Дэмакраты прапануюць уладзе перамовы ў справе выбараў, але байкот магчымы

Стратэгію ўдзелу дэмакратычных кандыдатаў у парламенцкіх выбарах 2008 года зацвердзіла Палітрада Аб’яднаных дэмсілаў на сваім паседжанні ў Мінску. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе яе “стратэгіяй абмежаванага ўдзелу ў выбарчай кампаніі”, дэмакраты сфармулявалі ўмовы свайго “паўнавартаснага ўдзелу” ў выбарах:

“Гэта мінімальныя ўмовы. Найперш яны закранаюць неабходнасць нашага ўдзелу ў падліку галасоў, таксама рэгістрацыя нашых кандыдатаў у дэпутаты і істотнае павелічэнне мажлівасці працы для наглядальнікаў. Калі гэтыя мінімальныя ўмовы выконваюцца, то мы пройдзем усю дыстанцыю ад пачатку і да канца”.

Аднак, калі сітуацыя не зменіцца, то дэмакратычныя сілы пакідаюць за сабой права вывесці на вуліцы людзей на пратэстныя акцыі супраць фальсіфікацый ды за некалькі дзён да выбараў арганізавана зняць па ўсёй краіне сваіх кандыдатаў з адзінага спісу.

У такім выпадку таксама мяркуецца прыняць зварот да міжнароднай супольнасці, каб у Беларусь не накіроўваліся наглядальнікі і такім чынам выбары не атрымалі легітымнасць.

Аднак пакуль дэмакраты спадзяюцца на лепшае і зноў прапануюць уладзе перамовы. Вось што кажа Лябедзька:

“Мы яшчэ раз звярнуліся да афіцыйнага Мінску, да ўладных структур з прапановай, неадкладваючы, пачаць прамы перамоўны працэс, каб дамовіцца аб умовах правядзення выбарчай кампаніі, каб яна была прызнаная легітымнай як унутры краіны, так і за яе межамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі