Да гурта RockerJoker далучыліся музыкі з "Ляпісаў" і "Серебряной свадьбы"

Выступ пачаўся з таго, што адзін з удзельнікаў калектыву Міхей Насарогаў прапанаваў якой-небудзь смелай дзяўчыне паказаць грудзі. Улічваючы, што гэта быў толькі пачатак канцэрту, то самай смелай аказалася ўдзельніца дуэту "ЭВМ" Юля Шаўчук. Яна адкусіла дула ў шакаладнага рэвальвера і такім чынам быў дадзены старт мерапрыемству.

Музыкі гралі тры аддзяленні прыкладна па 40 хвілін. Калі першае было ў класічным складзе – Міхей Насарогаў ды Макс Сіры, то ў другім дадаўся бубнач, а ў трэцім і трубач. Па словах Макса Сірага, пашырэнне складу гурта стала эксперыментам, да таго ж музыкі папярэдне амаль не рэпетавалі.

Макс Сіры: "Шмат хто казаў, што не дрэнна было б барабаны дадаць, бас, яшчэ што-небудзь. І ёсць такія людзі, як Алег, якога ведаюць па гуртах "Йо-Йо" і "Серебряная свадьба", і Паша Кузюковіч. Яго, зразумела, усе ведаюць па гурце "Ляпіс Трубяцкой". Гэта афігенныя музыкі. Мы не рэпетавалі, але нам хацелася зрабіць усім падарунак, каб трошкі гучней гучаць, і каб быў нейкі новы подых. Мы іх паклікалі, яны пагадзіліся і мы афігелі ад таго, што яны пагадзіліся, і вельмі абрадаваліся".

Ужо пасля выступу Міхей Насарогаў прызнаўся, што эксперымент удалы, і выхад новага, другога па ліку альбома, з-за гэтага затрымаецца.

Міхей Насарогаў: "Я спадзяюся, што выхад нашага другога альбома крыху затрымаецца з-за таго, што мы жадаем яго крыху абагаціць гучаннем. І мы намацалі людзей, якія не супраць узяць удзел. Мы спадзяемся, што другая кружэлка будзе магутнай. Не гучнай, не нахабнай, не дзёрскай, але адназначна больш дарослай і адназначна больш кранальнай. На другой кружэлцы будзе рытм-секцыя, будуць духавыя, магчыма будзе адна песня з жаночым вакалам".

Гэтым разам у "Графіці" быў поўны аншлаг, і на пачатку музыкаў гэта заўважна збянтэжыла. Міхей Насарогаў нават са сцэны прызнаўся, што ён прызвычаіўся бачыць перад сабой 22 чалавекі, якія нешта ядуць, і добра калі адзін з іх усміхаецца.

Міхей Насарогаў: "На самой справе мы заўсёды хвалюемся. Адказнасць нікуды не знікае. Стоадсоткавай упэўненасці, што ты зараз выйдзеш і дасі тое, што трэба, ніколі не бывае. І ты ўсё роўна рабееш, усё роўна ахайнічаеш, усё роўна жадаеш намацаць гэтую нітачку з залей. Каб усталяваўся дыялог, а не просты маналог, маўляў, мы гучней, таму мы і кажам".

Ужо на сярэдзіне выступу сціпласці ў музыкаў не было заўважна. Публіка таксама разагрэлася і пачала танчыць, падпяваць і выходзіць на сцэну з падарункамі для RockerJoker. У выніку канцэртам засталіся задаволеныя абсалютна ўсе прысутныя, але бісу не было, бо напачатку Міхей папрасіў, для сябе такі падарунак.

Наста Шпакоўская і Макс Сіры

Макс Івашын


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі