Вы тут

Дэпутат Марзалюк: Рэстаран у Курапатах не на касцях. Але есці там ніколі не буду

Ігар Марзалюк. Фота з архіву Еўрарадыё

Сітуацыю з рэстаранам "Поедем поедим" каля Курапатаў для Радыё "Свабода" пракаментаваў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Марзалюк. Як вядома, ён сам з адукацыі гісторык, займаўся археалагічнымі раскопкамі. 

На думку Марзалюка, забаўляльны комплекс не парушае юрыдычныя нормы і знаходзіцца па-за межамі ахоўнай зоны мемарыяла. 

"Было б дзікунства, калі б рэстаран пабудавалі непасрэдна ў зоне. А гэты рэстаран пастаўлены не на касцях. Я гэтым пытаннем займаўся грунтоўна. Спачатку была часовая мяжа, вызначаная прафесійнымі гісторыкамі — Вольгай Кукуняй і іншымі. А куратарам гэтага ў Міністэрстве культуры на той час быў глыбока паважаны мною гісторык, археолаг Ігар Мяфодзевіч Чарняўскі. А потым Міністэрства культуры замаўляла канчатковую версію зоны Курапатаў. І замовіла яна яе чамусьці не прафесійным археолагам, не прафесійным гісторыкам, а чалавеку са спецыяльнасьцю "архітэктура". І завецца гэты чалавек Вадзім Гліннік", — абураецца Марзалюк. Менавіта пры Глінніку, кажа ён, былі зменшаныя межы ахоўнай зоны Курапатаў, дзякуючы чаму быў пастаўлены забаўляльны комплекс.

"людзі, якія займаюцца рэстаранным бізнэсам", мяркуе Марзалюк, сталі закладнікамі сітуацыі, бо ўклалі грошы ў тое меца, якое ім вылучылі.

"Мне не падабаецца гэтая дзікая вакханалія на пустым месцы. Я яшчэ раз падкрэсліваю: я там есці не буду ніколі. Але тут існуе маральная праблема паводзінаў. У першую чаргу спадароў архітэктараў. І тых, хто рабіў гэтыя даведкі", — падкрэсліў дэпутат.

Дарэчы, Марзалюк і раней крытыкаваў межы ахоўнай зоны Курапатаў. Пры леташняй абароне Курапатаў ад будаўніцтва бізнэс-цэнтра ён пытаўся: "Колькі каштавала памяняць межы ахоўнай зоны?"

Пратэсты каля рэстарана "Поедем поедим" доўжацца ўжо тыдзень.