"Дата генератар": 18 лістапада 1700 года — бітва пад Алькенікамі

"Дата генератар": 18 лістапада 1700 года — бітва пад Алькенікамі

У выніку цяжкіх выпрабаванняў сярэдзіны XVII ст. (Хмяльніччына ў 1648–1653 гг., агрэсія Масковіі ў 1654–1667 гг.) сапраўдными гаспадарамі жыцця ў ВКЛ сталі магнаты. Мы ведаем больш за 40 магнацкіх родаў. Пад канец XVII стагоддзя найбольш магутнымі сярод іх былі Радзівілы, Сапегі і Пацы.

Род Сапегаў меў дзве лініі: чарэйска-ружанскую і коданьскую. Разам ім належалі 28 гарадоў ды мястэчак, сотні вёсак, яны рэгулярна атрымлівалі ў пажыццёвае карыстанне дзяржаўныя маёнткі (староствы). У іх былі свае замкі ды крэпасці з гарнізонамі, сваё войска з артылерыяй.

У апошняй чвэрці XVII стагоддзя кароль Ян III Сабескі (ён гаспадарыў у 1674–1696 гг.) намагаўся супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў (бо Пацы былі прыхільнікамі Аўстрыі, а Сабескі пад уплывам жонкі — прыхільнікам Францыі). З гэтай мэтай ён пачаў прызначаць на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады Сапегаў. Праз падтрымку караля магутнасць Сапегаў перасягнула ўсе магчымыя межы!

Аднак хутка ўзнікла і ўсё больш пашыралася незадаволенасць шляхты ўсеўладствам ды злоўжываннямі Сапегаў. Тым часам кароль памёр 17 чэрвеня 1696 года. У Бярэсці была створана антысапегаўская канфедэрацыя на чале з вялікім харунжым ВКЛ Рыгорам Антоніем Агінскім і падканцлерам берасцейскім Людовікам Пацеем. Барацьба пачалася.

Элекцыйны сойм 1697 года часова прымірыў абодва бакі, аднак у 1698-м канфлікт ператварыўся ў грамадзянскую вайну. Баявыя дзеянні ішлі пераважна ў Жамойці: пад Коўнам, Жыжмарамі, Юрбаркам. Аднак Рыгор Агінскі ўсюды цярпеў паражэнні.

Нарэшце канфедэраты зразумелі, што вайсковых талентаў у яго няма, і абралі сваім гетманам кашталяна віцебскага Міхала Коцела. Той 14 жніўня 1698 года абвясціў паспалітае рушэнне шляхты супраць Сапегаў і здолеў сабраць пад Пузавічамі каля 15 000 ваяроў. А новаабраны кароль Аўгуст II накіраваў на дапамогу ім саксонскую дывізію. Лідары клана Сапегаў — Бенедыкт Павел (1643–1707) і Казімір Ян (1642–1720) — былі вымушаны часова адступіць: у іх было толькі 8 тысяч ваяроў. Аднак тое было часовае зацішша.   

15 кастрычніка 1700 года Бенедыкт Павел Сапега разбіў пад Ашмянамі аддзел шляхты. Але праз месяц, 18 лістапада 1700-га, пад Алькенікамі (гэта мястэчка на поўдзень ад Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж Сапегамі і шляхтай.

Шляхты было больш у тры з паловай разы: 10 тысяч супраць 3,3 тысячы. Сапегаўскае войска было значна лепшым за шляхецкае рушэнне: з артылерыяй, з добра намуштраванай пяхотай, з рэйтарскай і татарскай конніцай. Але ў яго не было добрага правадыра. На чале войска стаялі Бенедыкт Павел, Казімір Ян і яго сын Міхал Францішак. Іхныя вайсковыя таленты былі “ніжэйшыя за плінтус”. А канфедэратаў узначальваў 20-гадовы Міхал Вішнявецкі, унук славутага Ярэмы Вішнявецкага.

Бітва пачалася з сутыкнення пешых ваяроў у цэнтры поля. Сапегаўцы паціснулі ворагаў назад. Аднак Рыгор Агінскі ў той самы час са сваім конным загонам рухаўся ўбок, каб падысці да сапегаўскага войска ззаду. Пабачыўшы пагрозу атачэння, Бенедыкт Павел, Казімір Ян і некаторыя іншыя камандзіры войска Сапегаў уцяклі з поля бою. Зразумеўшы гэта, частка сапегаўскіх жаўнераў вырашыла, што паміраць за такіх камандзіраў няма дурных, і таксама пабегла. Канфедэраты перамаглі астатніх і схапілі параненага Міхала Францішка, якога наступным днём забілі.

Час панавання Сапегаў скончыўся. Ужо 24 лістапада ў Алькеніках быў падпісаны дакумент, згодна з якім клан страціў усе дзяржаўныя пасады і прывілеі. Некаторыя з Сапегаў былі вымушаныя ўцячы ў Прусію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі