Дэпутат: Адмаўляючы ў навучанні па-беларуску, чыноўнікі парушаюць Канстытуцыю

Дэпутат: Адмаўляючы ў навучанні па-беларуску, чыноўнікі парушаюць Канстытуцыю

Праблема з уладкаваннем дзяцей у беларускамоўны дзіцячы садок ці школу мае нацыянальны характар, з ёй сутыкаюцца бацькі па ўсёй Беларусі. І праблема гэта з’яўляецца відавочным парушэннем нашых грамадзянскіх правоў і беларускага заканадаўства. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Алена Анісім.

Анісім: “Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць артыкул 17 Канстытуцыі, дзе запісана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы, нягледзячы на артыкул №50 Канстытуцыі, у якім зазначана: “Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін ― дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы, выхавання і навучання”, гэты артыкул, атрымліваецца, не працуе. Альбо яго ігнаруюць прадстаўнікі органаў улады і сістэмы адукацыі”.

Сама гэтая праблема, упэўненая Алена Анісім, узнікла з-за таго, што ўсе навучальныя ўстановы Беларусі ў свой час “былі гвалтоўна пераведзеныя на рускую мову”. Калі б у кожным горадзе ды мястэчку былі навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання, то праблема, куды аддаць вучыцца, у бацькоў, не ўзнікала б.

На думку дэпутата парламента, усе аргументы чыноўнікаў як ад выканаўчай улады, так і ад адукацыі пра недастатковую колькасць жадаючых выхоўвацца ў дзіцячых садках ці вучыцца ў школах, альбо пра недахоп фінансаў на адкрыццё такіх груп і класаў, не вартыя ўвагі.

Анісім: “Бацькі з’яўляюцца падаткаплацельшчыкамі, а значыць, яны маюць права, каб іх канстытуцыйнае права на выхаванне дзяцей на роднай мове было забяспечанае. А куды накіроўваюць чыноўнікі нашы падаткі, гэта ўжо другое пытанне. Чаму ў іх знаходзяцца грошы на набыццё новых службовых машын, але не знаходзяцца грошы на дзяцей ― на іх выхаванне і адукацыю? Калі дзяржаўны чыноўнік не спраўляецца са сваімі абавязкамі і не можа забяспечыць нам гарантаванае Канстытуцыяй права, то ён павінен пакінуць сваю пасаду”.

Каб змагацца за сваё права на выхаванне і навучанне дзяцей па-беларуску, Алена Анісім раіць кансалідавацца. Магчыма, варта стварыць нейкі рух пад дахам ТБМ, якое б адстойвала гэтае наша права. Парламентарый прапаноўвае сваю дэпутацкую дапамогу тым, каму ўжо адмовілі ў стварэнні беларускамоўнай групы ў садку ці класа ў школе.

Анісім: “На сёння бацькі зрабілі ўсё, што ад іх залежныць ― яны абазначылі сваё права. Цяпер павінна падключацца я і звязвацца з упраўленнямі адукацыі і канкрэтна з тымі кіраўнікамі ўстаноў, да якіх бацькі звярнуліся ― чаму яны гэтага не робяць? І я буду патрабаваць выканання нашага канстытуцыйнага права. Калі гэта немагчыма будзе зрабіць на мясцовым узроўні, пайду да міністра адукацыі і буду з ім размаўляць на гэты конт”.

На думку Анісім, менавіта дзяржава сёння павінна клапаціцца пра тое, каб выхаванне і адукацыя на роднай мове былі на адпаведным узроўні.

 

Цалкам размову з Аленай Анісім можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі