Дэпутаты і сенатары будуць ездзіць на ўласных аўто за дзяржаўны кошт

“Грашовая кампенсацыя выплачваецца для кампенсацыі выдаткаў на аўтамабільнае паліва, у тым ліку дэпутату Палаты прадстаўнікоў і члену Савета Рэспублікі, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, — для праезду ад месца працы да месца камандзіравання і назад да месца працы…”, гаворыць урывак з пастановы Саўміна за 17 траўня.

Калі прасцей — дэпутатам і сенатарам ужо пачалі аплачваць выдаткі на паліва для асабістых аўтамабіляў. Ліміт — сем базавых на месяц. На сёння гэта 700 тысяч рублёў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Юркевіч з Пружан расказвае, што па сваім раёне ездзіць даволі часта. Але грошы за паліва пакуль не атрымліваў — пастанова выйшла нядаўна, і дэпутаты яе не паспелі ацаніць.

“Часта езджу, дастаткова часта. Гэта ж абавязак дэпутата. Але новую пастанову пакуль пракаментаваць не магу. Яна толькі выйшла. Як пачне працаваць, можна будзе размаўляць аб яе эфектыўнасці”.

Еўрарадыё правяло няхітрыя падлікі і высветліла, што на аўтамабілі з сярэднім апетытам за 700 тысяч можна праехаць прыкладна ад 1200 кіламетраў (калі машына з бензінавым рухавіком) да 1600 (калі рухавік дызельны). Гэта адлегласць ад Брэста да Віцебска і назад.

Але дэпутату па такім маршруце ездзіць няма патрэбы. Таму бярэм Лунінецкі раён: ён мае самую вялікую плошчу сярод іншых раёнаў Беларусі. У парламенце яго прадстаўляе Валянціна Верас, якая зараз зможа смела ездзіць да сваіх выбаршчыкаў у самыя аддаленыя куткі ледзьве не кожны працоўны дзень — вызначанага Саветам міністраў ліміту ёй хопіць на 12 паездак на адлегласць нават у 50 км ад Лунінца. Такія нагрузкі не кожны аўтамабіль вытрымае.

А вось у гарадскіх акругах новаўвядзенне не настолькі актуальнае, расказвае Еўрарадыё дэпутат Вадзім Дзевятоўскі.

“У горадзе, вось у маёй акрузе, у Наваполацку, дзе пяць хвілін у адзін бок, дзесяць у другі неабходнасці вялікай у гэтым няма. А вось для дэпутатаў з раёнаў — цалкам магчыма”.

Дэпутат гаворыць, што мог бы карыстацца паслугамі грамадскага транспарту — патрэбы Дзевятоўскага ён задавольвае. Аднак ездзіць народны абраннік збольшага на сваім асабістым аўтамабілі. Па кампенсацыю коштаў паліва дэпутат пакуль не звяртаўся.

Як даведалася Еўрарадыё, не ўсе дэпутаты маюць асабістыя аўтамабілі. “Безлашадныя” могуць скарыстацца машынамі з дзяржаўнага гаража — аўтамабілі замацаваныя за кожнай з камісій, і пры патрэбе на іх можна паехаць па службовых справах.

Калі ж уявіць, што кожны са 174 слугаў народа (сярод якіх прыкладна палова прадстаўляюць гарады, а не сельскую мясцовасць) будуць штомесяц выбіраць ліміт на паліва, то новаўвядзенне Саўміна будзе каштаваць беларускаму бюджэту крыху менш за 170 тысяч долараў у год. Затое нязручнасцяў з вырашэннем праблем сваіх выбарцаў у дэпутатаў больш быць не павінна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі