, што сусветная эканоміка аднаўляецца пасля COVID-19. Гандаль на знешніх рынках ажывіўся. За студзень — красавік экспарт тавараў у цэнавым выражэнні павялічыўся на 35,3% да адпаведнага перыяду 2020 года, калі сусветная эканоміка была паралізаваная каранавірусам.

— Цэны на нафту і калій выраслі. Экспарцёры атрымліваюць больш валютнай выручкі — могуць больш прадаваць валюты, — адзначае эксперт. Сёння нейкаму з прадпрыемстваў трэба было прадаць шмат валюты. Заўтра, магчыма, трэба будзе купіць шмат — і павінен адбыцца адскок.

На курс беларускага рубля ўплывае і ўмацаванне расійскага рубля. Бо яго доля ў валютным кошыку складае 50%. А курс расійскага рубля таксама ўмацоўваецца на фоне падаражэння нафты.

Цана Brent — $72,52 — гэта максімум з траўня 2019 года / Reuters

Рубля патрэбна эфектыўная эканоміка

Каб курс беларускага рубля ўмацоўваўся і далей, эканоміка павінна працаваць больш эфектыўна. Тады экспарт будзе расці, як і прапанаванне замежнай валюты на рынку, адзначае начальніца ўпраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацыянальнага банка Наталля Мірончык.

— Калі глядзець у доўгатэрміновай перспектыве, адназначна беларускі рубель недаацэнены. Каб ён стаў умацоўвацца ў доўгатэрміновай перспектыве, патрэбны фундаментальныя фактары. Трэба падвышаць эфектыўнасць рэальнай эканомікі, падвышаць якасць менеджменту на нашых прадпрыемствах. Тады прадпрыемствы будуць канкурэнтаздольныя не па цане, а па якасці, і не трэба будзе ажыццяўляць цэнавую падтрымку экспарцёрам. Таму што заклікі якія: "Аслабляйце курс, каб падтрымаць экспарцёраў", — робіць выснову Наталля Мірончык.

Рэч у тым, што ўмацаванне беларускага рубля адносна замежных валют робіць даражэйшым экспарт з Беларусі. Атрымліваецца парадокс: чым больш наша краіна экспартуе, тым больш у краіне замежнай валюты і тым лепш адчувае сябе беларускі рубель. Але чым вышэйшы курс беларускага рубля, тым даражэйшымі беларускія тавары становяцца на знешніх рынках і тым складаней іх становіцца прадаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.