Дэмакраты не здымуць кандыдатаў дзеля “халяўных эфіраў і $ 800 на ўлёткі”

Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька кажа, што рэальныя размовы пра байкот вядуць толькі журналісты. АДС не адмовіцца ад магчымасцяў агітацыйнай кампаніі. Кіраўнік Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч мяркуе, што іх кандыдаты выкарыстаюць адведзеныя 800 долараў на агітацыю за далучэнне да Еўрасаюзу. Палітолаг Пётр Марцаў верагодны байкот называе непалітычнай, а страўсінай пазіцыяй.   У сувязі з тым, што ў выходныя Партыя БНФ можа прыняць рашэнне пра неўдзел у далейшай выбарчай кампаніі з-за нерэгістрацыі сваіх вылучэнцаў і недопуску ва ўчастковыя камісіі сябраў партыі, Еўрарадыё апытала кіраўнікоў асноўных апазіцыйных сілаў пра іх пазіцыю адносна байкоту і папрасіла палітолагаў зрабіць прагнозы на далейшую кампанію, разгледзеўшы розныя варыянты паводзінаў дэмакратычных гульцоў.

Кіраўнік Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч адзначыў, што ўсе кандыдаты ад іх спісу павінныя весці агітацыю, бо адмаўляцца ад халявы, якая даецца законам кандыдату ў дэпутаты, нельга.
 
Статкевіч: Адмаўляцца ад такога падарунка, ад такой халявы, калі табе даюць тэлевізію, табе даюць радыё, табе даюць у рэшце рэшт 800 долараў на ўлёткі і магчымасць загітаваць. Гэта ж наша першая задача! Мы будзем расказваць, што кожнаму сацыяльнаму слою, якія даброты прынясе Беларусі членства ў Еўрасаюзе.

Статкевіч адзначае, што толькі выкарыстаўшы ўсе магчымасці агітацыйнай кампаніі, Еўрапейская кааліцыя будзе разглядаць пытанне аб мэтазгоднасці зняцця сваіх кандыдатаў, каб не прымушаць іх перажываць не самыя прыемныя эмоцыі:

Статкевіч: Каб проста людзей не прымушаць праходзіць праз гэтую ганьбу, калі ім выставяць гэтыя штучныя, ліпавыя, дробныя працэнты.

Такую ж пазіцыю займае і сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён адзначыў, што сур’ёзна пра байкот пакуль кажуць толькі журналісты, і дадаў, што 31 жніўня АДС абмяркуе фармат свайго далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, а не ў байкоце.

Лябедзька: Нам даюць 5 хвілінаў на тэлевізіі, на радыё, магчымасць надрукаваць нашыя праграмы ў дзяржаўных мас-медыя. Чаму не павінныя выкарыстаць гэта? Увесь час улада нас выкарыстоўвае, нахабна, брутальна. Чаму мы не можам выкарыстаць сродкі таго ж Лукашэнкі, каб данесці нашую інфармацыю да людзей?

Палітолаг Пётр Марцаў нагадвае, што байкот у Беларусі ніколі не быў эфектыўна выкарыстаны апазіцыйнымі структурамі. Да таго ж, калі рашэнне байкатаваць выбары будзе аднабаковым (то бок здымуцца толькі кандыдаты ад БНФ ці толькі кандыдаты ад АГП), яно згуляе толькі супраць саміх партыяў. Марцаў кажа, што гэта будзе “распіска ва ўласным бяссіллі палітычных структураў” у крыху іншых у параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі ўмовах:

Марцаў: Пад уплывамі Захаду беларускае кіраўніцтва робіць пэўныя крокі дзеля дэмакратызацыі гэтых выбараў. Па сутнасці на водкуп мясцовых уладаў аддазеныя выбары, але гэта ўжо не той адміністратыўны ціск, які быў раней, больш слабы. Таму на месцы апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты ўсё ж спрабаваў, хаця б дзеля досведу.

Пётр Марцаў прагназуе, што пры гэтых новых умовах правядзення выбараў у палаце прадстаўнікоў могуць апынуцца ад двух да шасці апазіцыянераў, прычым яны не будуць “прызначаныя”:

Марцаў: Сакрэт гэтых выбараў заключаецца ў тым, што трэба сапраўды праявіць сябе ў сваёй акрузе, сапраўды завязаць нейкую барацьбу, бо там ідуць і кандыдаты ад улады, ад бізнэса. Там ёсць канкурэтныя ўмовы.

Па меркаванні палітолага, гэтым разам мясцовыя ўлады не будуць мець указанняў зверху аб прызначэнні кандыдатаў. 

Фота: Хартыя-97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі