Вы тут

Доктару, які сядзіць за хабар, суд вярнуў больш за паўмільёна долараў

Аляксандр Бялецкі падчас суда ў лютым 2019 года / "Белсат"

Мінскі гарадскі суд 3 снежня разглядаў скаргу акадэміка, лаўрэата Дзяржпрэміі, вядомага лекара Аляксандра Бялецкага, асуджанага за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, паведамляе TUT.by. Ён адбывае пакаранне ў сем з паловай гадоў у папраўчай калоніі №3 ("Віцьба").

Акадэмік звярнуўся ў суд з просьбай адмяніць канфіскацыю маёмасці. На яе быў накладзены арышт, але ў прыбытак дзяржавы яшчэ нічога не пераходзіла.

У сваёй скарзе Бялецкі спаслаўся на змены ў Крымінальны кодэкс, прынятыя гэтым летам. З закону было выключана дадатковае пакаранне ў выглядзе канфіскацыі маёмасці. Заяву Бялецкага падтрымала яго адвакатка Марыя Севярын, а пракурор Аляксандр Кароль не стаў пярэчыць. Суд пастанавіў адмяніць арышт на маёмасць. 

Згодна з рашэннем суда акадэміку Бялецкаму вернуць наступную маёмасць:

дзве памятныя манеты чэмпіянату свету па хакеі 2014 года; 

памятную манету Свяціцеля Мікалая Цудатворца; 

драўляную скрынку са сподкам, падшклянкам і лыжкай; 

больш за 125 тысяч долараў на рахунках у банках; 

аўто BMW X3; 

гараж і кватэру ў Мінску; 

будынак у Ратамцы; 

парковачнае месца; 

65 тысяч еўра; 

354 600 долараў; 

аблігацыі на суму ў 15 тысяч даляраў; 

iPhone.

Суд над Бялецкім адбыўся ў лютым 2019 года. Навуковец прызнаў, што атрымаў 4000 еўра і 3000 долараў, але ўспрыняў іх як падарунак. Частку грошай акадэмік выдаткаваў на кангрэс у Барселоне, дзе ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі 12 чалавек.

Вялікія сумы грошай на рахунках і ў сябе дома Бялецкі патлумачыў тым, што яму давалі іх заможныя сябры, і гэта не звязана з прафесійнай дзейнасцю.

Адвакаты Бялецкага падавалі апеляцыю на суровы прысуд, але суд не змякчыў пакаранне навукоўцу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.