"Дата генератар": 29 снежня памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

"Дата генератар": 29 снежня памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Разам са сваім сябрам Станіславам Манюшкам ён належыць да ліку знакамітых мінчукоў. У 1846 г. у Вільні быў надрукаваны двухмоўны драматычны твор Дуніна-Марцінкевіча “Сялянка” (або “Ідылія”), дзе сяляне гавораць па-беларуску, а паны — па-польску. Музыку напісаў Манюшка. 

Праз 6 гадоў (у 1852-м) аматарская тэатральная трупа паставіла гэтую оперу ў адным з прыватных дамоў побач з цяперашняй кансерваторыяй. (У 80-я гады ХХ стагоддзя дом разбурылі, каб пабудаваць гатэль “Еўропа”.) “Сялянка” ўвайшла ў гісторыю нашай культуры як першы беларускі твор для сцэны. 

 

Большая частка жыцця Дуніна-Марцінкевіча прайшла ва ўласным фальварку Люцынка, непадалёк ад Івянца. Там ён працягваў ставіць на аматарскай сцэне свае спектаклі і шмат пісаў. Даследчыкі ведаюць шэраг твораў Дуніна-Марцінкевіча: вершаваныя апавяданні, балады і аповесці, сярод якіх “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”, “Травіца брат-сястрыца”, “Быліцы, расказы Навума”, “Благаславёная сям'я”, “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Халімон на каранацыі” ды іншыя. Але ў ХХ стагоддзі яны цікавыя выключна гісторыкам літаратуры. 

Па прычыне падтрымкі паўстання 1863 г. Дунін-Марцінкевіч быў арыштаваны амаль што на год і да канца жыцця знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам. Таму найлепшы ягоны твор “Пінская шляхта” быў надрукаваны толькі ў 1918 г. (праз 52 гады пасля напісання ў 1866-м). 

Аднак вось што казалі пра гэты фарс-вадэвіль даследчыкі беларускай літаратуры: “аўтар выкрываў паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва”. Якая хлусня! На маю думку, найбольш дакладна характарызуюць п’есу Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Мельнікаў: “гэта беларускае кіно ўзору 1866 года”, “твор у жанры палескага Балівуда”. 

У “Пінскай шляхце” з цёплай іроніяй паказана жыццё дробнай шляхты ў нейкім мястэчку на Палессі. Аўтар стварыў замкнёнае кола мясцовых жыхароў, а ў гэтае кола змясціў каханне Грышкі ды Марыські, сварку паміж іх бацькамі, п’янкі ды яшчэ гумар фізіялагічнага кшталту, бо менавіта такі ва ўсе часы ёсць гумар простага народа. 
Я б сказаў, што, як “Пана Тадэвуша” Міцкевіча лічаць эпічнай энцыклапедыяй шляхецкага жыцця, так “Пінскую шляхту” можна лічыць энцыклапедыяй камічнай. Але ж таксама энцыклапедыяй. І таму нядзіўна, што Дунін-Марцінкевіч перакладаў “Пана Тадэвуша” на беларускую мову.  

А яшчэ даследчыкі-партбілетчыкі пісалі пра Дуніна-Марцінкевіча, быццам ён “паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэтычных каштоўнасцяў”. Гэта суцэльная хлусня. Каб зразумець тое, дастаткова пачытаць яго сатырычную камедыю “Залёты” (1870, апубл. 1918). 

Напісаная ў традыцыі польска-беларускага двухмоўя, яна паказвае “новага чалавека” з сялян. Цэнтральны персанаж — вясковы гандляр Антон Сабковіч. Гэта тыповы “новы беларус”, галоўныя рысы якога, як тады, гэтак і сёння — індывідуалізм, эгаізм і цынічны разлік. І як сёння, ён лічыць сябе разумнейшым за астатніх, бо рознымі хітрыкамі здолеў сабраць грошы і працягвае іх здабываць нахабным махлярствам. І зразумела, ірвецца да шлюбу з заможнай шляхцянкай, каб падняцца на вышэйшую ступень у грамадстве...

Дунін-Марцінкевіч быў чалавек энергічны, яскравы, вясёлы, глядзеў на жыццё без ружовых акуляраў, але не стагнаў, а смяяўся і прымушаў смяяцца іншых. Бо менавіта гумар з’яўляецца найвышэйшай мудрасцю ў адносінах да жыцця.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі