Да якіх наступстваў можа прывесці адстаўка прэм'ера Грэцыі?

20 жніўня Алексіс Цыпрас склаў з сябе паўнамоцтвы прэм’ера Грэцыі і аб’явіў пра неабходнасць правесці новыя парламенцкія выбары. Гэта адбылося пасля таго, як у кіраўнічай партыі “Сірыза” пачаў наспяваць раскол. У эфіры мясцовага тэлебачання палітык заявіў:

“Палітычны мандат, атрыманы на выбарах 25 студзеня, вычарпаны, і грэкам неабходна зноў выказацца”.

Цыпрас выступіў у абарону тактыкі свайго ўрада на перамовах з міжнароднымі крэдыторамі, адзначыўшы, што Грэцыя дасягнула максімальна спрыяльных умоў для атрымання новага пакета фінансавай дапамогі. Чакаецца, што новыя парламенцкія выбары пройдуць у Грэцыі 20 верасня.

Патрык Тапароўскі

Палітолаг Польскага інстытута міжнародных спраў Патрык Тапароўскі кажа, што адстаўка Цыпраса — зусім не сюрпрыз: за 7 месяцаў працы ён кардынальна змяніў партыйны курс. Вядома, такія крокі патрабуюць легітымізацыі. Да таго ж “паўстанне” ва ўласнай партыі патрабуе пэўных рашучых дзеянняў.

“Чалавек, які страціў свой палітычны аўтарытэт, не можа быць кіраўніком урада. І, па словах самога ж Цыпраса, новыя выбары пакажуць, ці падтрымае насельніцтва яго дзеянні", — кажа эксперт.

Тапароўскі дадае, што самая галоўная рызыка такой сітуацыі ў тым, што гепалітычна новы ўрад можа скасаваць усе поспехі Цыпраса ў перамовах з крэдыторамі.

“Палітычная сітуацыя ў Грэцыі далёкая ад стабільнасці. Не прайшло і года, а ўрад ужо будзе змяняцца. І яго палітычныя погляды таксама могуць быць цалкам іншымі. Гэтыя працэсы могуць негатыўна паўплываюць на інвестыцыйны клімат Грэцыі і ў выніку ўсёй еўразоны”, — адзначае палітык.

Тым часам на фоне палітычнай нестабільнасці ў краіне таргі на Афінскай фондавай біржы ўвечары 20 жніўня завяршыліся зніжэннем індэкса на 3,5%. А міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's заявіла, што датэрміновыя выбары “патэнцыйна ставяць пад пагрозу далейшае прадстаўленне” Грэцыі траншаў фінансавай дапамогі ад міжнародных крэдытораў, паведамляе AP.

Фота: MARKO DJURICA/REUTERS, pism.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі