"Дата генератар": Барская канфедэрацыя

"Дата генератар": Барская канфедэрацыя

У 1763 г. пасля смерці караля Аўгуста II Саксонскага разгарнулася барацьба за трон Рэчы Паспалітай паміж групоўкамі магнатаў, якіх падтрымлівалі вонкавыя сілы. Пры магутнай падтрымцы з боку царыцы Кацярыны II элекцыйны сойм Рэчы Паспалітай абраў у 1764 г. яе былога палюбоўніка 32-гадовага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён стаў каралём Аўгустам IV.

Аднак новы кароль не захацеў быць паслухмяным сабачкам царыцы, які гуляе на ланцужку. Ён і клан Чартарыйскіх, які яго высунуў, паспрабавалі праводзіць рэформы, накіраваныя на ўзмацненне дзяржавы. Гэта выклікала моцную незадаволенасць Расіі і Прусіі, якія жадалі бачыць Рэч Паспалітую слабай. Ваяўнічы немец Фрыдрых II і распусная немка Кацярына II змовіліся знішчыць Рэспубліку Абодвух Народаў.

Іх план па сваёй сутнасці быў простым як граблі. Ён грунтаваўся на разуменні псіхалогіі "яснавяльможнага панства", г. зн. магнатаў і багатай шляхты. Патрабавалася стварыць у Рэчы Паспалітай становішча палітычнага хаосу. А стварыўшы яго, заняцца навядзеннем “парадку” і аднаўленнем законнасці, калі “панства” само не здольнае. 

Найлепшым сродкам да рэалізацыі гэтага плана з’яўлялася праблема “дысідэнтаў”, г. зн. пытанне пра палітычныя правы асоб праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання. За першых “хвалявалася” царыца Кацярына, за другіх — кайзер Фрыдрых. У 1765 г. Расія і Прусія прадставілі каралю Станіславу-Аўгусту праект закона, які ўраўноўваў у палітычных правах дысідэнтаў з каталікамі. Сойм Рэчы Паспалітай адхіліў гэты праект.

Слуцкая канфедэрацыя 

Князь Мікалай Рапнін, амбасадар Расіі ў Рэчы Паспалітай, чалавек разумны, энергічны і подлы, узяўся за рашэнне пастаўленай яму задачы. Ён абраў два гарады, дзе вырашыў заснаваць канфедэрацыі "пакутуючых дысідэнтаў" (праваслаўных, кальвіністаў і лютэран): на тэрыторыі Польшчы — Торунь, на тэрыторыі ВКЛ — Слуцк.

Расійскія войскі ў канцы лютага 1767 г. увайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства.

Да 20 сакавіка ў занятым імі Слуцку сабраліся 250 шляхцічаў, падкупленых Рапніным. Яны абралі маршалкам канфедэрацыі генерал-маёра войска ВКЛ Яна Грабоўскага (кальвініста) і кіраўнічую групу з 33 чалавек.

За выключэннем Георгія Каніскага, праваслаўнага епіскапа Магілёўскага, усе гэтыя людзі былі пратэстанты, бо ў ВКЛ ужо амаль не засталося праваслаўнай шляхты (дзе-нідзе сустракаліся дробныя “засцянковыя” шляхцічы). Гэты факт пераканаўча даказвае надуманасць праблемы дысідэнтаў. Тым не менш расійскія аўтары з тых часоў і дагэтуль сцвярджаюць, што “Кацярыну турбавала становішча праваслаўных у Польшчы”!

Можна падумаць, што ў самой Расіі існавала верацярпімасць. Тут нават шлюбы праваслаўных з іншаверцамі былі строга забаронены. Але Расію да гэтага дня хвалюе, да прыкладу, лёс этнічных рускіх у Латвіі ці ў Грузіі. Вось цары і ўзялі на сябе абавязак клапаціцца аб правах праваслаўных у Вялікім Княстве — каб мець нагоду для прэтэнзій.

Акт Слуцкай канфедэрацыі падпісалі 248 чалавек. Ён патрабаваў роўных правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Мяшчане і сяляне не згадваліся. Як толькі Кацярына II атрымала гэты дакумент, тэрмінова дастаўлены ў Санкт-Пецярбург фельд’егерам, дык адразу і заявіла, што бярэ канфедэрацыю пад сваю “пратэкцыю”. Пасля гэтага расійскія войскі рушылі далей, да Менска, Вільні і Варшавы. 

5 кастрычніка 1767 г. у Варшаве пачаў працу надзвычайны сойм, пасяджэнні якога цягнуліся ажно да 5 сакавіка 1768. Двух яго дэпутатаў, Юзафа Залуского і Вацлава Ржавускага — самых актыўных супраціўнікаў закона пра дысідэнтаў — па загадзе Рапніна арыштавалі і выслалі ў Калугу (!). Астатнія дэпутаты, трохі пакрычаўшы для прыстойнасці, ухвалілі закон. Акрамя таго, сойм адмяніў усе рэформы, праведзеныя на сойме 1764 г. Чартарыйскімі пры падтрымцы караля Станіслава Аўгуста.

Яшчэ праз год, 24 лютага 1768 г., Расія і Рэч Паспалітая падпісалі “вечны трактат”, які абвясціў, а Кацярына II, каралі Прусіі, Даніі, Англіі і Швецыі гарантавалі роўныя правы пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты і мяшчанства з каталікамі. Панства вельмі любіла крычаць пра сваю адданасць Касцёлу. Таму яны непазбежна павінны былі “купіцца” на гэткую магутную правакацыю.

Сапраўды, магнаты і шляхта навочна пераканаліся ў тым, што вырашальны голас у справах кіравання дзяржавай зараз належыць расійскаму амбасадару, галоўнымі аргументамі якога з’яўляюцца грошы і жаўнеры. Натуральна, што бальшыня шляхты і ўвесь Касцёл усталі на дыбкі. Ніхто з іх не падумаў пра тое, што праваслаўнай шляхце, нягледзячы на новы закон, абсалютна нічога “не свяціла”. Бо ў яе не было ні грошай, ні зямлі, ні сувязяў, ні належнай адукацыі. А галоўнае, яе было нікчэмна мала. Пратэстантаў было больш, але не нашмат.

 

Стварэнне Барскай канфедэрацыі 

І вось па ініцыятыве камянецкага біскупа Адама Станіслава Красіньскага 29 лютага 1768 г. у маленькім горадзе Бар на Падоллі незадаволеная шляхта стварыла сваю канфедэрацыю. Яе ўзначалілі Міхал Красіньскі (маршал канфедэрацыі, родны брат біскупа Адама) і Казімір Пуласкі (часовы галоўнакамандуючы войскамі ВКЛ). Сваёй мэтай канфедэрацыя абвясціла абарону самастойнасці Польшчы (мелася на ўвазе — ад Расіі), захаванне ранейшых правоў і прывілеяў магнатаў і шляхты, супраціў закону пра роўныя правы для дысідэнтаў.

Канфедэраты вельмі негатыўна ставіліся да караля і жадалі замяніць яго іншай персонай. Убачыўшы прамую пагрозу для сябе, С. А. Панятоўскі 26 сакавіка 1768 г. звярнуўся да Кацярыны з просьбай аб дапамозе. Царыца адразу адправіла на задушэнне паўстання войскі на чале з генераламі Сцяпанам Апраксіным і Пятром Крачэтнікавым. Ужо 13 чэрвеня Крачэтнікаў заняў Бярдзічаў, затым рускія войскі захапілі Бар (20 чэрвеня), Львоў і Кракаў. 

Гэта яшчэ не ўсё. Абвяшчэнне Барскай канфедэрацыі справакавала моцнае паўстанне ўкраінскіх сялян у траўні — чэрвені 1768 г. (гэтак званую Каліеўшчыну, ці паўстанне Максіма Жалезняка і Івана Гонты), а таксама новы выбух руху гайдамакаў. Тое і другое зводзілася да пагалоўнага фізічнага знішчэння “паноў, жыдоў і ксяндзоў”.

Найбольш яскравы прыклад — разня ва Умані ў чэрвені, дзе азвярэлыя ад крыві мужыкі выразалі больш за 12 тысяч каталікоў, уніятаў і габрэяў (уключаючы дзяцей), якія ўцяклі туды з наваколляў. Бунт сумесна задушылі войскі Расіі і Рэчы Паспалітай. Некалькі сотняў бунтароў пакаралі смерцю, некалькі тысяч адправілі на катаргу.

Пасля паразы ў бітве пад Барам частка канфедэратаў збегла ў Турцыю (якая тым часам абвясціла вайну Расіі), іншая частка ў Вугоршчыну і Сілезію (якая належала Аўстрыі). Але полымя паўстання распаўсюдзілася ў іншых месцах, у тым ліку ў Вялікім Княстве. Правадыры канфедэратаў байкатавалі скліканы каралём на 7 лістапада 1768 г. прымірэнчы сойм. Яны вырашылі сабраць свой уласны сойм з прадстаўнікоў мясцовых канфедэрацый.

На землях ВКЛ былі створаны 19 такіх канфедэрацыі (у Брэсце, Вільні, Вількаміры, Ваўкавыску, Коўне, Мсціславе, Наваградку, Ашмяне, Рэчыцы, Слоніме, Упітах, іншых гарадах і мястэчках). Спадзеючыся на дапамогу віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла (вядомага як “Пане Каханку”), усе маршалкі павятовых канфедэрацый сабраліся ў Нясвіжы, аднак 13 кастрычніка 1768 г. капітулявалі разам з К. С. Радзівілам, бо кароль напалохаў іх пагрозай канфіскацыі ўсіх зямель і маёмасці. 29 кастрычніка яны заявілі пра тое, што з гэтага часу будуць “паслухмяныя” ўраду.

ххх

Пасля гэтай падзеі роля правадыроў канфедэрацыі перайшла да братоў-двайнят Казіміра і Франца Пуласкіх. У красавіку — ліпені 1769 г. яны здзейснілі рэйд з Пулаваў на Брэст — Волчын – Камянец — Мсцібаў — Бераставіцу — Ваўкавыск. Аднак 11 ліпеня пацярпелі паразу пад Слонімам, а 13 верасня іх разбіў полк брыгадзіра А. Суворава каля вёскі Арэхава (у Брэсцкім павеце). Франц Пуласкі загінуў. 

Аднак рух канфедэратаў яшчэ не згас. У Польшчы яго ўзначаліў Ігнацы Мальчэўскі. А ў Літве канфедэраты абвясцілі 6 жніўня 1769 г. у мястэчку Даспуда (Гарадзенскі павет) Генеральную канфедэрацыю ВКЛ на чале з Міхалам Янам Пацам (маршалак) і адным з князёў Сапегаў.

На пачатку лістапада 1769 г. з дазволу аўстрыйскага ўрада ў мястэчку Белая (Сілезія) сабралася агульная Генеральнасць, якая складалася з 37 павятовых маршалкаў Польшчы і ВКЛ. Тут яны прынялі рашэнне, што Міхал Красіньскі і Іахім Патоцкі, якія знаходзіліся ў Турцыі, гэта правадыры канфедэратаў, а ў самой краіне іх намеснікі Міхал Ян Пац ды Ігнацы Богуш.  

У 1770 г. рада Генеральнасці была перанесена ў Прэшаў (Вугоршчына), адкуль яна кіравала ваеннымі дзеяннямі супраць Расіі. Лідары Генеральнасці 9 красавіка 1770 г. абвясцілі бескаралеўе, адпрэчыўшы Станіслава Аўгуста.

У якасці галоўнакамандуючага да канфедэратаў з Францыі прыбыў генерал Шарль Дзюмур’е. Пад яго ўплывам партыя, якая не прызнавала Станіслава Аўгуста, атрымала верх, і ў той час, калі кароль ужо вёў перамовы, каб далучыцца да канфедэрацыі, яго супраць волі значнай часткі канфедэратаў і французскага ўрада 9 жніўня таго ж года завочна прысудзілі да пакарання смерцю як “узурпатара” і “тырана”. Пасля гэтага Панятоўскаму не засталося нічога іншага, як ізноў далучыцца да "рускай партыі".

Увесну 1771 г. канфедэраты занялі Чэнстахову і Лянцкарону, пасля чаго распачалі няўдалы паход на Варшаву. Пад Лянцкаронай расійскія войскі пад камандаваннем А. Суворава (ён ужо атрымаў чын генерал-маёра) дамагліся перамогі над канфедэратамі, якіх узначальвалі Ш. Дзюмур’е і К. Пуласкі. 

Пасля гэтага канфедэраты ўсклалі надзеі на вялікага гетмана ВКЛ графа Міхала Казіміра Агінскага, які прыняў бок паўстанцаў. Са сваім трохтысячным палком “чорных гусараў” ён 6 верасня 1771 г. разбіў каля Бяздзежава атрад рускага палкоўніка Албычава і ўзяў у палон каля 500 чалавек. Але ноччу з 22 на 23 верасня быў сам разбіты нечаканым нападам Суворава на мястэчка Сталовічы. 

Агінскі збег, потым прызначыў Шымана Касакоўскага польным гетманам, а сам з’ехаў за мяжу. Раней (у жніўні) Касакоўскі з Шаўлі праз Коўна — Вількамір — Мядзел — Ігумен дайшоў да Жлобіна і спрабаваў падняць там паўстанне. Аднак рабаванні шляхецкіх маёнткаў яго салдатамі і расправы з супраціўнікамі канфедэратаў не дазволілі яму заручыцца шырокай падтрымкай.

Кароль 24 кастрычніка заявіў пра пазбаўленне Касакоўскага гетманства, а Расія абвясціла канфедэратаў дзяржаўнымі злачынцамі, наклала на іх маёнткі кантрыбуцыю і секвестр. У адказ канфедэраты 3 лістапада паспрабавалі выкрасці караля з Варшавы, каб пакараць смерцю. Гэта дыскрэдытавала іх у Еўропе і сярод значнай часткі шляхты. 

Апошнія партызанскія рэйды ў ВКЛ ажыццявіў на пачатку 1772 г. брэсцкі маршалак А. Бянклеўскі (з Мазовіі на Шарашова, Ляхавічы, Петрыкаў, Дарашэвічы), але быў разбіты каля Дарашэвіч 2 лютага. Аддзел М. Валеўскага пацярпеў паразу пад Сямяцічамі 31 сакавіка. На лютаўскіх сойміках 1772 г. шляхта ВКЛ — пад наглядам рускіх войскаў — зраклася падтрымкі канфедэратаў.

Апошнія сілы канфедэратаў Сувораў разбіў пад Кракавам 23 красавіка і пад Лянцкаронай 18 траўня 1772 года. На тым рух барскіх канфедэратаў скончыўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі