ДАІ пра затор на Пушкінскай: "Нашы супрацоўнікі лятаць не ўмеюць"

ДАІ пра затор на Пушкінскай: "Нашы супрацоўнікі лятаць не ўмеюць"

Вечар 29 студзеня, частка Мінска стаіць у корку: на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна зламаўся святлафор. Затор расцягваецца на кіламетры, а мясцовыя відэаблогеры здымаюць яго з балконаў прылеглых дамоў. Адно з самых частых пытанняў блогераў: "Дзе ДАІ?". Па іх словах, рэгуліроўшчык з'яўляецца на месцы здарэння толькі праз дзве гадзіны.

У ДАІ Мінска кажуць, што гэта хлусня. Па словах начальніка аддзела агітацыі і прапаганды Сяргея Зараніка, на Пушкінскую былі накіраваныя два экіпажы, але дабрацца туды з-за затору было праблематычна:


"Супрацоўнік ДАІ лятаць не ўмее. Калі маецца заторавая сітуацыя — як яму туды патрапіць? Рознымі спробамі — недзе праз дваровыя тэрыторыі, праз праезды — супрацоўнікі ДАІ дабраліся да дадзенага скрыжавання і выконвалі ручное рэгуляванне. Але зразумейце, што немагчыма пры такой колькасці транспарту нармалізаваць рух за дзве хвіліны, як многія гэтага хочуць... У супрацоўнікаў ДАІ няма верталёта для таго, каб аператыўна хутка апусціцца на месца здарэння".


Еўрарадыё: А пешшу?


Сяргей Заранік: А вы бачылі, які затор быў? Вобразна кажучы, чалавеку трэба 10 кіламетраў пешшу ісці?


У прэс-службе мяркуюць, што затору магло не быць, калі б кіроўцы паважалі адзін аднаго і звярталі ўвагу на знакі прыярытэту.

Тым часам у першай палове дня 30 студзеня знакаміты святлафор зноў не працуе: дыспетчарская слубжа спецпрадпрыемства, якое абслугоўвае святлафоры, ліквідуе няспраўнасці кабелю, які выйшаў са строю, што стала прычынай корку. На пытанне Еўрарадыё, чаму рамонтныя працы нельга праводзіць уначы, калі горад пусты, у службе адказваюць шчыра: 


"Звычайна ўначы людзі спяць. У нас таксама жывыя людзі, а не робаты працуюць. Наш працоўны дзень — да 17 гадзін".


Так і жывём: супрацоўнікі ДАІ не лятаюць, а "святлафоршчыкі" — не робаты!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі