“Дна” ў беларускага “зайчыка” не існуе

За апошнія некалькі тыдняў беларускі рубель услед за расійскім значна аслабеў і ўстанавіў новы рэкорд: у абменніках долар прадаюць даражэй за 17 000, а еўра ― больш за 19 тысяч рублёў!

Ці варта чакаць яго ўзмацнення і ад чаго так моцна прасеў валютны рынак? 

Старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб заўважае, што гаварыць пра нейкае дно беларускага “зайчыка” некарэктна. На думку эканаміста, тое, што адбываецца з беларускім рублём – адлюстраванне падзення коштаў на нафту і, як следства, падзенне расійскага рубля. З унутраных эканамічных прычын, якія маюць уплыў на сітуацыю, Вадзім Іосуб называе адток рублёвых укладаў і канвертацыю іх у валютныя.

“Як доўга працягнецца падзенне коштаў на нафту – казаць нельга, таму казаць пра нейкае дно беларускага рубля немагчыма”, − кажа эксперт.

Вадзім Іосуб падкрэслівае, што сітуацыя з валютай цяпер складаецца на аснове рыначных законаў, а не адміністрацыйных рэсурсаў.

“Добра, што кіраўніцтва краіны і Нацбанка праводзяць стрыманую палітыку ў адносінах даходаў насельніцтва і не ўключаюць друкарскі станок, а таксама не ўліваюць лішнія грошы ў эканоміку ў выглядзе доўгатэрміновых заёмных сродкаў”, − кажа Вадзім Іосуб.  

Адвязацца ад расійскага рубля, як мяркуе Вадзім Іосуб, даволі проста. У тэорыі.

“Зараз у нас экспарт на 40−50% ідзе ў Расію. Як толькі мы зможам перанакіраваць нашу прадукцыю ў іншы рэгіён, навучымся энергарэсурсы браць у іншым рэгіёне, адвяжамся ад расійскага рубля”, − кажа Іосуб.

Пакуль гэтага не адбылося, мы будзем моцна залежаць ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў Расіі.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук таксама раіць як мага хутчэй пераарыентавацца на іншы рынак збыту беларускай прадукцыі, гэта дазволіць знізіць залежнасць беларускага рубля ад расійскага.

Але Яраслаў Раманчук прагназуе хуткі рост курсаў. Яшчэ да выбараў курс долара можа вырасці да 18 тысяч рублёў за долар. А пасля выбараў дэвальвацыя паскорыцца.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, адвязацца ад расійскага рубля наадварот будзе даволі складана, бо беларускі экспарт цесна завязаны менавіта на расійскім рынку.  Туды ідзе наша прамысловасць, харчаванне.

“Калі падаюць кошты на нафту, а 70% даходаў Расіі – гэта якраз даходы з энергарэсурсаў, і калі цэны на іх падаюць, падае расійскі рубель. І мы ідзем услед за Расіяй. Але ў рэшце рэшт, беларускі рубель як і расійскі выйдзе на нейкі раўнаважны курс”.

Між тым у абменніках ажыятажу не назіраецца, нехта набывае долары на аплату арэнды кватэры, нехта на адпачынак. Як заўважаюць Еўрарадыё касіры абменнікаў, калі і набываюць, то невялікія сумы, па 200−300 долараў на чалавека.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі