Вы тут

"Дата генератар": 22 студзеня — гадавіна пачатку паўстання Каліноўскага

"Дата генератар"

22 студзеня 1863 г. падпольны Нацыянальны камітэт у Варшаве абвясціў пачатак паўстання супраць расійскага панавання на землях былой Рэчы Паспалітай, гэта значыць у Польшчы, Літве (сучаснай Беларусі, Летуве, латышскай Латгаліі) і Русі (сучаснай правабярэжнай Украіне). 

На тэрыторыі Заходняга краю Расійскай Імперыі паўстанне рыхтаваў падпольны Літоўскі правінцыяльны камітэт у Вільні. На думку яго чальцоў, рэвалюцыянеры Заходняга краю яшчэ не паспелі добра падрыхтавацца да паўстання. Аднак праз 10 дзён разваг і спрэчак яны ўсё ж вырашылі падтрымаць палякаў і 1 лютага выдалі маніфест з заклікам да паўстання. Фактычна ж паўстанцкія аддзелы пачалі з’яўляцца на нашых землях толькі ў сакавіку.

Нягледзячы на гэта, сёння мы пагаворым пра Каліноўскага, бо на Беларусі традыцыйна гавораць і пішуць менавіта пра “паўстанне Каліноўскага”. 

Ці быў Каліноўскі беларусам?

Паняцце нацыянальнасці распаўсюдзілася толькі пад канец ХIХ ст. у сувязі з развіццём нацыянальна-вызваленчых рухаў у Еўропе. 

Аднак сёння такое пытанне гучыць. Прыхільнікі так званага рускага свету ўпарта завуць Каліноўскага палякам.

Навукоўцы, каб высветліць нацыянальнасць дзеячаў мінулага, перш за ўсё ўлічваюць тры чыннікі: закон глебы, закон крыві, закон мовы.

Глеба — гэта зямля, дзе нарадзіўся і жыў чалавек. В. К. Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 г. у вёсцы Мастаўляны на Беласточчыне. Тут яго бацька, беззямельны шляхціч, у 1835 г. заснаваў ткацкую фабрыку. У папярэднія ж 100 гадоў дзяды і прадзеды Каліноўскіх жылі ва ўласным маёнтку Калінава пад Бранскам — таксама на Беласточчыне. 

А Беласточчына — гэта спрадвечная беларуская зямля, якую бальшавікі двойчы аддалі Польшчы. У 1920 г. — Ленін, у 1945 г. — Сталін.

Паглядзіце на карты Родэрыха фон Эркерта (1863 г.), Аляксандра Рыціха (1875 г.), Яўхіма Карскага (1903 г.), Мітрафана Доўнар-Запольскага (1919 г.) — на ўсіх Беласточчына паказаная як тэрыторыя беларускага этнасу. (Дарэчы, Эркерт быў нямецкім афіцэрам-картографам, а Рыціх — афіцэрам расійскага Генеральнага штаба, аднак яны паказалі Беласточчыну як зямлю беларусаў!)

Потым сям’я Каліноўскіх пераехала у Якушоўку, што ў Ваўкавыскім павеце. Тут Кастусь 5 гадоў (1837–1842) вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, пераўтворанай у павятовае вучылішча. Заўважце: не у польскі павет ад’ехала сям’я, а ў беларускі. 

Под кроўю сёння разумеюць генетыку. Продкі Кастуся былі літоўскай (у сучасным разуменні — беларускай) шляхтай герба “Калінава”. Не жамойцкай і не польскай, бо жылі пад Бранскам — на беларускай зямлі.

А ўсе тыя шляхцічы называлі сябе “шляхтай польскай пахадзэння літэўскего”. Дарэчы, Кастусь ніколі не называў сябе палякам, а вось ліцвінам — часта.

Інакш кажучы, і па крыві ён быў беларус.

Трэці закон — мова. Кастусь жыў сярод беларусаў, таму з дзяцінства валодаў беларускай мовай. Калі вучыўся, засвоіў яшчэ польскую і рускую.

Сваю “Мужыцкую праўду” ён выдаваў на беларускай мове. Некаторыя кажуць: тое быў хітрык. Маўляў, Каліноўскі намагаўся выглядаць сябрам мужыкоў, таму і пісаў “агіткі” на мужыцкай мове. Што ж, цалкам магчыма.

Аднак на якой мове ён напісаў “Пісьмы з-пад шыбеніцы”, калі смерць ужо трымала яго за горла? Таксама па-беларуску. Гэтую споведзь перад суайчыннікамі і духоўны тэстамент Кастусь пісаў менавіта на роднай мове.

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыве ў шчасці, жыві ў свабодзе.

І часам спамяні пра Яську твайго,

Што згінуў за праўду для дабра твайго.

 

А калі слова пяройдзе у дзела,

Тагды за праўду станавіся смела,

Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

 

Няўжо гэта зварот да палякаў? Няўжо Ясь — польскае імя?!

Таму мая выснова адназначная: Каліноўскі быў беларус, у паняццях яго часу — ліцвін. А паляк ён выключна для ворагаў незалежнай Беларусі.

 

Каліноўскі марыў аб тым, што “вольны” беларускі народ будзе жыць у сваёй уласнай дзяржаве. Што гэта за дзяржава?

Галоўнай ідэяй паўстанцаў у Заходнім краі Расійскай Імперыі было адраджэнне Рэчы Паспалітай. Аднак не ў выглядзе ўнітарнай дзяржавы, як тое абвясціла Канстытуцыя 1791 г., а як федэрацыі Польшчы, Літвы і Русі.

Зразумела, што ў гэтым яны супярэчылі Варшаўскаму ЦНК, чальцы якога марылі пра адраджэнне Рэчы Паспалітай менавіта як польскай дзяржавы. Каліноўскі добра бачыў гэты “падводны камень” і таму не выстаўляў ідэю аўтаноміі на першы план. Ён лічыў, што спачатку трэба перамагчы царызм і справядліва падзяліць зямлю, а ўжо потым займацца будаваннем уласнай дзяржаўнасці.

А перамагчы царызм паўстанцы спадзяваліся з дапамогай Вялікабрытаніі і Францыі, бо разумелі, што без іх узброенай інтэрвенцыі яны прайграюць. І сапраўды, французскі імператар Напалеон III (1852–1870 гг.) жадаў яшчэ раз даць Расіі пад дых, як тое было ў 1854–1856 гг. падчас Крымскай вайны. Аднак брытанскі ўрад на чале з Джонам Палмерстанам (прэм’ерам у 1859–1865 гг.) вырашыў абмежавацца дыпламатычным ціскам, на які царскі ўрад “пляваў з высокай вежы”. 

Сведчанні паплечнікаў Кастуся (Баляслава Ліманоўскага, Якуба Гейштара, Валерыя Урублеўскага, Зыгмунта Чаховіча ды іншых), а таксама царскага генерала Васіля Ратча, афіцыйнага даследчыка паўстання, не дазваляюць сумнявацца ў тым, што мэтай Каліноўскага і Літоўскага правінцыяльнага камітэта было стварэнне суверэннай дзяржавы ў межах ВКЛ 1772 г. (Заходняй і Усходняй Беларусі, Жамойці, Інфлянтаў). Напрыклад, генерал Ратч, які асабіста гутарыў з Каліноўскім у турме, пісаў:

“Константин Калиновский с настроением герценовской школы, во главе честолюбивейших личностей из красных литвинов настойчиво проводил идею о самостоятельности Литвы”.

Ратч таксама паведаміў, што на допытах паўстанцы паказалі: у гутарках з імі Каліноўскі неаднаразова казаў, што ў “новай Рэчы Паспалітай” Літва (Беларусь) павінна мець самакіраванне і ўсе атрыбуты дзяржавы, як старажытнае Вялікае Княства Літоўскае. А Якуб Гейштар пісаў у сваіх мемуарах пра Каліноўскага:

“Предан душой и сердцем народу, однако сторонник крайних революционных теорий, который не останавливался даже перед развязыванием гражданской войны и думал к тому же о самостоятельности Литвы”.

Нагадаю ў гэтай сувязі, што на працягу 50 гадоў пасля Каліноўскага барацьбіты за беларускае нацыянальнае адраджэнне не ішлі далей ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе будучай Расійскай Рэспублікі. Нават у сакавіку 1918 г. лік прыхільнікаў аўтаноміі і поўнай незалежнасці заставаўся амаль роўным.

 

З кім сябраваў Каліноўскі, хто аказваў уплыў на яго?

Па-першае, гэта кола ягоных сяброў падчас навучання ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце ў 1856–1860 гг. Сярод іх трэба вылучыць афіцэраў расійскай арміі Зыгмунта Серакоўскага (1826–1863) і Яраслава Дамброўскага (1836–1871), кіраўнікоў падпольнага гуртка рэвалюцыянераў – выхадцаў з Заходняга краю.  

Потым яго паплечнікі па рэвалюцыйнай арганізацыі ў Гродзенскай губерні — Фелікс Ражанскі (каля 1835-га — пасля 1903-га), Ільдэфонс Мілевіч (каля 1835-га — пасля 1864-га), Валерый Урублеўскі (1836–1908).

Яшчэ пазней — чальцы Літоўскага правінцыяльнага камітэта, так званыя чырвоныя: Ахіл Банольдзі (1821–1871), Антон Залескі (1824–1885), Баляслаў Длускі (1826–1905), Людвік Звяждоўскі (1829–1864), Зыгмунт Чаховіч (1831–1907), Ян Козел-Паклеўскі (1837–1896), Эдмунд Вярыга (1839–1902).

 

Навошта яму здалося грэка-каталiцтва?

Каліноўскі імкнуўся аб’яднаць незаможную мясцовую шляхту і сялянства на падставе духоўных каштоўнасцяў уніяцкай рэлігіі.

У той час менавіта ўніяцкая царква найбольш адпавядала ідэі сацыяльнай згоды і нацыянальнай кансалідацыі шырокіх мас беларускага насельніцтва, асабліва ў заходняй палове Заходняга краю, дзе яшчэ была жывая памяць пра унію, якую цар Мікалай скасаваў у 1839 г. — за 24 гады да паўстання.

Нагадаю, што ў 1772 г., калі царыца Кацярына Другая ажыццявіла першы падзел Рэчы Паспалітай, праваслаўных у ВКЛ было 6% насельніцтва і жылі яны галоўным чынам ва ўсходніх ваяводствах ВКЛ, тады як уніятаў было ад 65 да 80%!

Усе разумныя і адукаваныя людзі Заходняга краю добра бачылі, што праваслаўная царква абараняе інтарэсы расійскага царызму і што яна з’яўляецца інструментам духоўнага задушэння беларускага сялянства.

Разам з тым Каліноўскі не мог аддаць перавагу каталіцкаму Касцёлу, таму што большасць тутэйшых абшарнікаў была каталіцкага веравызнання, а іх эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы ішлі ўразрэз з марай сялян аб “зямлі і волі”.

Таму выбар уніяцтва як нацыянальнай рэлігіі адпавядаў памкненням сялянства і пашыраў сацыяльную базу паўстання, пры гэтым не супярэчыў ідэі стварэння самастойнай беларускай дзяржавы, няхай сабе ў выглядзе аўтаноміі.

 

Якая матывацыя паўстанцаў рабіла іх здольнымі да самаахвярнасці?

На мой погляд, галоўнай крыніцай матывацыі Каліноўскага і ягоных паплечнікаў была вера ў Божае прызначэнне чалавека падчас часовага зямнога існавання.

Адсюль іх галоўны лозунг, на які сёння ніхто не звяртае ўвагі: “У імя Бога”. Пра значнасць менавіта гэтага лозунга ў матывацыі паўстанцаў сведчаць надпісы на штандарах, змест “Мужыцкай праўды” і “Пісьмаў з-пад шыбеніцы”. Менавіта адсюль іх самаахвярнасць, бо ўсе мучэнні і страты ў зямным жыцці — нішто ў параўнанні з вечным жыццём на тым свеце. 

Вось некалькі цытат з “Мужыцкай праўды”:

“Каб расталкаваць людзям, у чом праўда, я пішу пісьмо, а пісаці буду, як Бог і сумленне кажа…” (№2).

“Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!” (№3).

“Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам свеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных, а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае (№6).

“Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!” (№7).

“Пісьмы з-пад шыбеніцы”:

 “…а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну”.

Можна таксама адзначыць, што ідэі Каліноўскага ды ўсіх “чырвоных” пра сацыяльную роўнасць сялян з іншымі грамадскімі станамі былі падобныя на пазнейшыя ідэі так званага хрысціянскага сацыялізму. Вось яшчэ адно сведчанне генерала Васіля Ратча:

“Он хотел видеть Литву не с восстановленными на новый лад старыми шляхетными традициями, но Литву, которую он мог бы пересоздать с всеобщим уравнением прав и сословий, на новых началах коммунистских бредней, которые проповедываются Герценом и компанией”.

 

«Мужыцкая праўда» — якiя тэмы ў ёй падымалiся?

Усе сем яе нумароў былі разлічаныя на сялян. Таму галоўныя тэмы наступныя:

 — зямля і воля для сялянства: “…вольнасці не такой, якую нам цар хоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробім” (№3);

— неабходнасць узброенай барацьбы сялян за тое, каб атрымаць зямлю і волю: “Мужык, пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе” (№1);

— заклік вяртацца да ўніяцтва, жорсткая крытыка праваслаўя (усе нумары). 

 

Навошта нам зараз патрэбен Калiноўскi?

Для патрыятычнай часткі цяперашняй беларускай моладзі Каліноўскі з’яўляецца культавай асобай, падобны ў гэтым сэнсе на сусветна вядомага рэвалюцыянера Эрнэста “Чэ” Гевару. Аднак Каліноўскі жыў і загінуў на 100 гадоў раней за Гевару.

Гэты малады шляхціч марыў пра адраджэнне суверэннай беларускай дзяржавы і пра сацыяльную роўнасць усіх станаў яе насельніцтва і аддаў жыццё ў барацьбе за сваю мару, застаўшыся непахісным да апошняй хвіліны! Сёння нам вельмі не хапае такіх асоб сярод сучаснікаў, адсюль і цікавасць да Кастуся Каліноўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.