Вы тут

Долар абваліцца праз санкцыі ЗША: як крамлёўская прапаганда трапляе на БТ

Крах амерыканскай валюты / Еўрарадыё

Санкцыі ЗША прывядуць да таго, што давер да долара знізіцца, і праз некалькі гадоў амерыканскую валюту чакае крах. Такое "прароцтва" пра лёс амерыканскай валюты прагучала з экранаў беларускіх тэлевізараў.

"Эксперты прадракаюць долару забыццё: актыўнае прымяненне санкцый урадам ЗША сур'ёзна падрывае каштоўнасць долара як сродку зберажэння. З гадамі гэта прывядзе да скарачэння выкарыстання амерыканскай валюты, мяркуюць расійскія эксперты. Долар ЗША проста страціць статус надзейнага сродку зберажэння і сродку аплаты", — з сур'ёзным тварам паведамляе вядучая навін на "Беларусь 1".

Хто гэтыя "эксперты"?

Еўрарадыё знайшло тых самых "экспертаў", якіх згадвае беларуская тэлевядучая. Упершыню пра крах долара праз санкцыі — амаль тымі ж словамі, што прагучалі ў эфіры БТ, — у расійскім інфаполі загаварылі шэсць гадоў таму. І не хто-небудзь, а Уладзімір Пуцін!

"ЗША, уводзячы эканамічныя санкцыі супраць Расіі, падрываюць давер інвестараў да долара як рэзервовай валюты. Дабрабыт тых жа Злучаных Штатаў у велізарнай ступені залежыць ад даверу інвестараў, замежных трымальнікаў долара і амерыканскіх каштоўных папер. Давер відавочна падрываецца", — так яшчэ ў 2014 годзе прэзідэнт РФ рэагаваў на амерыканскія санкцыі супраць Расіі пасля дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны.

Гады ішлі, але давер да долара не знікаў. Гэта не перашкодзіла кіраўніку МЗС РФ Сяргею Лаўрову ў 2018 годзе паўтарыць тэзіс Пуціна. А 23 снежня 2020 года з падобнай заявай выступіў намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Аляксей Заботкін:

"Актыўнае выкарыстанне рэжыму санкцый у апошнія гады, якое ажыццяўлялася адміністрацыяй ЗША, сур'ёзна падрывае каштоўнасць долара ЗША як надзейнага сродку зберажэння і сродку аплаты", — сказаў Заботкін.

Атрымліваецца, што беларускае тэлебачанне проста скапіявала расійскі парадак дня пра крах долара ў сваім выпуску навін. Дзяржпрапаганда рэагуе на санкцыі ЗША, але чужымі словамі.

А санкцыі ЗША наогул неяк уплываюць на долар?

"Такія выказванні, вядома, складана каментаваць без смеху. Увесь досвед беларускага жыцця і беларускай эканомікі: мы ад долара ні раней не адмаўляліся, ні ў найбліжэйшай перспектыве не адмовімся, — расказвае Еўрарадыё галоўны рэдактар партала Myfin.by Уладзімір Лужнёў. — Давер да беларускага рубля не павялічваецца. Па статыстычных звестках відаць, што большая частка насельніцтва свае зберажэнні захоўвае якраз-такі ў доларах. Нейкіх падстаў, што давер да долара можа быць страчаны, я не бачу.

Што да Расіі, то ў сусветным гандлі доля выкарыстання Расіяй долара — менш за два адсоткі. Нават калі частка гэтых разлікаў будзе пераведзена з долара ў іншыя валюты, гэта наўрад ці хтосьці заўважыць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.