Дэпутата з Татарстана прымусілі выбачыцца за словы пра Кадырава і яго сына

Рамзан Кадыраў з сынам Адамам

Рамзан Кадыраў з сынам Адамам / instagram.com/adam_benoevsky_k1

Дэпутата Дзяржсавета Татарстана ад "Адзінай Расіі" Азата Хамаева, відаць, прымусілі папрасіць прабачэння ў кіраўніка Чачні Рамзана Кадыравы і яго сына Адама — таго самага, які збіў у СІЗА Грознага затрыманага.

"Выступаючы на пасяджэнні Дзяржсавета рэспублікі, выказаў выключна прыватнае меркаванне, якое не было падтрыманае маімі калегамі. Прыношу свае прабачэнні за сваё эмацыйнае выказванне, якое можа нашкодзіць узаемаадносінам паміж брацкімі народамі", — цытуе Хамаева агенцтва "Татар-Інфарм".

Напярэдадні падчас абмеркавання законапраекта аб патрыятычным выхаванні Азаматаў прапанаваў пагаварыць на тэму, "у якім прававым полі мы сёння жывём". І ў якасці прыкладу ён прывёў выпадак з узнагароджаннем Адама Кадырава, які збіў затрыманага, медалём "Герой Чачэнскай Рэспублікі".

"Кіраўнік суб'екта Расійскай Федэрацыі за збіццё чалавека прысвойвае званне героя свайму сыну. Далей, развіваючы сваю ідэю, кажа, што ён — герой усіх мусульман. Хто можа адказаць?" — звяртаўся Хамаеў да калег. Яшчэ ўчора на словы Хамаева адрэагаваў кіраўнік рэспублікі Рустам Мініханаў. Ён сказаў, што выказванне дэпутата "з'яўляецца выключна яго прыватным меркаваннем і не мае ніякага дачынення да пазіцыі мусульман рэспублікі". Ён таксама падкрэсліў, што ў Татарстане заўсёды з павагай ставіліся "да братэрскага чачэнскага народа і тых намаганняў, якія рабіў першы прэзідэнт Чачні, Герой Расіі Ахмат-Хаджы Кадыраў і дзейны кіраўнік Рамзан Ахматовіч для ўсталявання міру ў рэгіёне і захавання цэласнасці краіны".

Кадыраў, нагадаем, сам апублікаваў відэа са збіццём затрыманага ў сацсетках, прызнаў, што на кадрах — яго сын, і дадаў, што ганарыцца ўчынкам Адама.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі