"Дата генератар": 15 студзеня 1582 года заключаны Ям-Запольскі мір

"Дата генератар": 15 студзеня 1582 года заключаны Ям-Запольскі мір

15 студзеня 1582 г. у маленькай вёсцы Ківерава Гара (за 15 верстаў ад сяла Запольскі Ям пад Псковам, адсюль назва Ям-Запольскі мір) была падпісана дамова аб перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй тэрмінам на 10 гадоў. Яно завяршыла Лівонскую вайну, якая цягнулася, з перапынкамі, каля 23 гадоў (1558–1582).

Чаму пачалася вайна?

Таму, што вялікі князь маскоўскі Іван IV жадаў захапіць Інфлянты. А на гэта яго штурхаў эканамічны крызіс у Масковіі. А крызіс распачаўся таму, што Іван знішчыў Вялікі рачны шлях паміж Балтыкай і Каспіем (гэта значыць паміж Еўропай і Сярэднім Усходам). У 1552 г. ён захапіў Казань, у 1556 г. – Астрахань, у 1570 г. цалкам разарыў Ноўгарад Вялікі. Гэта рэзка скараціла прыбыткі дзяржавы. І вось, страціўшы па ўласнай дурасці Вялікі рачны шлях, Іван IV вырашыў выйсці на Балтыку, каб яго дзяржава сама гандлявала з краінамі Заходняй Еўропы, без удзелу Ганзы — міжнароднага звяза прыморскіх гарадоў на берагах Балтыйскага мора. 

Але для гэтага патрабавался захапіць Лівонію (Інфлянты), ці, у сучасных межах, Латвію і Эстонію. Лівонія ў той час з’яўлялася канфедэрацыяй пяці дзяржаў: Лівонскага ордэна, Рыжскага архібіскупства і трох біскупстваў — Курляндскага, Дэрпцкага і Эзельскага. Краіна была багатая, але мела слабае войска.

З другога боку, магнаты і шляхта ВКЛ жадалі, каб Лівонія стала васалам Вільні. Бо Заходняя Дзвіна і горад Рыга адыгрывалі вельмі важную ролю ў гандлёвых сувязях ВКЛ з Еўропай. Дый сама Лівонія значна павялічыла б унутраны рынак і прыбыткі дзяржавы ў выглядзе мыт і падаткаў.

Уся Лівонская вайна — вялікая тэма, для расказу пра якую патрабуецца шмат месца і часу. Скажу толькі, што вайна складалася з асобных кампаній, паміж якімі былі працяглыя перапынкі.

Першая кампанія (1558–1561) 

У студзені 1558 г. маскоўскія войскі пачалі вайну. Яны хутка занялі шэраг гарадоў і замкаў — Нарву, Дорпат (сучасны Тарту), Нэйгаўз, Нэйшлос ды іншыя — ва ўсходняй частцы Эстляндыі, наблізіліся да ваколіц Рэвеля (сучаснага Таліна).

Тады вялікі магістр ордэна Готхард Кетлер дамогся ў сакавіку 1559 г. перамір’я з Масквой на тры гады і звярнуўся па ваенную дапамогу да еўрапейскіх манархаў. Аднак дапамагчы пагадзіўся толькі вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст, які добра разумеў небяспеку для ВКЛ ад маскоўскага захопу Лівоніі. Летам 1559 г. у Вільні быў скліканы вальны сойм, які разглядаў гэту просьбу. За пераход Лівонскага ордэна пад пратэктарат ВКЛ Жыгімонт 31 жніўня 1559 г. абавязаўся скіраваць пасольства да Івана IV з патрабаваннем спыніць вайну, а ў выпадку адмовы пачаць з ім вайну.

У лістападзе 1559 г., пасля адмоўнага адказу Івана IV, войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым (некалькі тысяч наймітаў) пачало баявыя дзеянні на тэрыторыі Інфлянтаў. Тры разы ў Інфлянты хадзіла і паспалітае рушанне ВКЛ. Нягледзячы на гэта, у 1560 г. маскоўцы захапілі Марыенбург, Эрмес і Фелін. У ліпені 1561 г. войска ВКЛ на чале з Радзівілам Рудым ізноў увайшло ў Лівонію, але пацярпела паразу пад Пернавам (сучасны Пярну).

Нарэшце, 28 лістапада 1561 г. ВКЛ і Лівонскі ордэн падпісалі новую дамову, якая моцна змяніла сітуацыю. Замест ордэна былі створаныя: з левага боку Заходняй Дзвіны — герцагства Курляндскае і Земгальскае на чале з Кетлерам, які пераўтварыўся ў герцага. З правага боку — Задзвінскае княства, якім кіраваў той жа Кетлер, але ўжо як намеснік Жыгімонта II Аўгуста. 

Магістр Г. Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечнаму брату Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку ордэна і ключы ад Рыгі.

Акрамя таго, часткі Інфлянтаў перайшлі да Даніі (востраў Эзель у 1560-м) і Швецыі (паўночная Эстонія і востраў Дага ў 1561 г.).

Другая кампанія (1562–1564)

Пасля гэтага вайна паміж Масквой і Вільняй стала непазбежнай. Масква ў 1561 г. заключыла перамір’е з Швецыяй. І як толькі ў сакавіку 1562 г. скончыўся тэрмін дзеяння перамір’я Масквы з Лівоніяй, маскоўцы пачалі здзяйсняць набегі на ваколіцы Мсціслава, Дуброўны, Оршы, Копысі, Віцебска, Шклова і іншых гарадоў усходняй часткі ВКЛ. Яны захапілі і Невель, дзе ў жніўні 1562 г. чатырохтысячнае войска ВКЛ білася з дзесяцітысячным войскам маскоўскага князя Андрэя Курбскага ды вымушана было адысці. 

Ліцвіны ў адказ здзяйснялі набегі на ваколіцы Себежа, Веліжа і Смаленска. 

Увесь гэты час афіцыйнага стану вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай не было. Аднак у тым жа 1562 г. Іван IV назваў сваёй вотчынай «усю Літоўскую зямлю» (раней маскоўцы казалі гэта толькі пра землі на ўсход ад Бярэзіны і Заходняй Дзвіны).

І вось вялікае маскоўскае войска на чале з самім Іванам IV выйшла з Вялікіх Лукаў і 31 студзеня аблажыла Полацк з усіх бакоў. Праз два тыдні (15 лютага) Полацк здаўся. Іван IV загадаў забіць у горадзе ўсіх каталіцкіх святароў і манахаў і ўсіх габрэяў (іх утапілі ў Дзвіне). Некалькі наймітаў-палякаў ён адпусціў у Вільню, але ўсіх астатніх ваяроў, у тым ліку параненых, маскоўцы пасеклі. Большасць палачан пагналі ў маскоўскі палон, а з імі ваяводу Станіслава Давойну з жонкай, княгіняй Петранэлай Радзівіл, і праваслаўнага епіскапа Арсеня. 

Войска ВКЛ, высланае на дапамогу Полацку, было разбіта пад Глыбокім.

Прадстаўнікі ВКЛ у перамовах у лютым 1563 г. дамагліся перамір’я на 6 месяцаў — да лістапада 1563 г. Паводле ўмоў перамір’я войскі ВКЛ не маглі знаходзіцца на Полацкай зямлі, яшчэ не цалкам занятай маскоўцамі, што дало Івану IV свабоду дзеянняў на гэтых землях (разбурэнне Лукомля 8 жніўня 1563 г., спаленне іншых паселішчаў Полаччыны).

Вялікае пасольства Жыгімонта Аўгуста ў Маскве (Ю. Хадкевіч, Р. Валовіч) спрабавала дасягнуць міру з Іванам IV на перамовах у канцы 1563-га да 9 студзеня 1564 г., аднак абодва бакі не жадалі саступаць, нават часова, правы на Полацкі павет і Інфлянты.

Узімку 1564 г. князь Юры Радзівіл ушчэнт разбіў вялікае войска Пятра Шуйскага на рацэ Уле. Пасля гэтай перамогі ўвесь 1564 год працягваліся дробныя ваенныя дзеянні, галоўным чынам набегі. Моцна пацярпелі ўсходнія землі Беларусі, а войскі ВКЛ хадзілі ў тую частку Інфлянтаў, што захапілі маскоўцы, ды пад Вялікія Лукі.

У 1565 г. вялікіх бітваў не было, бо і ВКЛ і Масковія моцна цярпелі ад “чорнай смерці” — эпідэміі чумы. Аднак тактычныя дзеянні працягваліся. Войскі ВКЛ пустошылі Пскоўшчыну, перамаглі пад Красным Гарадком, хадзілі на Севершчыну, гетман П. Сапега пабіў маскоўцаў пад Чарнігавам. Саюзнік Жыгімонта хан Даўлет-Гірэй хадзіў паходам на Разаншчыну.

Зацягнутая вайна схіліла Івана IV да ўзнаўлення перамоў. У жніўні 1565 г. ваенныя дзеянні былі спыненыя, аднак вялікае пасольства Жыгімонта Аўгуста (Ю. Хадкевіч, Ю. Тышкевіч, М. Галабурда і іншыя) прыехала ў Маскву толькі ў траўні 1566 г. Па-ранейшаму несумяшчальныя патрабаванні абодвух бакоў прывялі да адкладу далейшых перамоў на ліпень 1566-га.

Трэцяя кампанія (1567–1570)

Земскі сабор у 1566 г. ухваліў вайну Івана IV за Лівонію. Масковія ў 1566–1569 гг. паставіла на Полацкай зямлі 9 замкаў (Казьян, Красны, Крэчат, Сітна, Сокал на Дрысе, Суша, Туроўля, Ула на Дзвіне, Усвяты).

Падчас узвядзення замка Кап’ё каля возера Суша летам 1567 г. войска ВКЛ напала і разбіла маскоўскі 3-тысячны ахоўны корпус, не зважаючы на перамір’е.

У тыя самыя дні лета 1567 г. маскоўскае пасольства прыбыло на сойм у Гародню, але выставіла такія непрымальныя патрабаванні, што перамовы не адбыліся.

Вялікае войска Масквы сабралася каля Вялікіх Лукаў і пайшло на Інфлянты, але хутка вярнулася назад, бо даведалася пра збор паспалітага рушання ВКЛ. Сабранае глыбокай восенню 1567-га паміж Маладзечнам і Лебедзевам паспалітае рушанне ВКЛ (да 30 тыс. чалавек) паспрабавала перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Масковіі. Яно ўзяло Сітна зімой 1567–1568 гг., хадзіла на Веліж і Усвяты, потым на Белае на Смаленшчыне ў студзені 1568 г., тады ж перамагло пад Веліжам.

Але гэтыя баі мясцовага значэння не змянілі агульную ваенна-палітычную сітуацыю, і пад вясну 1568 г. паспалітае рушанне разышлося. Далей у 1568 г. працягваліся малазначныя тактычныя дзеянні. Войска ВКЛ перамагло ў баі пад Лепелем, узяло Улу ў верасні, а маскоўскае войска спаліла пасады Віцебска.

Перамір’е ВКЛ і Масквы (1570–1576)

Пасля падпісання Люблінскай уніі ў 1569 г. Масковіі давялося мець справу ўжо з войскамі дзвюх дзяржаў. Акрамя таго, у 1569 г. татарска-турэцкае войска здзейсніла вялікі паход на Астрахань. На гэты час абодва бакі ўжо моцна стаміліся ад вайны, і ў канцы 1569 г. у Маскву выехала новае вялікае пасольства, гэтым разам ад Рэчы Паспалітай. Аднак ізноў абодва бакі не адступалі ад жадання валодаць Полацкам і Рыгай.

У выніку яны 22 ліпеня 1570 г. склалі перамір’е тэрмінам на 3 гады. Фактычна ж перамір'е захоўвалася 6 гадоў, да 1576 г.

Згодна з умовамі перамір’я Полацкая зямля была падзеленая. За Масквой засталіся Полацк, Сітна, Азярышча, Усвяты, замкі Туроўля, Сокал, Крэчат, Красны, Суша.

У 1571 г. крымскі хан Даўлет-Гірэй спаліў Маскву.

У 1572 г. перамовы ўзнавіліся. Жыгімонт II Аўгуст жадаў вярнуць Полацк, але Іван IV не згаджаўся. Неўзабаве Жыгімонт памёр, у Рэчы Паспалітай пачалося безуладдзе. Карыстаючыся гэтым, Іван IV узнавіў вайну супраць Швецыі (у 1572-м), заняў у Лівоніі Вейсенштэйн (1572) і Пернау (1575), да 1577 г. — амаль усё ўзбярэжжа, пачаў аблогу Рэвеля.

Толькі пад канец красавіка 1576 г. магнаты і шляхта абралі каралём Рэчы Паспалітай трансільванскага князя, выдатнага ваяводу Стафана Баторыя (1533–1586). Ён надзеў карону ў Кракаве 1 траўня 1576 г.

Чацвёртая кампанія (1579–1582) 

Улетку 1576 г. Масква парушыла перамір’е новым уварваннем у Інфлянты. Яе войска захапіла вялікую частку як Задзвінскага княства, гэтак і Курляндскага герцагства.

Новаабраны кароль С. Баторый ажыццявіў у 1577–1579 гг. энергічную падрыхтоўку да ўзнаўлення вайны за Полаччыну. 35-тысячнае літоўска-польска-венгерскае войска выйшла з Дзісны на Полацк у ліпені 1579-га, аблажыла горад 11 жніўня, і 30 жніўня горад здаўся. 

На працягу ліпеня — жніўня войска Баторыя захапіла замкі, пабудаваныя маскоўцамі: 4 верасня — Туроўлю, 11 верасня — Сокал, 16 кастрычніка — Сушу. Былі вернуты тыя землі Полаччыны, якія пасля 1579 г. заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Заволачча, замкі Азярышча і Усвяты). У снежні 1579-га была ўзятая Няшчэрда.

4 верасня 1580 г. Баторый захапіў горад Вялікія Лукі, крыху пазней атакаваў Холм і Старую Русу.

Швецыя тым часам вяла сваю вайну. Яе войска захапіла Карэлу, Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е.

Улетку 1581 г. маскоўцы пайшлі ў наступ уздоўж Дняпра, аднак іх хутка разбілі.

У 1581 г. Баторый ад Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21 жніўня 1581-га) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5 жніўня 1581-га выйшаў з Віцебска на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй.

26 жніўня 1581 г. войска Баторыя пачало аблогу Пскова. Аднак горад меў магутныя ўмацаванні, узяць яго без цяжкіх гармат было немагчыма. 

Няўдалая 5-месячная аблога Пскова і стомленасць шляхты вайною прымусілі Баторыя пачаць перамовы. Масква ўжо не магла больш ваяваць, бо ёй моцна не хапала і ваяроў і грошай. Тады і было складзена Ям-Запольскае перамір'е.

Па гэтым перамір’і Іван IV адмовіўся ад Полацка, Лівоніі (Інфлянтаў) і Веліжа. Яны афіцыйна вярнуліся ў склад ВКЛ.

Баторый вярнуў Масковіі горад Вялікія Лукі ды іншыя землі, захопленыя падчас вайны. Такім чынам, Інфлянцкая, або Лівонская, вайна завяршылася перамогай Рэчы Пспалітай.

Абодва бакі працягвалі перамір’е 7 разоў: у 1584, 1585, 1586, 1587, 1591, 1601 гг. Увогуле мір цягнуўся больш за 27 гадоў, да пачатку вайны 1609–1618 гг., калі нашы продкі адбілі ў маскоўцаў Смаленск.

Паводле Плюскага міру (1583) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор'е, Івангорад. Яна валодала імі 120 гадоў запар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі