Дэпутат: “Людзям мяняць працу толькі таму, што мы прынялі нейкі закон?!”

“У Кобрынскім раёне Навасёлкаўская ўчастковая бальніца на 25 ложкаў, дзе працуе два дактары ўжо шмат гадоў — сямейная пара, якая прыехала сюды 20 гадоў таму. У праекце закона забараняецца сумесная служба блізкіх сваякоў — як далей быць гэтым людзям?!”

Пытанне гэтае дэпутат і доктар з 25-гадовым стажам на кіраўнічых пасадах Валянцін Мілашэўскі задае па выніках абмеркавання ў парламенце праекта закона “Аб барацьбе з карупцыяй” 9 красавіка. Там так і напісана: “Забараняецца сумесная служба ў дзяржустановах блізкіх сваякоў”. Ну, можа не дакладна так, але сэнс вынікае менавіта такі.

“Што ў такіх выпадках людзі павінныя рабіць? Ну, я яшчэ разумею, што ў такіх гарадах, як Мінск ці Брэст можна перайсці ў іншую лячэбную ўстанову, але сэнс які пераходзіць у іншае месца? Чаму? Проста праз тое, што мы прымем нейкі закон?” — абураецца Валянцін Мілашэўскі ў размове з журналістам Еўрарадыё.

                             Валянцін Мілашэўскі

Сітуацыі, калі муж працуе, да прыкладу, галоўным доктарам лякарні, а жонка — намеснікам, у медыцыне сустракаюцца даволі часта, кажа наш суразмоўца. Але тое ж можна сказаць пра школы, установы культуры. Ды ў любой галіне такое можна сустрэць! Не трэба нават далёка хадзіць: кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка і памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі, сябра Савета бяспекі Віктар Лукашэнка. Тут не толькі “сумесная служба ў дзяржустановах блізкіх сваякоў”, але і “непасрэдная падпарадкаванасць” аднаго другому.

Гэты канкрэтны прыклад дэпутат каментаваць адмаўляецца: “Не ведаю, якая там сістэма падпарадкавання”, — і вяртаецца да сем’яў дактароў, настаўнікаў.

Валянцін Мілашэўскі: “Не, я разумею, калі гэта дырэктар прадпрыемства і галоўны бухгалтар, калі людзі сумесна вырашаюць пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці — гэта адна справа, і я згодны. А тут?”

Пытанне “Што рабіць такім сямейным парам дактароў ці настаўнікаў?” дэпутат задаваў генпракурору Аляксандру Канюку. Ведаеце, што пачуў у адказ? “Калі ёсць непасрэдная падпарадкаванасць — то працаваць разам нельга!” Але больш мне спадабалася тлумачэнне генпракурора, чаму гэтую норму чапаць нельга.

Аляксандр Канюк: “Мы не можам зараз змяніць ці выказаць сумнеў у словах “непасрэдная падпарадкаванасць”. Калі мы гэта зробім, то базавы прынцып сыдзе! Нельга чапаць базавы прынцып “непасрэдная падпарадкаванасць”! Гэта аснова закона “Аб дзяржслужбе”, Працоўнага кодэксу”.

                                     Аляксандр Канюк

Дэпутат Вольга Палітыка звяртае ўвагу на яшчэ адну недарэчнасць законапраекта: пра тое, кім можа ўладкавацца чалавек, звольнены з кіраўнічай пасады “па дыскрэдытавальных абставінах”. Паводле законапраекта, ніякіх кіраўнічых пасад такі экс-кіраўнік не можа займаць цягам 5 гадоў.

“Як былы “трудавік” я вам скажу, што пад вызначэнне “кіраўнічая пасада” трапляюць усе, хто мае ў сваім падпарадкаванні хаця б аднаго чалавека: і майстар у цэху, і старшы кладаўшчык, і начальнік групы ў аддзеле, і ўсе на свеце. І што, звольнены дырэктар не зможа цягам 5 гадоў уладкавацца нікім, за выключэннем шараговага рабочага?”

Ведаеце, што раіць дэпутату генпракурор Аляксандр Канюк? Тлумачэнне тэрміна “кіраўнік” глядзець не ў Працоўным кодэксе, а ў кодэксе… Крымінальным. Што прывяло да чарговай пікіроўкі “дэпутат-генпракурор”.

Аляксандр Канюк: “Ёсць у юрыстаў заўвага да 24 артыкула Крымінальнага кодэкса — там тлумачэнне тэрміну “службовая асоба”. Гэта такая асоба, якая выконвае арганізацыйна-распараджальныя альбо гаспадарча-адміністрацыйныя функцыі. Два элементы, якія вызначаюць у крымінальным заканадаўстве асобу як “службовую”.

Вольга Палітыка: “Мы закон пішам не выключна для юрыстаў, а для ўсіх грамадзян краіны. Павінна быць адназначна і зразумела ўсім — хто займае кіраўнічую пасаду?”

Аляксандр Канюк: “Я з вамі згодны, але ў той час французскім раманам ён не можа быць — гэты закон. Што мы там усё раскажам, усё раскладзем, усё распішам — ёсць такія базавыя прынцыпы, якія… ну, трэба ведаць такія рэчы! Старшы грузчык ці старшы дворнік не будзе “кіруючым супрацоўнікам”, бо ён не выконвае ні арганізацыйна-распараджальныя, ні гаспадарча-адміністрацыйныя функцыі”.

Вось толькі Вольга Палітыка ўпэўненая, што менавіта такім “французскім раманам”, дзе ўсё раскладзена і распісана, і павінен быць закон.

“Да другога чытання мы павінныя ўсе фармулёўкі выверыць і зрабіць іх канкрэтнымі і зразумелымі! Каб усе палажэнні закона былі зразумелыя ўсім грамадзянам, а не толькі высокакваліфікаваным юрыстам. Бо размова ідзе пра лёсы людзей, і недапушчальна, каб было, што я разумею гэтае палажэнне так, а генпракурор разумее яго па-іншаму”, — кажа дэпутат у размове з Еўрарадыё.

                                  Вольга Палітыка

Яна таксама здзіўляецца, прыгадваючы адказы генпракурора на прэтэнзіі да законапраекта Валянціна Мілашэўскага: “Генпракурор кажа, што могуць спакойна працаваць на сваіх пасадах муж — галоўны доктар лякарні і жонка — загадчыца аддзялення там жа, а калі чытаць закон, то вынікае, што не могуць!” І дадае, што законапраект пакуль даволі “сыры”.

Фота: Змітра Лукашукаclip.dn.ua, bvn.by